У свеце адзначаецца рост хатняга гвалту ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Відэа

2020 2020-04-09T14:45:22+0300 2020-04-14T11:22:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gender_rights_covid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя са старонкі ў фэйсбуку "Яе правы"

Ілюстрацыя са старонкі ў фэйсбуку "Яе правы"

Праваабаронцы ва ўсім свеце занепакоеныя ростам хатняга гвалту ў перыяд каранціну, звязанага з эпідэміяй COVID-19. Людзі, змешчаныя ў замкнёную прастору, спаганяюць трывогу і раздражненне на сваіх блізкіх, перш за ўсё на жанчынах, дзецях і старых.

Так, паводле інфармацыі Рускай службы BBC, у кітайскай правінцыі Хубэй колькасць зваротаў у паліцыю за час каранціну вырасла ўтрая. У Францыі толькі за тыдзень каранціну колькасць выпадкаў хатняга гвалту падскочыла на 32%. У Аўстраліі цяпер людзі шукаюць у Google, што рабіць у сітуацыі хатняга гвалту, на 75% часцей. У Бразіліі – на 50%. У Даніі, Іспаніі, на Кіпры жанчыны таксама сталі часцей звяртацца па дапамогу.

Генеральны сакратар ААН заклікаў абараніць жанчын, якія апынуліся сам-насам з агрэсарам

Разам з лікам хворых COVID-19 расце і колькасць выпадкаў бытавога гвалту. На днях Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выступіў з заклікам абараніць жанчын, якія апынуліся ў пастцы ва ўласным доме – сам-насам з гвалтаўніком.

"Шмат жанчын і дзяўчынак небяспека чакае там, дзе яны павінны адчуваць сябе ў поўнай бяспецы: ва ўласным доме", – сказаў ён.

Гутэрыш нагадаў, што ізаляцыя дома і каранцін – неабходныя меры стрымлівання пандэміі COVID-19. Але ў выніку жанчыны могуць апынуцца адзін на адзін з партнёрамі, схільнымі да агрэсіі.

"У той жа час медыцынскія ўстановы і паліцэйскія службы перагружаныя і адчуваюць недахоп персаналу. Праца мясцовых групаў падтрымкі паралізаваная або ім не хапае сродкаў. Некаторыя прытулкі для ахвяраў хатняга гвалту зачыненыя, іншыя перапоўненыя", – адзначыў Антоніу Гутэрыш.

Ён заклікаў усе ўрады ўключыць прадухіленне гвалту супраць жанчын і пакрыццё нанесенай ім шкоды ў свае планы барацьбы з COVID-19 ў якасці адной з асноўных задач. Гэта азначае, што неабходна павялічыць аб'ём фінансавання анлайнавых службаў падтрымкі і арганізацый грамадзянскай супольнасці і не адмаўляцца ад судовага пераследу тых, хто жорстка звяртаецца з жанчынамі.  

Генеральны сакратар таксама прапануе аб'явіць прытулкі для пацярпелых ад гвалту службамі жыццезабеспячэння і ўсталяваць у прадуктовых крамах і аптэках аварыйныя сістэмы паведамленні пра пагрозу гвалту.

"Важна стварыць для жанчын магчымасці звярнуцца па дапамогу, не падвяргаючы сябе небяспецы і не прыцягваючы ўвагі крыўдзіцеля", – падкрэсліў Антоніу Гутэрыш.

У Беларусі жанчыны падвергнутыя падвойным рызыкам

Арганізацыі, якія абараняюць правы жанчын у Беларусі, таксама занепакоеныя павелічэннем ўразлівасці жанчын па прычыне пандэміі і пагаршэння эканамічнай сітуацыі, якое яна выклікае.

Так, "Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы" на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзначае, што жанчыны падвергнутыя падвойным рызыкам па наступных прычынах:

  • Небяспека ўсплёску хатняга гвалту
    Ва ўмовах каранціну альбо выдаленай працы жанчыны будуць вымушаныя знаходзіцца амаль круглыя суткі з патэнцыйным агрэсарам. Адпаведна, рэзка ўзрастаюць шанцы праяў новых эпізодаў агрэсіі.
  • Гарызантальная сегрэгацыя на рынку працы
    Жанчыны ў асноўным занятыя на нізкааплатных пасадах, звязаных са сферай паслугаў альбо кантактамі з людзьмі. У сувязі з пандэміяй і ўвядзеннем каранціну рызыка пазбавіцца працы закране ў першую чаргу жанчын.
  • Клопат аб дзецях і пажылых сваяках
    Пры пераводзе дзіцячых садоў і школаў на каранцін на жанчын, якія знаходзяцца дома, ляжа вялікая нагрузка па клопаце аб дзецях. Таксама можа паўстаць неабходнасць узмоцненага дагляду за пажылымі сваякамі. Пры гэтым жанчыны, якія знаходзяцца на выдаленай працы, будуць абавязаны працягваць выконваць сваю працу.

"Яе правы" заклікаюць быць больш уважлівымі да сябе і навакольных у гэты няпросты час.

Прытулак для ахвяраў хатняга гвалту "Радзіслава" прапануе пацярпелым ад хатняга гвалту ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі дапамогу анлайн – у групах падтрымкі, а таксама індывідуальную псіхалагічную дапамогу. Пра гэта піша Радыё Свабода.

"Гэта магчымасць атрымаць дапамогу і падтрымку, распавесці аб сваіх перажываннях і складанасцях, дзе б вы ні знаходзіліся ў дадзены момант", – тлумачыць прадстаўніца "Радзіславы" Дар'я Царык.

Яна падкрэслівае, што праблема хатняга гвалту існуе ў сем'ях у любым сацыяльным кантэксце, а ў абставінах сацыяльнай ізаляцыі і агульнага павышэння ўзроўню трывогі ў грамадстве пацярпелым тым больш можа быць патрэбная дапамога.

Куды можна звярнуцца па дапамогу ў Беларусі?

"Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы" аказвае юрыдычную дапамогу пацярпелым ад дыскрымінацыі на працоўным месцы і ад хатняга гвалту па тэлефонах: +375 29 635 56 62 і +375 33 675 56 62.

Запісацца на анлайн-групу падтрымкі для жанчын і людзей з вопытам жаночай сацыялізацыі, пацярпелых ад гвалту і анлайн-кансультацыі псіхолага ад ГА "Радзіслава" можна праз анкету або па нумары экстранага засялення ў прытулак: +375 29 610 83 55.

Агульнанацыянальная Гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту ад МГА "Гендэрныя перспектывы": 8-801-100-8-801.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства