Журналіст Аляксандр Буракоў-малодшы на волі!

2020 2020-05-25T14:00:54+0300 2020-05-25T14:00:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burakou_ales_vyzvalenne2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вызваленне Алеся Буракова з ІЧУ. Фота з сайта БАЖ

Вызваленне Алеся Буракова з ІЧУ. Фота з сайта БАЖ

Пасля адбыцця пакарання 10-ю суткамі арышту з ізалятара часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама выйшаў на волю магілёўскі журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў-малодшы, паведамляе БАЖ. 

15 мая супрацоўнікі міліцыі затрымалі Аляксандра Буракова ў кватэры, якую ён здымае. Журналіста даставілі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна Магілёва і склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У той жа дзень Буракова даставілі ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Суддзя Ірына Ланчава прызнала яго вінаватым на падставе арт. 23.34 КаАП і вынесла пакаранне ў выглядзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле абвінавачання, журналіст нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 траўня каля магілёўскага ІЧУ.

Пасля вызвалення Аляксандр Буракоў распавёў, што ўвесь час зняволення ён знаходзіўся ў адзіночнай камеры, шмат чытаў. Адзначае, што стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ было карэктным.

Аляксандр падзякаваў калегам за салідарнасць: да яго даходзілі паштоўкі і газеты, перадачы ад родных. Кажа, што яму было нават крыху ніякавата ад такой вялікай увагі.

Сустрэць Буракова-малодшага каля магілёўскага ІЧУ сабраліся каля паўтара дзясятка чалавек — праваабаронцы, журналісты і сваякі. Журналісту падарылі кветкі і выказалі спадзяванне, што ўжо ў хуткім часе ён далучыцца да актыўнай працы.

Аляксандр Буракоў адзначыў, што плануе па-ранейшаму займацца журналісцкай і праваабарончай дзейнасцю. І пажартаваў, што раз яго за гэта затрымліваюць і арыштоўваюць, значыць, сваю справу ён робіць добра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства