viasna on patreon

Павел Сапелка: Акрамя амністый неабходная эфектыўная сістэма ацэнкі і вызвалення асуджаных

2020 2020-05-05T12:30:00+0300 2020-05-05T12:31:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalonija_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле інфармацыі Дэпартамента выкананняў пакаранняў МУС, завершана рэалізацыя Закона Рэспублікі Беларусь "Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Па папярэдніх дадзеных амністыя закранула каля 9 тысяч чалавек, якія адбываюць пакаранне як у месцах пазбаўлення волі, так і ў папраўчых установах адкрытага тыпу.

З месцаў пазбаўлення волі было вызвалена больш за 2 500 асуджаных, у тым ліку непаўналетнія, адзінокія мужчыны і жанчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, пенсіянеры, інваліды, а таксама асобы, якія маюць пэўныя захворванні. Больш за 4 500 асуджаным скарочаны тэрмін пакарання на 1 год. Каля 200 асуджаным, якія ўчынілі злачынствы ў непаўналетнім узросце, тэрмін пакарання скарочаны на 2 гады.

Па паведамленні ДВП, выкананне Закона аб амністыі праходзіла ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам аховы здароўя, з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а амністыя ўжывалася толькі да асобаў, якія станоўча характарызуюцца. 

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што цяперашняя амністыя – першая амністыя з 2015 года. Эксперт прыводзіць параўнанне: па амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў 2015 годзе на волю з месцаў пазбаўлення волі выйшлі 1 834 асуджаных, а яшчэ 2 150 асуджаным тэрмін быў скарочаны на адзін год; з папраўчых устаноў адкрытага тыпу выйшлі 685 чалавек і яшчэ 691 асуджанаму быў скарочаны тэрмін пакарання на год. Пад амністыю тады трапілі ўсяго 66 непаўналетніх.

Годам раней – у 2014 годзе – былі вызваленыя 1 986 дарослых асуджаных, а таксама 41 непаўнагадовы.

Павел Сапелка.

"На гэтым фоне вызваленне больш за 2 500 асуджаных і скарачэнне пакарання на 1 год для больш чым 4 500 асуджаных за перыяд дзеяння амністыі 2019 года – цалкам гуманна. Уражвае колькасць (каля 200) асуджаных, аб якіх ідзе гаворка з згадваннем таго, што злачынства яны здзейснілі ў непаўналетнім узросце. Колькасць вызваленых непаўнагадовых прадстаўніца ДВП не назвала – іх менш", – падкрэслівае Павел Сапелка.

На думку юрыста "Вясны", такія вынікі атрымаліся ў сувязі з тым, што амністыя праводзілася ў паўтара разы даўжэй, чым звычайна, а таксама таму, што ў лік шчасліўцаў, на якіх яна распаўсюдзіла сваё дзеянне, трапілі пасля вялікага перапынку і наркагандляры.

"Традыцыйна амністыя не закранула тых асуджаных, у каго не склаліся адносіны з адміністрацыяй, і гэта вылілася ў набыцці статусу злоснага парушальніка ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання, а таксама тых, хто не змог расплаціцца за прычыненую шкоду. Наогул, з улікам дадзеных ДВП, амністыя закранула толькі чвэрць ўсіх асуджаных да пазбаўлення і абмежавання волі.

Пасля невялікай перадышкі страсці па амністыі адновяцца: вось-вось будзе прыняты і падпісаны чарговы закон, на які ўскладаецца шмат надзей у звязку з навіслай над калоніямі і ПУАТ пагрозай пандэміяй COVID-19", – адзначае праваабаронца.

Павел Сапелка лічыць, што ў цэлым амністыі запаўняюць адсутнасць эфектыўнай, празрыстай і аб'ектыўнай сістэмы ацэнкі зняволеных выключна ад іх паводзінаў і ступені іх гатоўнасці пачаць новае жыццё пасля выхаду з месцаў зняволення і практыкі іх умоўнага вызвалення.

Турма і вірус COVID-19 у Беларусі

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка разважае пра тое, як бы склалася сітуацыя, калі б улады Беларусі вызвалілі асуджаных з калоніяў і турмаў на час эпідэміі каранавіруса COVID-19.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства