viasna on patreon

КІРАЎНІЦТВА ЭВАНГЕЛЬСКІХ ЦЭРКВАЎ ЗАНЕПАКОЕНА СПРОБАМІ ЎЛАДАЎ АБМЕЖАВАЦЬ ПРЫСУТНАСЬЦЬ ДЗЯЦЕЙ НА НАБАЖЭНСТВАХ

2004 2004-01-30T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кіраўніцтва эвангельскіх цэркваў занепакоена ўсё больш частымі фактамі
абмежаваньня магчымасьці дзецям прысутнічаць на набажэнствах і навучацца
рэлігіі. Так у лістападзе 2003 г. у Наваградку мясцовыя органы ўлады чынілі
перашкоды мясцовай грамадзе эвангельскіх хрысьціян баптыстаў праводзіць
заняткі зь дзецьмі, а кіраўніцтва школаў выклікала дзяцей на “выхаваўчыя”
гутаркі, катэгарычна забараняючы ім прыходзіць у царкву і пагражала бацькам
штрафамі. Між іншага, нават дзейны закон аб свабодзе сумленьня патрабуе
згоды бацькоў толькі ў разе выкананьня рэлігійных абрадаў для дзяцей якія не
дасягнулі 15 гадоў, пры гэтым не ўдакладняючы форму згоды (пісьмовая ці
вусная).

Ёсьць важкія падставы казаць, што дадзеныя выпадкі не зьяўляюцца асабістай
ініцыятывай чыноўнікаў на месцах. Так, напрыклад, Камітэт у справах рэлігіяў
і нацыянальнасьцяў накіраваў у кастрычніку 2003 г. у Нясьвіскі райвыканкам
ліст, у якім зьвяртае ўвагу, што ў раёне “маюць месца выпадкі ажыцьцяўленьня
рэлігійнай дзейнасьці шэрагам пратэстанцкіх грамадаў па-за межамі
ўсталяванай іх статутамі тэрыторыі, правядзеньне несанкцыянаваных рэлігійных
мерапрыемстваў у грамадзкіх месцах, навучаньне непаўнагадовых рэлігіі бяз
згоды бацькоў”. У зьвязку з гэтым “Камітэт лічыць неабходным актывізаваць
працу камісіі спрыяньня кантролю за выкананьнем заканадаўства аб свабодзе
сумленьня і рэлігійных арганізацыях” і рэкамэндуе:

“узмацніць кантроль за дзейнасьцю рэлігійных арганізацыяў, перад усім
пратэстанцкіх грамадаў (рэгулярныя наведваньні набажэнстваў і сходаў,
сустрэчы і гутаркі з кіраўніцтвам і актывам, прафіляктычныя гутаркі з
растлумачэньнем палажэньняў заканадаўства, праверкі разьмеркаваньня
гуманітарнай і дабрачыннай дапамогі, справаводства і выкананьня статутаў, а
таксама набажэнстваў, абрадаў і цырымоніяў, на прадмет выяўленьня
НЕПАЎНАГАДОВЫХ, ЯКІЯ ПРЫСУТНІЧАЮЦЬ (НАВУЧАЮЦЦА) БЕЗ ПІСЬМОВАЙ ЗГОДЫ БАЦЬКОЎ).…не дапускаць парушэньня дзейнага заканадаўства (правядзеньне рэлігійных мерапрыемстваў, прапаведваньня веравучэньня, навучаньне рэлігіі) з боку незарэгістраваных рэлігійных структураў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства