Ціск на назіральнікаў падчас датэрміновага галасавання працягваецца Дапоўнена

2020 2020-08-07T11:56:25+0300 2020-08-07T20:40:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/naziranne_vybary_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: назіральнік у Брэсце спрабуе маніторыць працэс галасавання

Ілюстрацыйнае фота: назіральнік у Брэсце спрабуе маніторыць працэс галасавання

7 жніўня - чацвёрты дзень датэрміновага галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць збіраць паведамленні пра ціск на альтэрнатыўных назіральнікаў: ім тэлефануюць з міліцыі, выганяюць з участкаў і будынкаў, дзе месцяцца памяшканні для галасавання, затрымлівае міліцыя і асуджаюць на суткі. 

Брэст 

Назіральніца на ўчастку №72 Маскоўскага раёна г. Брэста Алена Кулікова паведаміла, што раніцай 7 жніўня да яе дадому прыходзілі са следчага камітэта. Жанчына сёння на выбарчым участку не была.

Назіральніца Інга Федасенка, якая акрэдытаваная на ўчастку №13 г. Кобрына распавяла, што ёй патэлефанавалі із Кобрынскага РАУС і запрасілі ў аддзяленне. Па якім пытанне - міліцыя не паведаміла. 

Гомель

У Гомелі назіральніка Уладзіміра Няпомняшчых, які быў затрыманы яшчэ 5 жніўня, асудзілі на 15 сутак арышту па арт. 23.4 КаАП ("непадпарадкаванне службовай асобе"). 

На выбарчым участку №49 в. Васілевічы, Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці быў затрыманы назіральнік Андрэй Доўжык. Ён хацеў падаць скаргу старшыні камісіі, але яго пачалі выганяць з участку і выклікалі міліцыію.

Мінск

У судзе Кастрычніцкага раёна 7 жніўня судзяць затрыманага ўчора назіральніка ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Генадзя Германовіча.

У тым жа судзе разглядаецца адміністрацыйная справа супраць назіральніка Паўла Кандеева. Яго вінавацяць па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законым патрабаванням службовай асобы). Суддзя вынесла рашэнне - арыштаваць назіральніка на 11 сутак

Справу супраць назіральніка з участку №5 Цэнтральнага раёна сталіцы Андрэя Хаўратовіча адправілі на дапрацоўку.  

Назіральнік Сяргей Галенчанка быў затрыманы на ўчастку №93 Фрунзенскага раёна Мінска. На яго склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП і да панядзелка будуць трымаць за кратамі. 10 жніўня назіральніка будуць судзіць. 

Старшыня выбарчага ўчастка №109 Фрунзенскага раёна Мінска падала заяву ў міліцыю на назіральніка ад "Сумленных людзей" Ігара Сцяпанава нібыта за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП).

Валожын

У Валожыне спрабуюць выцягнуць з Чапаеўскага выбарчага ўчастка № 5 назіральніка Аляксандра Жвірко. Яму патэлефанаваў следчы па крымінальных справах Яўген Антановіч з Вілейкі і паведаміў, што быццам бы ў нейкай вёсцы адбылася кража. Таму Аляксандр Жвірко павінен прыехаць з Валожына ў Вілейку і даць паказанні. Назіральнік адмовіўся, тады следчы сказаў, што за ім вышлюць службовы аўтамабіль.

Вядома, што Аляксандр Жвірко 6 жніўня напісаў скаргу на сябраў УВК, якія выдалі два бюлетэня аднаму выбаршчыку. 

Смаргонь

Затрыманага напярэдадні назіральніка "Сумленных людзей" Аляксандра Паплаўскага асудзілі паводле артыкула 17.1 КаАП на 7 сутак арышту. 

Белаазёрск

У Белаазёрску затрымалі назіральніцу Ірыну Грышчук, яе вязуць у Бярозаўскі суд. У судзе яна заявіла хадайніцтва аб удзеле ў працэсе абаронцы і выкліку на пасяджэнне сведкаў. У судзе быў аб'яўлены перапынак да 11 жніўня, а саму назіральніцу адпусцілі. 

Ваўкавыск

З участку №17 г. Ваўкавыску супрацоўнікі міліцыі забралі назіральніка Аляксандра Навасада. Ён паспеў паведаміць сваёй жонцы, што яго вязуць ў РУУС і абвінавачваюць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Суд над ім адбудзецца ў панядзелак. 

Маладзечна

Назіральніка Руслана Кісялёва затрымалі супрацоўнікі міліцыі на выбарчым участку №11 г. Маладзечна, што месціцца ў школе №8. Яго вінавацяць па ч. 1 арт. 9.1 КаАП (Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання, якое не прывяло за сабой кароткачасовага расстройства здароўя). Суд над ім адбудзецца ў панядзелак. 

На ўчастку №36 г. Маладзечна назіральнік Юры Палонскі сёння заўважыў, як у камісію старонні чалавек пранёс пакунак фармату А4. Ён падыйшоў да старшыні камісіі і папярэдзіў яе аб адказнасці, пасля чаго праз нейкі час яму патэлефанавалі з РАУС і запрасілі на гутарку. А за 10 хвілін да закрыцця выбарчага ўчастку назіральніку прынеслі позву на 10 раніцы 8 жніўня - з'явіцца ў РАУС у якасці сведкі.

Калінкавічы

7 жніўня Аляксандр Елісееў ажыццяўляў назіранне за ходам датэрміновага галасавання каля ўчастка № 4, размешчанага ў сярэдняй школе № 6 Калінкавічаў. Калі пачаўся перапынак, ён выйшаў з тэрыторыі школы і ішоў дадому. Праз некалькі хвілін каля ходнікаў спыніўся міліцэйскі аўтамабіль, адтуль выйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі назіральніка. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП. 

У Калінкавічах затрыманы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі і назіральнік Аляксандр Елісееў

Бабруйск

Назіральніка Артура Мышко, затрыманага ўчора на ўчастку №56 Першаймайскага раёна г. Бабруйска, асудзілі на 6 сутак арышту

Таксама былі асуджаныя за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП) назіральнікі Уладзімір Міхалап на 7 сутак арышту і Эдуард Грынявецкі на 6 сутак арышту. Мужчыны былі затрыманыя на выбарчых участках Бабруйску яшчэ 5 жніўня.

Дзяржынск 

Каля 16 гадзін на ўчастку №35 в. Негарэлае Дзяржынскага раёна былі затрыманыя назіральніцы "Сумленных людзей" Юлія Някрасава і Наталля Багамолава. Іх даставілі ў мясцовы РАУС. 

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Затрыманні на выбарчых участках працягваюцца, назіральнікаў адпраўляюць на суткі

У трэці дзень датэрміновага назірання на выбарчыя ўчасткі сябры камісіі працягваюць выклікаць міліцыю, каб пазбавіцца ад альтэрнатыўных назіральнікаў. У той жа час раней затрыманых назіральнальнікаў судзяць, некаторых адпраўляюць на суткі.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства