Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Арышт і нават пазбаўленне волі – наступствы парушэння ўмоў самаізаляцыі

2020 2020-08-26T14:36:56+0300 2020-08-26T14:38:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/covid_samoizo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка прааналізаваў палажэнні Пастановы Саўміна "Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства" у сувязі з іншымі заканадаўчымі актамі і практыкай іх прымянення.

Каранавірус і яго распаўсюд запатрабаваў не толькі пашырэння пераліку захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, інфекцыяй, выкліканай каранавірусам COVID-19, але і пашырэнне пераліку абмежавальных мераў, якіх раней было дзве: каранцін і абсервацыя.

Пастановай Савета Міністраў ад 8 красавіка 2020 г. № 208 "Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства" вызначана новая мера – самаізаляцыя. Згодна з дакументам, самаізаляцыя – сістэма мерапрыемстваў, якія забяспечваюць ізаляцыю (у хатніх ці іншых умовах) асобаў, якія прыбылі з эпідэмічна небяспечных краін, альбо асобаў, якія мелі або маглі мець кантакты з асобамі, што маюць інфекцыйныя захворванні, і (або) асобамі – носьбітамі ўзбуджальнікаў такіх інфекцыйных захворванняў, і (або) асобамі, якія знаходзяцца ў стадыі выздараўлення пасля перанесеных інфекцыйных захворванняў.

Самаізаляцыі падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства:

  • якія маюць інфекцыю COVID-19;
  • якія адносяцца да кантактаў:

    • першага ўзроўню з асобамі, што маюць інфекцыю COVID-19, – на працягу 14 каляндарных дзён з даты апошняга кантакту;
    • другога ўзроўню з асобамі, што маюць інфекцыю COVID-19, пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў – на перыяд наяўнасці названых сімптомаў;
  • якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь з краін, дзе рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19 (далей – прыбылыя асобы), на працягу 14 каляндарных дзён з дня прыбыцця ў Рэспубліку Беларусь.

Факт наяўнасці ў грамадзяніна кантакту і яго ўзровень павінны быць пацверджаны службовымі асобамі органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кіраванне дзейнасцю ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

Тэрміны знаходжання грамадзянаў у самаізаляцыі могуць быць прадоўжаны па рашэнні арганізацыі аховы здароўя, якая ажыццяўляе медыцынскае назіранне за грамадзянінам.

Для самаізаляваных ўведзеныя абмежаванні:

  • не пакідаць месца пражывання (знаходжання), у тым ліку не наведваць месцы працы (вучобы), аб'екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей, за выключэннем наступных выпадкаў крайняй неабходнасці:

    • наведванне бліжэйшых харчовай крамы або аптэкі для набыцця неабходных тавараў;
    • вынас бытавых адходаў у бліжэйшае месца збору адходаў;
  • пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці выкарыстоўваць маску, не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі;
  • паведаміць наймальніку аб прычыне адсутнасці на працы;
  • выключаць карыстанне паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці;
  • у выпадку пагаршэння стану здароўя (павышэнне тэмпературы цела да 37°C і вышэй, з'яўленне кашлю, дыхавіцы) звярнуцца ў хуткую медыцынскую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіўшы SMS-паведамленне, паведаміўшы пры гэтым пра знаходжанне ў самаізаляцыі.

Парушэнне патрабаванняў аб самаізаляцыі, устаноўленых пастановай, цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. У прыватнасці, адна з мераў адказнасці ўказаная непасрэдна ў акце: у выпадку парушэння грамадзянінам патрабавання аб самаізаляцыі дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца ў памеры 50 працэнтаў ад дапамогі, налічанай ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Указаная пастанова ўступіла ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і будзе дзейнічаць да асобага рашэння ўрада Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што ўстанаўленне такога абсалютна нявызначанага тэрміну дзеяння нарматыўнага акта не адказвае прынцыпам прававой пэўнасці і з'яўляецца недапушчальным, паколькі закранае канстытуцыйныя правы грамадзянаў.

Акрамя таго, у сувязі з прыняццем гэтай пастановы ўрада былі ўнесеныя змены ў пастанову Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2012 № 108 "Аб абмежавальных мерапрыемствах".

"І тут, на наш погляд, аўтарам зменаў не ўдалося гарманічна ўпісаць новую абмежавальную меру ў існае заканадаўства, якое мела зусім іншую логіку і структуру, а таксама парадак прымянення. Таму новая абмежавальная мера засталася ў пэўным вакууме – няма пэўных суб'ектаў правапрымянення, няма многіх неабходных фармальных патрабаванняў, няма тэрмінаў і парадку дзеянняў у выпадку адмовы аб'екта самаізаляцыі ад падпісання адпаведных дакументаў", – падкрэслівае Павел Сапелка.

Як адзначае праваабаронца, з адказнасцю за парушэнне правілаў самаізаляцыі здарылася дзіўная гісторыя: пры наяўнасці ў КаАП у главе "Адміністрацыйныя правапарушэнні супраць здароўя насельніцтва" спецыяльнага складу правапарушэння – артыкула 16.8, які сярод іншага прадугледжвае адказнасць за парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў, альбо санітарных нормаў і правілаў, па звестках, атрыманых ПЦ "Вясна" і пацверджаных прэс-службай МУС, вінаватыя ў парушэнні рэжыму самаізаляцыі падвяргаліся адказнасці за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. За кароткі час (каля 2-х тыдняў) за парушэнне самаізаляцыі было складзена больш за 200 адміністрацыйных пратаколаў.

"Уласна кажучы, гэтая практыка, а таксама шмат абставінаў, якія спараджаюць пытанні, была закладзеная ў нарматыўным акце выканаўчай улады: у дадатку да пастановы №208, якая ўстанавіла форму "Патрабаванне аб захаванні правілаў паводзінаў у самаізаляцыі", дзе грамадзяніну тлумачыцца, што "непадпарадкаванне гэтаму патрабаванню, невыкананне іншых санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў цягне за сабой прыцягненне да адміністрацыйнай (штраф да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт) або крымінальнай (аж да пазбаўлення волі) адказнасці", што спрэчна і адвольна", – лічыць юрыст "Вясны".

Па-першае, органу пры растлумачэнні наступстваў парушэння самаізаляцыі трэба было патлумачыць канкрэтную норму закона, што прымяняецца. Па-другое, у крымінальным парадку караецца не любое парушэнне патрабавання, а толькі тое, што пацягнула пэўныя наступствы, аб чым трэба было інфармаваць грамадзянаў, якія падпалі пад абмежавальныя меры. Па-трэцяе, відавочна, у выпадку крымінальнай адказнасці павінен прымяняцца арт. 336 КК (Парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў), назва якога супадае з назвай адміністрацыйнага складу – арт. 16.8 КаАП, што вяртае да пытання аб тым, якая норма КаАП павінна прымяняцца да парушальнікаў, чые дзеянні не пацягнулі крымінальна-каральных наступстваў.

"Формай прадугледжана, што патрабаванне мае права падпісаць "службовая асоба дзяржаўнага органа (арганізацыі)": гэта яшчэ больш няпэўна і патрабуе заканадаўчага ўдакладнення, паколькі меркаваныя санкцыі – жорсткія, аж да пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў у выпадку, калі парушэнне патрабавання пацягнула смерць чалавека па неасцярожнасці (у параўнанні з пакараннем за прычыненне смерці па неасцярожнасці – максімальна да 3-х гадоў пазбаўлення волі)", – звяртае ўвагу Павел Сапелка. 

На думку эксперта, розніца ў санкцыях паміж адміністрацыйнымі складамі таксама з'яўляецца істотнай: спецыяльная норма (арт. 16.8 КаАП) прадугледжвае штраф у памеры да трыццаці базавых велічынь, тады як непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа (арганізацыі) пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў асобай, якая не падначаленым яму па службе (арт. 23.4 КаАП), цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

З іншага боку, тэрмін накладання спагнання ў першым выпадку – не пазней трох гадоў з дня ўчынення і шасці месяцаў з дня выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння, а ў другім – агульны: не пазней двух месяцаў з дня яго выяўлення альбо спынення ў выпадку, калі такое правапарушэнне было спынена да яго выяўлення.

Такая кваліфікацыя дзеянняў грамадзянаў спараджае іншыя наступствы: пашыраецца пералік асобаў, якія маюць права складаць пратаколы за ўчыненне правапарушэння, тэрмін адміністрацыйнага затрымання да разгляду справы судом павялічваецца з 3-х да 72-х гадзін.

Асабліва небяспечна тое, што грамадзянам, якія маюць шанцы быць заражаным вірусам, можа быць прызначана і выканана адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту: ніякіх абмежаванняў закон на гэты конт не ўстанавіў.

Так, у адпаведнасці з правіламі ўнутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту і правіламі ўтрымання фізічнай асобы, у дачыненні да якой прыменена адміністрацыйнае затрыманне, у месцы адбыцця адміністрацыйнага арышту і ў спецыяльна прызначаныя для гэтых мэтаў памяшканні органаў унутраных спраў, у тым ліку пакоі для затрыманых асобаў аператыўна-дзяжурных службаў, камеры ізалятараў часовага ўтрымання, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў органаў унутраных спраў, спецыяльна абсталяваныя памяшканні і камеры ізалятараў часовага ўтрымання органаў памежнай службы, памяшканні органаў дзяржаўнай бяспекі, не прымаюцца толькі асобы, якія маюць патрэбу па заключэнні медыцынскага работніка месца адбыцця адміністрацыйнага арышту або дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя ў аказанні медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах.

"Такім чынам, уведзеныя абмежавальныя меры, хоць і абмяжоўваюць права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, заснаваныя на законе і пераследуюць правамерныя мэты. Аднак іх нявызначанасць у частцы правілаў прымянення можа спарадзіць адвольнае тлумачэнне абавязкаў грамадзянаў, што прывядзе ў канчатковым выніку да адвольнага абмежавання іх правоў і да адвольных санкцый за парушэнне гэтых правілаў", – заключае эксперт "Вясны" Павел Сапелка.

Мінчук трапіў на Акрэсціна і выйшаў адтуль збітым і з COVID-19

11 жніўня Максім Даўжэнка разам у сябрамі вяртаўся дадому, але так і не дабраўся туды: яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Больш за два дні малады чалавек правёў у ЦІП, пасля чаго лекары зафіксавалі ў яго закрытую ЧМТ, удар грудной клеткі, гематомы, апёк кісці, а таксама COVID-19.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства