Закрытыя ўстановы – небяспечнасці COVID-19: Відэасувязь як альтэрнатыва званкам і спатканням

2020 2020-06-11T18:20:44+0300 2020-06-11T18:20:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/skype_turma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае серыю публікацый аб распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у закрытых установах краіны. У сферы ўвагі праваабаронцаў – становішча людзей у месцах пазбаўлення волі, установах для людзей з інваліднасцю, дамах-інтэрнатах для пажылых, бездапаможных і бяздомных. 

Трэці месяц у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі адмененыя ўсе кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні – "у мэтах прафілактыкі інфекцыйных захворванняў". Сустрэчы з роднымі замянілі відэазванкамі, піша TUT.BY.

Аднак ініцыятыва ўвесці для зняволеных у якасці альтэрнатывы кароткатэрміновым спатканням і тэлефонным перамовам відэазванкі нарадзілася задоўга да аб'яўлення пандэміі, адзначае юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка. Стартаваць планавалася ў тых папраўчых установах, дзе ўжо былі змантаваныя камп'ютарныя класы – у выхаваўчай калоніі і ў калоніях для ўпершыню асуджаных да пазбаўлення волі.

Першымі карыстальнікамі новай магчымасці сталі непаўналетнія з Бабруйскай і Гомельскай калоній.

Калі ў сакавіку гэтага года былі адмененыя ўсе віды спатканняў, віртуальныя сустрэчы са сваякамі наладзілі ў многіх папраўчых установах.

"Па нашых звестках, ёсць відэазванкі па "Скайпе" і "Вайберы" у выхаваўчай калоніі для непаўналетніх і ва ўсіх папраўчых калоніях, дзе ўтрымліваюцца людзі, якім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі прызначана ўпершыню: там асуджаныя атрымалі магчымасць 1-2 разы на месяц выходзіць на сувязь са сваімі роднымі", – кажа юрыст.

Таксама дазволеныя відэазванкі ў ПК-4 для жанчын і дзяўчынак у Гомелі – 2-3 званкі ў месяц па 10 хвілін.

У калоніях, дзе ўтрымліваюцца раней судзімыя, становішча такое: у ПК-20 у Мазыры, ПК-14 каля Барысава (ст. Навасады), ПК-9 г. Горкі некаторым зняволеным дазволена было зрабіць, як правіла, па адным відэазванку. Дакладных звестак аб становішчы ў ПК-5 у Івацэвічах, ПК-13 у Глыбокім, ПК-8 і ПК-12 у Оршы – няма.

У турмах (і хутчэй за ўсё ў ПК асаблівага рэжыму №13) відэазванкі, па звестках праваабаронцаў "Вясны", не арганізоўвалі.

"Прынцыпова гэта новаўвядзенне варта ацаніць станоўча: нават ва ўмовах адсутнасці каранціну не кожны чалавек мог дазволіць сабе паездку некалькі разоў на год для нядоўгіх зносінаў са сваяком. Тым больш да месца яно прыйшлося ва ўмовах, калі пазбаўленне спатканняў стала не пакараннем, а неабходнасцю перад тварам небяспекі распаўсюджвання каранавіруса ў калоніях, сярод найбольш уразлівых да заражэння людзей.

Разам з тым, МУС і заканадаўцам варта ў тэрміновым парадку рэгламентаваць парадак прадастаўлення гэтай магчымасці: вызначыць, ці стане яна альтэрнатывай звычайным званкам або спатканням, адпаведна – замацаваць парадак заліку відэазванкоў у колькасць дазволеных спатканняў, вызначыць іх нарматыўную працягласць, парадак прадастаўлення. Бо пакуль што абяцанні, што гэтыя відэазванкі стануць дадаткам да існуючых варыянтаў зносінаў, мякка кажучы, спраўдзіліся не ўсюды і не для ўсіх", – падкрэсліў Павел Сапелка.

Таксама праваабаронца адзначае, калі казаць пра гуманізацыю ўмоваў утрымання, варта даць гэтую магчымасць і зняволеным следчых ізалятараў, якія, яшчэ не будучы асуджанымі, могуць месяцамі, а то і гадамі не бачыць сваіх блізкіх.


ПЦ “Вясна” працягвае збіраць звесткі: калі вам вядома пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса ў месцах няволі ці пра тое, якія меры прымаюцца або не прымаюцца, каб захаваць здароўе людзей, што там знаходзяцца, паведамляйце нам на скрыню: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства