Найбуйнейшыя праваабарончыя арганізацыі заклікаюць КПЧ ААН працягнуць мандат Cпецдакладчыка па Беларусі

2020 2020-07-10T12:51:55+0300 2020-07-10T13:06:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/un_hrc-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

Amnesty International, Civil Rights Defenders, Фундацыя дамоў правоў чалавека, Human Rights Watch і FIDH заклікаюць Савет па правах чалавека ААН працягнуць мандат Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 44-й сесіі Савета, якая распачалася 30 чэрвеня.

У сумесным лісце, падпісаным пяццю вядучымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, падкрэсліваецца, што “апошнія рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў з’яўляюцца моцным довадам на карысць падаўжэння мандата спецыяльнай працэдуры”.

Праваабаронцы заклікаюць орган ААН настаяць на тым, каб Беларусь “спыніла парушэнні правоў чалавека і забяспечыла поўную павагу і рэалізацыю правоў чалавека ў гэты крытычны выбарчы перыяд і пасля яго”. Сярод патрабаваных захадаў — спыненне пераследу і запалохвання незалежных журналістаў, праваабаронцаў, палітычных актывістаў і любых іншых крытыкаў уладаў, у тым ліку адвольных арыштаў і палітычна матываванага крымінальнага пераследу. Таксама ўлады мусяць зарэгістраваць незалежныя праваабарончыя арганізацыі і іншыя НДА.

Акрамя таго, беларускія ўлады павінны “ў поўнай меры супрацоўнічаць з механізмамі ААН па правах чалавека” і “запрасіць Спецыяльнага дакладчыка наведаць Беларусь”, а таксама “зрабіць канкрэтныя крокі на шляху рэалізацыі рэкамендацый Спецдакладчыка і іншых механізмаў ААН, у тым ліку Камітэта па правах чалавека”.

“Беларусь таксама можа быць заахвочана больш сістэматычна, эфектыўна і асэнсавана ўзаемадзейнічаць з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку пры распрацоўцы новага нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека, які, хутчэй за ўсё, будзе прыняты пасля ўсеагульнага перыядычнага агляду Беларусі, што павінен адбыцца 2 лістапада 2020 года. Аднак Савету па правах чалавека таксама павінна быць зразумела: толькі дыялога — недастаткова, а шматлікія сістэмныя праблемы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі трэба вырашаць канкрэтнымі і сістэмнымі дзеяннямі”, — гаворыцца ў сумесным лісце.

Міжнародныя праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь па-ранейшаму адмаўляецца супрацоўнічаць са Спецдакладчыкам.

“Заканадаўчае і палітычнае асяроддзе і практыка, якія выклікалі маштабныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і першапачаткова прывялі да таго, што Савет па правах чалавека стварыў мандат, збольшага застаюцца ў сіле. Парушэнні беспакарана адбываюцца ў Беларусі, для грамадзянаў якой няма правасуддзя на рэгіянальным узроўні, бо Беларусь не з'яўляецца сябрам Савета Еўропы”, — адзначаюць праваабаронцы.

Тым не менш, Спецыяльны дакладчык з'яўляецца важным механізмам для грамадзянскай супольнасці Беларусі не толькі як сродак паведамлення аб парушэннях правоў чалавека, але і як прэвентыўны інструмент, паколькі Беларусь разумее, што яе дзеянні адсочваюцца і паведамляюцца на міжнародным узроўні. Прэзідэнцкія выбары разам з праблемамі, якія стаяць перад краінай у выніку пандэміі COVID-19, ужо прывялі да шматлікіх парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Як вядома, менавіта рэзкі рост парушэнняў, якія адбыліся непасрэдна пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, і прывёў да стварэння цяперашняга мандата.


Мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ў сувязі з хваляй масавых арыштаў і рэпрэсіўнымі дзеяннямі, распачатымі праваахоўнымі органамі ў адказ на падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецыяльны дакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.

У 2018 годзе на пасаду Спецдакладчыка была абраная Анаіс Марэн. Да гэтага на працягу трох двухгадовых тэрмінаў пасаду займаў Міклаш Харасці

Афіцыйны Мінск мандат Спецдакладчыка не прызнае і заклікае Савет ААН па правах чалавека скасаваць яго, паказваючы на ​​яго "несправядлівы і палітызаваны характар". Аднак СПЧ ААН кожны год падаўжае мандат Спецдакладчыка па Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства