Справу Алега Багданава зноў будуць расследаваць

2020 2020-02-04T11:37:07+0300 2020-02-04T11:52:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bagdanava-maryia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чатыры гады таму, 29 студзеня 2016 года, ад вострай сардэчнай недастатковасці ў жодзінскай турме №8 памёр жыхар Мінска Алег Багданаў. Увесь гэты час ягоная маці Марыя Георгіеўна намагаецца, каб вінаватыя ў смерці сына панеслі пакаранне.

Марына Георгіеўна Багданава.
Марына Георгіеўна Багданава.

Справу Алега Багданава неаднаразова ўзбуджалі і спынялі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. У апошнім, дасланым ягонай маці адказе ад 20 сакавіка 2019 года, абласное ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці паведаміла аб тым, што расследванне прыпыняецца у сувязі з адсутнасцю складу злачынства. 

Жанчына нават звярталася да прэзідэнта, аднак кола праверак і адмоваў у гэтай справе зноў замкнулася.

Жыхар Мінска Алег Багданаў у 2014 годзе перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, меў інваліднасць 3-ці групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні лекара-кардыёлага. Яго маці Марыя Багданава лічыць, што сыну ў СІЗА не аказалі належнай медыцынскай дапамогі, што і прывяло ў выніку да смерці.

Асаблівасць гэтай справы ў тым, што яе расследаванне ўсур'ёз ускладніў следчы, які рабіў даследчую праверку. На думку праваабаронцаў, некаторымі сваімі незразумелымі дзеяннямі (з пункту гледжання прафесіяналаў), якія праявіліся ў тым ліку ў знішчэнні доказаў, ён адрэзаў магчымасці паўнавартаснага расследавання справы.

Тым не меней, маці з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” не пакідае надзеі аднавіць справядлівасць у гэтай справе.

У студзені 2020 года яна накіравала чарговы зварот у Генеральную пракуратуру. Праз нейкі час жанчыне патэлефанавалі з Генпракуратуры і запрасілі яе для размовы.

З Марыяй Багданавай сустрэўся намеснік генеральнага пракурора Генадзь Дыско. Ён уважліва выслухаў аргументы і довады маці, датычныя несвоечасовага і неналежнага аказання медыцынскай дапамогі і паабяцаў больш пільна разабрацца з фактам смерці зняволенага.

А літаральна некалькі дзён таму Марыя Багданава атрымала паведамленне з Генеральнай пракуратуры аб тым, што крымінальная справа па факце смерці ў жодзінскай турме яе сына адноўленая. Будуць праводзіцца новыя следчыя дзеянні.

Чаму справы памерлых за кратамі не расследуюцца належным чынам?

Час ад часу ў СМІ з’яўляецца інфармацыя пра смерці людзей, якія былі затрыманыя міліцыяй і дастаўленыя ў пастарунак, ці знаходзіліся за кратамі. Часта гэта звязана з папярэднім прымяненнем фізічнай сілы ці спецсродкаў да затрыманых супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Бываюць выпадкі і смерцяў праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі вязням. Як правіла, раследаванне смерцяў цягнецца гадамі, Следчы камітэт шматразова адмаўляе ва ўзбуджэнні крымінальных справаў у дачыненні да міліцыянераў, і вінаватыя ў смерцях арыштантаў застаюцца беспакаранымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства