За белую стужку разбілі нос і машыну. Сведчаць пацярпелыя Фота Відэа
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.
"ДАІшнік проста кідае ў машыну гумовую дубінку"
Мікалай распавядае, што ён з сябрамі ўвечары 11 жніўня вяртаўся дадому па вуліцы Пляханава. Але дадому ў той вечар мужчына так і не даехаў.
«На Пляханава была вялікая колькасць АМАПа, арміі, аўтазакаў. Мы спыніліся на скрыжаванні на святлафоры. І адзін з АМАПаўцаў, які стаяў на "сустрэчцы", убачыў у мяне на руцэ белую стужку. Я заўважыў, як па ланцужку гэтая інфармацыя праз два-тры чалавекі дайшла да ДАІшніка, які стаяў у цэнтры скрыжавання. Ён страпянуўся, адразу паказаў на маю машыну, каб я з'язджаў на абочыну.
Я ўжо зразумеў, што гэты ланцужок відавочна не проста так прайшоў. Я пачаў павольна рухацца направа, куды ён мне паказаў. І мы ўбачылі, што з боку АМАПу да нас ішлі шэсць чалавек. Гэта былі канкрэтна "касманаўты": са шчытамі, ва ўсім абмундзіраванні. Кажу людзям, якія былі са мной у машыне: "Рабяты, нам трэба спрабаваць уцякаць. Хутчэй за ўсё, нас зараз возьмуць, прычым вельмі жорстка".
Я ўключаю першую перадачу, ДАІшнік бяжыць мне наперарэз, але не дабягае да мяне метра два-тры, і проста кідае ў машыну гумовую дубінку. За намі едзе машына ДАІ. Мы спыніліся за скрыжаваннем. Рабяты хутка з машыны выкінуліся.
Тут жа побач са мной спыняецца машына ДАІ, з яе выбягае ДАІшнік і пачынае збіваць мяне дубінкай. Потым выходзіць другі і таксама пачынае біць мяне нагамі, дубінкай. Кажа: "Выходзь". Адказваю: "Спакойна, спакойна, не біце, дайце выйсці. Я ж як толькі пачынаю выходзіць, вы адразу пачынаеце біць". Гэта ўсё адбывалася вельмі хутка, секундаў 5-7.
"У капоце застаўся след ад нажа, якім яны прабівалі шыны"
Потым пад'ехаў аўтобус з АМАПам. У агульнай складанасці, мяне ўжо восем чалавек білі каля аўтамабіля. З іх двое былі ў форме ДАІшнікаў, але ў бронекамізэльках. Б'юць-б'юць-б'юць, кажуць: «Чаго ты не спыняешся, задавіць яго хацеў?» Кажу: «З розуму ці што сышлі, я аб'язджаў яго, я чалавек зусім мірны».
Падышлі яшчэ АМАПаўцы, пачалі біць нагамі і дубінкамі. Паламалі нос прама ў машыне. Адзін сілавік стаяў каля дзвярэй кіроўцы і біў мяне дзвярыма маёй жа машыны. Гэта былі людзі ў масках, у касках і са шчытамі, у чорнай форме. Я мяркую, што гэта быў АМАП. Ніхто не прадстаўляўся, ніколі. Яны разбілі ўсе шыбы ў машыне, усе фары, пракалолі ўсе колы. І ў мяне ў капоце яшчэ застаўся след ад нажа, якім яны прабівалі шыны.
"Тэлефон разбілі парай удараў дубінкі"
Зацягнулі мяне ў гэты бус, а ў мяне кроў хвастае. У гэты час падышоў да мяне адзін з сілавікоў і пачаў тыкаць у мяне тэлефонам: "Гавары код". Я пачаў аднеквацца, маўляў, гэта не мой тэлефон. Яны пачалі біць дубінкай па галаве, нагамі. Дастаткова доўга білі. Мой тэлефон разбілі парай удараў дубінкі. Пакуль везлі да аўтазака ў бусе, збівалі таксама.
"Прымушалі некаторых спяваць "Мы ждем перемен""
Аўтазак быў адкрытага тыпу, відавочна не для затрыманых, хутчэй за ўсё для перавозкі АМАПу. Там стаяла на каленях на падлозе каля 15 хлопцаў. І дзве дзяўчыны сядзелі. АМАПаўцаў было, напэўна, пяцёра ўнутры. Мяне чамусьці пасадзілі. У мяне ішла кроў, можа быць, з-за гэтага не тварам уніз паклалі. Але сказалі галаву не падымаць вышэй. Мабыць, каб іх не ўбачыў і не пазнаў.
Размаўлялі вельмі груба з дзяўчатамі. Мацюкаліся на іх, казалі: "Чаго вы сюды прыперліся, зараз мы вам уладкуем добрае жыццё". Дзяўчынкі паводзілі сябе досыць спакойна, упэўнена. Іх не білі. Прынамсі, пры нас.
Як аказалася, нас перагружалі на стэле "Мінск-горад-герой" з аўтазака ў аўтазак. Пакуль мы ехалі, пастаянна збівалі. Пыталіся, ці хочаш ты пераменаў, навошта людзей душыш. Прымушалі некаторых спяваць "Мы ждем перемен". Казалі назваць трэці радок гімна. Збівалі чалавека, ён казаў: "Я не ведаю гімна". Гэта быў, вядома, роў з яго боку. Казалі: «У вас жонкі дома недакаханыя (у форме лаянкі) чакаюць, а вы тут фігнёй займаецеся». Усё гэта суправаджалася ўдарамі дубінак. Я памятаю, да мяне хтосьці падыходзіць, нешта пытаецца, я спрабую адказваць – ён з нагі проста ўдарае, я ўдараюся аб парэнчы (за імі стаялі іх шчыты), і ў мяне пачынае з вушэй кроў ісці. Так было некалькі разоў. Рукамі білі таксама.
У АМАПаўцаў паміж сабой была нейкіая дзіўная мова, я ніколі раней такога не чуў. Я потым спрабаваў успомніць, чым так моцна вылучалася іх гаворка, але да гэтага часу не ведаю. Памятаю, мяне вельмі здзівіла, што яны размаўлялі на чыстай рускай мове. Не было ніякага акцэнту беларускага ні ў каго. Усе АМАПаўцы вельмі моцна былі ўзбуджаныя. Усе затрыманыя абсалютна спакойна ляжалі, але гэтыя людзі не былі спакойныя.
"Вы ў счэпку станеце, аднаму чалавеку па галаве дубінай дасі, ён свядомасць губляе – і ўсё, ваша счэпка сыплецца"
Калі мы ўжо прыехалі да стэлы, кожнага чалавека, калі перагружалі, моцна вельмі білі дубінкамі. Потым аднаго мужчыну паставілі на калені, двое АМАПаўцаў пачалі дубінкай яму біць па копчыку. Натуральна ламаць копчык. Мужчыну было дастаткова шмат гадоў, ён быў ужо лысавыты. І ён плакаў проста як пяцігадовае дзіця і казаў: "Не біце мяне, калі ласка, я абкакаўся".
Потым адзін чалавек кажа: "Дзе тут кіроўца?" На мяне паказваюць пальцам. "Ну-ка выцягнеце яго для прафілактыкі, для гутаркі". Адзін АМАПавец сядзеў унутры гэтага аўтазака і з вялікай цікавасцю глядзеў відавочна не свой тэлефон, мабыць, чытаў апазіцыйныя телеграм-каналы, усміхаўся. Відаць было, што яму шчыра цікава. Па дарозе яны смяяліся, казалі: "Вы ў счэпку станеце, аднаму чалавеку па галаве дубінай дасі, ён свядомасць губляе – і ўсё, вашая счэпка сыплецца". І гэты АМАПавец з тэлефонам за мяне заступіўся, сказаў: "Хопіць".
У аўтазаку мяне прымушалі выціраць майкай падлогу – лужына крыві такая была.
"Калі я сказаў слова "пацыфіст", яны як быццам усе завіслі"
Калі нас прывезлі, на мяне паказалі і сказалі: "Ён выходзіць апошні". Я зразумеў у той момант, што гэта верагоднасць, што я наогул адсюль не выйду. Калі ўсіх вывелі з аўтазака, то зайшлі яшчэ тры АМАПаўцы. Адзін з іх камандзір відавочна: ён быў старэйшы за ўсіх, з маршчынамі, гадоў пад 40. У яго быў чысты ясны погляд, і ён быў спакойны. Ён на мяне глядзіць і кажа: што, маўляў, людзей душыш. Кажу: "Хлопцы, па-першае, пашкадуйце мяне, у мяне трое дзяцей, па-другое, я яго аб'язджаў, я яго нават не зачапіў, і вы гэта выдатна ведаеце. І наогул, хлопцы, я па жыцці пацыфіст. Я ні разу ў жыцці не біўся". І вось калі я сказаў гэта слова «пацыфіст», яны як быццам усе завіслі. У гэты момант атмасфера ў аўтазаку рэзка змянілася. Я не ведаю, што адбылося, але гэты камандзір на мяне паглядзеў і кажа: "Ты нават сабе не ўяўляеш, як табе пашанцавала сёння. Выхадзі». Я выйшаў з аўтазака і мяне ні разу ніхто не ўдарыў. Але стаяў ланцужок амапаўцаў на вуліцы, і яны лупілі. Ад кожнага трэцяга я атрымліваў. Цэлілі ў пахвіну нагамі, дубінкамі.
Калі нас перагружалі, стаяў АМАПавец невялікага росту, са стрэльбай, папраўляў маску – вельмі баяўся, каб я яго не пазнаў. Можа, ён мяне пазнаў. І ён у мяне пытаецца: "Балюча?" Я кажу: "Балюча, але не страшна".
"Нічога, не памрэ. Хутка прыедзем, хай пацерпіць"
Ужо другі аўтазак быў канкрэтна для зняволеных. Нас змясцілі ў адно з аддзяленняў адразу восем чалавек. Адзін з іх быў п'яны, казаў: "Адпусціце мяне, я выйшаў за півам. Чаго вы хочаце?" Потым мы яшчэ кудысьці пад'ехалі, і да нас дадалі яшчэ чалавек пяць. Адзін мужчына губляў прытомнасць пастаянна – не хапала паветра. Мы казалі: "Дайце хоць што-небудзь, яму дрэнна!" Адказвалі: "Нічога, не памрэ. Хутка прыедзем, хай пацерпіць".
У аўтазаку нас сядзела чалавек шэсць, усе астатнія стаялі. Не казалі, куды ехалі. Але перад ад'ездам, калі да нас пасадзілі яшчэ пяць чалавек, прымушалі выходзіць кожнага з аддзялення і кідаць на падлогу перад сабой усё, што было ў кішэнях. У мяне з сабой былі толькі ключы ад аўтамабіля. Я разумеў, што трэба выходзіць у першых шэрагах, таму што там якасць людзей з меркаванага АМАПу моцна адрознівалася. Былі больш-менш адэкватныя людзі, якія цябе проста абшукваюць і адпускаюць, а ёсць якія цябе абшукваюць і збіваюць. Мне ў чарговы раз пашанцавала. Але наступнага за мной ужо моцна збівалі. Як яны выбіралі, я не ведаю.
"Хто гучней за ўсіх будзе спяваць гімн Рэспублікі Беларусь, той менш за ўсі-х атрымае п**ды"
Прывезлі на Акрэсціна. Адчыняюцца дзверы, і крычыць АМАПавец: "Хто гучней за ўсіх цяпер будзе спяваць гімн Рэспублікі Беларусь, той менш за ўсіх атрымае п**ды". Але гэта зусім не дапамагала. Усе адграбалі абсалютна аднолькава. Гэта быў, напэўна, самы зверскі дзень. У той калоне спрабаваў ударыць кожны з кожнага боку. У той момант была адна думка: табе трэба як мага хутчэй гэта прайсці. Дубінкамі, нагамі білі, а вось кулакамі не білі. Бяжым праз гэтую калону, у канцы яе стаіць чалавек, які кажа: "Усё, стаяць тут". Стаіш. Яны адразу: "На калені". Гэта быў двор ІЧУ. Мы ляжалі на зямлі: лоб і нос у цябе на зямлі знаходзяцца, рукі за спіной. Так ляжалі гадзіну, можа, дзве.
"Людзей па ланцужку выводзілі, ставілі да сценкі, абшуквалі і моцна збівалі"
Кагосьці яны вельмі моцна збівалі, прычым у гэтым не было логікі. Лагічна было б збіваць мяне да паўсмерці, таму што я нібыта кагосьці там хацеў задушыць. Але па выніку яны ўвесь час казалі: "Будзеш яшчэ людзей давіць?» Мяне там ударылі адзін раз. А астатніх разы па тры.
Нас апыталі. Ішла дзяўчына, тыкала ручкай у спіну: «Прозвішча, імя, дата нараджэння, месца працы". Перада мной быў мужчына з "Беларуснафты", памочнік бурыльшчыка. У яго адзінага спытала: "Якая ў цябе зарплата?" Калі ён сказаў, што тры тысячы беларускіх рублёў, то тая адказала: "І што, табе мала, сука?" Хлопец гэты адказвае: "Я выйшаў з пад'езда, вы мяне ўзялі, калі я паліў. Што вы ад мяне хочаце?" У гэты час я краем вока бачыў, што людзей па ланцужку выводзілі, ставілі да сценкі, абшуквалі і моцна збівалі. Я не паспеў да гэтага дайсці.
"Ударыў мяне дубінкай па галаве. Я страціў прытомнасць"
У мяне быў зламаны нос, кроў не спынялася. У гэтым становішчы ўся кроў прылівала да галавы. Я травы нейкай пад нагамі напхаў сабе ў ноздры, каб хоць неяк спыніць кроў. Дапамагло хвілін на 10 толькі. Я ў нейкі момант зразумеў, што пачынаю губляць прытомнасць: рэзкі жар у галаву ўдарыў і пачало закладваць вушы. Зразумеў, што калі цяпер не выпрастаўлюся, то ўсё. Кажу: "Хлопцы, мне вельмі дрэнна, я зараз страчу прытомнасць".
На Акрэсціна былі два тыпы людзей: з ІЧУ, і з АМАПу. Хлопцы з ІЧУ казалі: "Добра, памяняй становішча, прыхініся да халоднага". Калі я прыхінаўся да трубы, то мне сапраўды станавілася лягчэй, але ненадоўга. Прыходзіць АМАПавец: "Прыняць зыходнае". І так было некалькі разоў. У чарговы раз я разумею, што мне настолькі дрэнна, што мне ўжо абсалютна ўсё роўна, дабівайце мяне. Мясцовыя пасадзілі мяне, кажуць: "Супакойся, усё нармальна". Потым ішоў АМАПавец: "Не закочвай сцэны". Я кажу: "Я нічога рабіць не буду..." Ён ударыў мяне дубінкай па галаве. Я страціў прытомнасць.
"Прывядзі яго ў свядомасць і назад да мяне сюды"
Ачуўся я ўжо ў "хуткай". З вушэй і носа ў мяне ішла кроў, увесь твар быў чорны ад запечанай крыві. Побач ляжаў хлопец, у якога была прастрэленая галава і нага гумовымі кулямі. Ён быў таксама ў паўсвядомасці. Чую размову АМАПаўца з дзяўчынай з «хуткай». Яна кажа: "Я яго забіраю. У яго зламаны нос, у яго башка ўся адбітая, ён у вас цяпер тут памрэ, вам гэта трэба?" А АМАПавец кажа: "Прывядзі яго ў прытомнасць і назад да мяне сюды". Яна: "Не, гэта злачынства з майго боку. Я на гэта не пайду". То бок яна мяне рэальна адбіла.
Наклалі мне шыну на руку адразу, таму што абараняўся левай рукой, яна апухла моцна – я быў упэўнены, што пералом, але ўсё абышлося. На выездзе зноў адкрываецца дзверы: «Можа, усё-такі застанецеся?» Не ведаю, ці то гэта быў жарт, ці то што. І кажа: "Прозвішча, імя, год нараджэння?" Я называю. Яны нас выкрэсліваюць са спісаў і кажуць: «Спадзяюся, мы з вамі больш не ўбачымся».
"Можна, я цябе сфатаграфую, таму што людзі не вераць"
Нас прывезлі ў Бараўляны. Адразу мяне аглядаў хірург, а потым яшчэ лекары. Адзін падымае, глядзіць маю спіну і кажа: "Ахрэнець". Кажа: "Можна, я цябе сфатаграфую, таму што людзі не вераць". Потым мне паказаў гэтае фота, а там проста палка на палцы, і толькі пара белых трыкутнікаў, куды не траплялі ўдары".
Мікалаю дыягнаставалі шматлікія пашкоджанні, у тым ліку галавы, закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Як распавядае мужчына, яму вельмі страшна было вяртацца на Акрэсціна за рэчамі:
"Я думаў, што цяпер я зайду, а яны такія: "А, дык гэта ты, а ну-ка ідзі сюды..." Але падумаў, што калі тады не забілі, то цяпер ужо дакладна не заб'юць. Калі прыйшоў, убачыў тое месца, дзе я ляжаў – сваю лужыну крыві на асфальце. Хоць і прайшло тры дні пасля таго, але яе ніхто не прыбраў дагэтуль".
Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:
Пры жорсткім разгоне сілавікі зламалі руку, а потым ноч трымалі на Акрэсціна. Мінчук – пра ноч з 10 на 11 жніўня
Сведчаць пацярпелыя: "На галаву вылілі белую фарбу. Гэта як метка — білі мяне мацней”
Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"
Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры
"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя
“Ты за Ціханоўскую?" — і білі ў плечы, у ногі. Сведчаць пацярпелыя