У Беларусі асудзілі трох чалавек, затрыманых трэцяга ліпеня

2020 2020-07-06T18:56:31+0300 2020-07-06T20:43:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/budnkou-main-scaled.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шостага ліпеня ў Магілёве, Маладзечне і Гродне прайшлі суды над затрыманымі трэцяга ліпеня падчас святкавання Дня незалежнасці. Тры чалавекі ўсе выходныя правялі ў ізалятарах у чаканні судовых пасяджэнняў.

Магілёў

Глеба Будкова затрымалі каля 16 гадзін дня 3 ліпеня каля ГЦ «Атрыум», паведамляе mspring.online. Cябар Будкова паведаміў праваабаронцам «Магілёўскай вясны», што падставай для затрымання стаў бел-чырвона-белы сцяг, які малады чалавек навязаў на сваіх плячах. На Будкова склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч. 2 арт. 23.34 КаАП) і трое сутак пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання.

budnkou-main-scaled.jpg
Глеб Будкоў у судзе

На разглядзе справы, які прайшоў у судзе Ленінскага раёна Магілёва, хлопец патлумачыў, што павязаў на плечы бел-чырвона-белы сцяг, каб выказаць салідарнасць з цемнаскурымі людзьмі, якія сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. 

"Я павязаў бел-чырвона-белы сцяг у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь і збіраўся так праносіць яго да 4 ліпеня – Дня незалежнасці ЗША", – растлумачыў на судзе Будкоў.

У выніку суддзя Вікторыя Палякова накіравала справу назад у РАУС на дапрацоўку. 

"Нам далі распараджэнне такіх затрымліваць". Затрыманні 3 ліпеня ў Беларусі

3 ліпеня ў Беларусі святкуюць Дзень незалежнасці. У розных сацыяльных сетках людзей заклікалі выйсці на галоўныя вуліцы гарадоў і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі. Міліцыя пачала затрымліваць людзей. Агулам 3 ліпеня па ўсёй Беларусі было затрымана мінімум 17 чалавек.

Гродна 

Затрыманага трэцяга ліпеня каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Скідзеля Яўгена Клімука аштрафавалі на 15 базавых велічынь (405 рублёў) таксама за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. 

Маладзечна

Толькі праз тры дні пасля інцыдэнту праваабаронцам стала вядома пра затрыманне трэцяга ліпеня Аляксандра Новіка. Па інфармацыі ад яго знаёмых, Новік пайшоў у парк Перамогі і вырашыў зрабіць фотаздымак машыны з АМАПам. У выніку яго затрымалі і склалі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). У судзе шостага ліпеня суддзя Інэса Южык прыняла рашэнне аштрафаваць Новіка на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Навагрудак

У гэты ж дзень, шостага ліпеня, у раённым судзе Навагрудка 10 базавых штрафу атрымаў Юрый Каладко - за ўдзел у мясцовым "Ланцугу салідарнасці".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства