viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: "У аўтазаку на мяне сеў АМАПавец і крыкнуў: "Глядзіце, якое ў мяне добрае крэселка!"

2020 2020-09-01T17:38:29+0300 2020-09-01T17:38:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vershenia_andrej2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Андрэя Вяршэню брутальна выцягнулі супрацоўнікі АМАП з асабістага аўтамабіля ў ноч з 11 на 12 жніўня недалёка ад ГЦ "Рыга", калі ён падвозіў сваіх сяброў дадому. На працягу ўсёй дарогі ў ІЧУ і пазней яго збівалі зноў і зноў, пакуль Андрэй не стаў губляць прытомнасць. Мужчына распавёў сваю гісторыю затрымання "Вясне".

vershenia_andrej2.jpg
Андрэй Вяршэня

У ноч з 11 на 12 жніўня Андрэй Вершэня падвозіў дадому сяброў на машыне. Мужчыны рухаліся ў бок ГЦ "Рыга", на скрыжаванні быў затор, інспектар ДАІ рэгуляваў рух. Вакол было вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў чорным, але ў іх на спіне было напісана не АМАП, а намаляваны трохкутнік і нумары.

Да машыны на расейскіх нумарах падышлі гэтыя супрацоўнікі ў чорным са зброяй. Сталі выцягваць людзей, даглядаць машыну, нешта шукаць.

"Я разумеў, якая сітуацыя цяпер у краіне, але думаў, што можа шукаюць нейкіх "засланцаў", так скажам, а людзі на расейскіх нумарах, і таму іх вырашылі даглядзець. Людзей з машын сілком выцягвалі, але я чамусьці да канца быў упэўнены, што да нас не падбягуць, і мы паедзем. А нават калі і падбягуць, то нас магчыма проста абшукаюць, нічога не знойдуць падазронага і нас проста адпусцяць", - распавядае Андрэй Вяршэня.

Але да машыны Андрэя ўсё ж такі таксама падышлі сілавікі, наставілі на мужчын зброю, пачалі выцягваць з машыны, загадалі легчы на зямлю, некалькі разоў ударылі. Высветлілі, хто кіроўца, Андрэю сказалі адкрыць багажнік. Таксама дасталі тэлефон, які мужчына пакінуў у машыне, сказалі адкрыць фотагалерэю.

"Я разблакаваў тэлефон, і яны адразу сталі праглядаць змесціва. У гэты час я паказваў багажнік: там быў перфаратар, шурупавёрт і іншыя будаўнічыя інструменты ў чамаданчыках. І адзін з супрацоўнікаў у чорным даставаў гэтыя чамаданчыкі, крычаў на мяне мацюкамі, каб я іх адкрываў.

Наогул усе зносіны былі ў зневажальнай форме: толькі мацюкамі, нармальных слоў практычна не было з іх боку".

У тэлефоне Андрэя Вяршэні знайшлі фота і відэазапісы, зробленыя 9 жніўня недалёка ад Стэлы. Мужчына распавядае, што быў не згодны з вынікамі выбараў і выйшаў на акцыю разам з іншымі людзьмі. Ён бачыў, як выбухаюць светлашумавыя гранаты, зрабіў некалькі фота і відэа, якія засталіся ў тэлефоне.

"Калі яны ўбачылі ў маім тэлефоне фота і відэа, сказалі: "О, усё! Карацей, гэта рэвалюцыянеры!" Пасля гэтага сталі моцна збіваць. Потым паглядзелі ў мой заплечнік, у мяне там ляжаў бінт і перакіс вадароду, таблеткі ад арытміі, і давай крычаць: "Паглядзі, у яго тут бінты, у яго тут цэлая аптэчка, ён упакаваўся!"

Мяне кінулі на зямлю і зноў сталі біць. Потым адцягнулі з праезнай часткі, паклалі на тратуар, адзін супрацоўнік наступіў мне нагой на галаву, двое наступілі на ногі, за спіной зацягнулі сцяжкай рукі, і яшчэ некалькі разоў ударылі - хтосьці біў нагамі, хтосьці дубінкай. Крычалі: "Што табе, жывёла, не падабаецца? Захацелі пераменаў - як вам такія перамены? Колькі вам заплацілі? Хто ваш галоўны?" Гэта значыць, яны былі ўпэўненыя, што мы рэальна "праплачаныя".

Мужчыну пад звязаныя рукі ўставілі дубінку, выкарыстоўваючы яе як рычаг, у сагнутай позе завялі ў аўтазак.  

"У аўтазаку загадалі сесці на кукішкі і не падымаць галаву. Калі падымаеш галаву - адразу б'юць, калі нешта кажаш - адразу б'юць.

Я сеў на кукішкі, зверху на мяне сеў АМАПавец і крыкнуў сваім таварышам: "Глядзіце, якое ў мяне добрае крэселка".

Ён быў вельмі цяжкі, у мяне аж усё захрусцела. Я сказаў, што не магу дыхаць, мне балюча і цяжка. Але ён пачаў левай рукой біць мне ў твар і казаць: "Чаго табе дрэнна? Мне ж добра".

Машына рэзка затармазіла, і ён з мяне зваліўся, потым некалькі разоў ударыў мяне дубінкай і сказаў: "Ты, с*ка, нейкае няўстойлівае крэселка". Пасля гэтага мяне рэзка перавярнулі на жывот, зноў хтосьці наступіў мне на галаву, на ногі і сталі збіваць. Больш за ўсё мяне білі па спіне і ягадзіцах. Білі вельмі доўга, я спачатку толькі ўскрыкваў, а потым проста крычаў ад болю".

На працягу некалькіх хвілін Андрэя Вяршэню збівалі не перастаючы, іншым затрыманым сказалі, каб яны спявалі гімн Беларусі.

"Адзін з АМАПаўцаў пачаў з усёй сілы дубінкай тыкаць мне ў з*дн*цу. Я быў у джынсах і на той момант не ўсведамляў, што адбываецца. Цяпер паслухаўшы, як людзей гвалтавалі дубінкамі, я разумею, што са мной хацелі зрабіць тое ж самае".

Калі машына спынілася, затрыманым сказалі, што зараз яны будуць выбягаць з яе і павінны крычаць фразу: "Я люблю АМАП". Хто не будзе крычаць - будзе атрымліваць дубінкай, хто будзе крычаць гучна – таму нічога не будзе.

"Я выбягаў і крычаў ва ўсё горла, што я люблю АМАП, таму што не хацеў, каб мяне зноў білі. Але мяне ўсё роўна білі. Праганялі праз "калідор" сілавікоў: хтосьці біў нагамі, хтосьці рукамі, хтосьці дубінкамі. І потым я даведаўся, што білі ўсіх не залежна ад таго, крычаў ты што-небудзь ці не. 

Нас перасадзілі ў іншы аўтазак: я трапіў у маленькую камеру з яшчэ пяццю людзьмі. Апошні чалавек не ўмяшчаўся, яго пачалі проста біць дубінкай па нагах, пасля чаго ўціснулі ў камеру, зачыняючы дзверы. Мы былі як селядцы ў банцы: ні паварушыцца ніяк. Я на столі ўбачыў рашотачку і зразумеў, што гэта вентыляцыя. Калі мы паехалі, прыток паветра пайшоў, але для шасцярых чалавек гэтага было недастаткова. У мяне пачало цямнець у вачах, і першы раз я страціў прытомнасць прама там, у гэтым «стакане». Ачнуўся ад таго, што мяне проста выкінулі з аўтазака на асфальт на Акрэсціна і пачалі біць дубінкамі, каб я прыйшоў у сябе. Потым схапілі за рукі, прывялі да плота, усё гэта суправаджалася лаянкай і збіццём, знявагамі і абразамі. Да гэтага мне ўдалося зняць сцяжку, рукі былі вольныя, але мне сказалі стаць на калені, рукі на сцяну, ілбом ўперціся ў плот".

Андрэй Вяршэня дакладна не памятае, колькі часу ён і іншыя затрыманыя так прастаялі, потым іх сталі забіраць на дагляд, прымушаючы перасоўвацца седзячы на кукішках. Мужчыне адбілі ягадзіцы і паясніцу, адну нагу ён ужо не адчуваў.

"Калі я спрабаваў перамяшчацца на кукішках - я некалькі разоў падаў. Потым спрабаваў паўзці на каленях, мяне білі дубінкай па спіне, таму што я павольна поўз. Хтосьці схапіў мяне за каўнер і пацягнуў па зямлі, сказалі стаць каля сцяны. Да нас падыходзіла нейкая жанчына, пыталася прозвішча, месца працы. У мяне зноў стала цямнець у вачах, я пачаў губляць прытомнасць. Апрытомеў ад таго, што мясцовы медык падносіў да носа нашатыр. Я сядзеў у прастрацыі, пыталіся, якія ёсць захворванне, я сказаў, што ў мяне мігацельная арытмія, што я п'ю таблеткі, што мне дрэнна. Патрэбных мне таблетак у іх не аказалася, мне дазволілі пасядзець на зямлі.

І я чуў нечалавечыя крыкі ўнутры будынка ІЧУ, ёкат, удары дубінак. Спачатку гэтыя крыкі былі моцныя, потым сціхалі, там было проста пекла".

Андрэя Вяршэню званітавала, ён зноў страціў прытомнасць. Яго перанеслі ў іншае месца, дзе ляжалі затрыманыя, якія не маглі хадзіць і нават варушыцца.

"Прыехала хуткая, мяне пад рукі зацягнулі ў яе, нага боўталася як вяроўка. Даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, там паставілі дыягназ: ЧМТ сярэдняй ступені цяжкасці, тупая траўма жывата, шырокія гематомы ягадзіц і спіны. На УГД былі выяўленыя крывяныя ўтварэнні каля сцегнавой артэрыі".

vershenia_andrej3.jpg

vershenia_andrej5.jpg

Мужчына знаходзіцца на лячэнні ў стацыянары, яго машына на штраф-стаянцы з умяцінай на пасажырскай дзверцы і пабітым лабавым шклом.

"Я ніколі не мог уявіць, што буду шарахацца ад любога чалавека ў форме. У мяне да гэтага моманту стаўленне да міліцыянтаў было нейтральным. Цяпер любы чалавек у форме выклікае ў мяне страх і агіду".

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Сведчаць пацярпелыя. Бармэн з Зыбіцкай – пра трое сутак на Акрэсціна

Бармэна Руслана аднаго з бара на вуліцы Зыбіцкай Мінска затрымалі 13 жніўня ў дзве гадзіны ночы, калі ён вяртаўся з працы дадому. Наступныя трое сутак ён правёў на Акрэсціна. Руслан распавёў "Вясне", што адбывалася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 13 па 16 жніўня.

За белую стужку разбілі нос і машыну. Сведчаць пацярпелыя

31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.

"Давайце яго адвядзем у аўтазак, хай хлопцы пазабаўляюцца". Сведчаць пацярпелыя

21-гадовага мінчука Якава Сухнату затрымалі позна ўвечары 11 жніўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным недалёка ад станцыі метро Уручча, калі ён вяртаўся дадому. Цяпер Якаў пасля жорсткага затрымання, і некалькіх сутак знаходжання на Акрэсціна і ЛПП пад Слуцкам знаходзіцца на лячэнні ў мінскай бальніцы. Хлопец распавёў "Вясне", што з ім адбылося ўвечары 11 жніўня і, што адбывалася наступныя дні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства