Канстанцін Смолікаў: Улада прадчувае, што гэтыя выбары могуць пайсці не так, як зазвычай

2020 2020-07-14T12:24:30+0300 2020-07-14T13:46:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vitebsk_abl_kamisia_smolikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Смолікаў

Канстанцін Смолікаў

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў – адзіны апазіцыйны лідэр, уключаны ў склад Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта краіны. Карэспандэнт «Віцебскай Вясны» пагаварыў з Канстанцінам Смолікавым пра асаблівасці кампаніі і ягоную працу ў выбарчым органе.

Ад 2015-га – толькі тры новыя сябры ў камісіі

У склад абласной камісіі Кастусь Смолікаў увайшоў ужо ў другі раз. Упершыню такое адбылося ў 2015 годзе. Ён мяркуе, што сёлета яго ўключылі ў склад камісіі, бо свайго прадстаўніка не вылучала партыя «Справядлівы свет».

У 2015 годзе пры падвядзенні вынікаў ён выказаў сваё асабістае меркаванне пра тое, што выбары нельга прызнаць ані свабоднымі, ані справядлівымі. Для сябраў абласной камісіі гэта сталася поўнай нечаканасцю. Пасля гэтага ў склад абласной камісіі на мясцовых выбарах і выбарах у парламент яго больш не бралі. Таму сёлетняе ўключэнне сталася пэўнай нечаканасцю.

Як кажа Смолікаў, стасункі паміж сябрамі камісіі склаліся працоўныя, нейтральныя – кожны займаецца сваёй працай. Усе адзін аднаго ведаюць, бо склад камісіі з году ў год застаецца амаль нязменны. Ад 2015-га ў складзе камісіі з'явіліся толькі трое новых сябраў.

«Рэальнай працы амаль няма»

«Праца ў абласной камісіі – выключна тэхнічнай скіраванасці, уплыву на ход выбараў яна не аказвае. Рэальнай працы ў абласной камісіі амаль няма, яе сябры дзяжураць ды рэгіструюць уваходную дакументацыю», – расказвае Кастусь Смолікаў.

«Але цікава, што ў камісіі існуе асоба, якая штодня дзяжурыць толькі ў першай палове дня. І таму іншыя сябры камісіі не маюць магчымасці праглядаць атрыманыя за час дзяжурства акты, пратаколы падліку галасоў і іншыя матэрыялы з раёнаў. Атрыманыя лісты мусяць быць падшытыя ў тэчцы ўваходных дакументаў, але іх там няма. Яны захоўваюцца ў сейфе, да якога маюць доступ сакратар камісіі і старшыня, а мо нават і старшыня не мае. Асабіста я маю доступ толькі да той дакументацыі, якая трапіла ў камісію за час майго дзяжурства», – тлумачыць суразмоўца.

Юрысты Бабарыкі пададуць у суд

«Нядаўна адбылося непасрэднае парушэнне заканадаўства, адназначна прапісанае ў выбарчым кодэксе. Па скаргах штабу і сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі на дзеянне раённай камісіі аб непрызнанні шэрагу подпісаў сапраўднымі мусілі збірацца сябры абласной камісіі, але гэтым разам яе старшыня даў адказ аднаасобна. Цяпер юрысты Бабарыкі з нагоды парушэння працэдуры разгляду будуць падаваць на дзеянні старшыні камісіі ў суд.

Я таксама звяртаўся з просьбай па дазвол на прагляд падпісных лістоў у раённых камісіях. Па гэтым пытанні мусіла быць прынятае калегіяльнае рашэнне, але старшыня камісіі і гэтым разам даў адказ аднаасобна. Магчыма, з гэтай нагоды буду пісаць у ЦВК і скардзіцца на дзеянні кіраўніка», – распавядае Смолікаў.

Навошта апазіцыянеру ісці ў склад камісіі

«Статус сябра абласной камісіі дазваляе выказваць сваё меркаванне, дае легальную магчымасць наведваць выбарчыя ўчасткі, правяраць наяўную там дакументацыю, прысутнічаць пры падліку галасоў, бачыць вынікі галасавання.

У 2015 годзе мой статус дазволіў мне прысутнічаць на адным з участкаў Чыгуначнага раёну Віцебска і бачыць, колькі выбарцаў рэальна прагаласавалі за апазіцыйную кандыдатку Таццяну Караткевіч. Тады на ўсіх выбарчых участках раёну яна набрала недзе ў межах 20% галасоў».

Дзе адбываюцца асноўныя фальсыфікацыі?

«Участковай камісіі загадзя даводзяцца патрэбныя лічбы пратаколу. Калі нешта пайшло не так, і ўчастковая камісія не здолела падагнаць пад патрэбныя адсоткі, падчыстка адбудзецца на ўзроўні раённых камісіяў. Там зазвычай усё атрымліваецца.

Абласная камісія проста зацвярджае лічбы, якія ўжо падчышчаныя».

«У праўладных удзельнікаў адчуваецца мандраж»

«Я б адзначыў большую закрытасць. Раней шмат інфармацыі было на сайтах. Падавалася, хто вылучае ў абласную камісію. Цяпер гэтага няма. Інфармацыя падаецца неяк прыхавана, не адразу кідаецца ў вочы на сайце. Такое ўражанне, што гэта зроблена адмыслова, каб у людзей былі цяжкасці з пошукам. Менш стала лічбавай інфармацыі.

Сёлета, мне падаецца, у праўладных удзельнікаў адчуваецца нейкі мандраж, нейкае нядобрае прадчуванне таго, што гэтыя выбары могуць пайсці не так, як зазвычай. Заўважны пэўны мандраж, напружанасць, хаця, здаецца, выбары ідуць, як заўсёды», – падзяліўся сваім меркаваннем Кастусь Смолікаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства