Дзяржсакратар ЗША сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі

2020 2020-02-01T17:12:35+0300 2020-02-03T07:48:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pampea.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа. Фота БелаПАН

Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа. Фота БелаПАН

Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа 1 лютага сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі падчас свайго візіту ў Мінск.

На сустрэчы прысутнічалі Сяргей Драздоўскі з Офісу па правах людзей з інваліднасцю, Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак.

Беларускія праваабаронцы паднялі найбольш важныя і злабадзённыя пытанні па правах чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, Сяргей Драздоўскі распавёў пра праблемы, звязаныя з выкананнем сацыяльна-эканамічных правоў, з адсутнасцю антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і парушэннем правоў прафсаюзаў. Алена Анісім звязала магчымасць існавання і актыўнай працы грамадзскай супольнасці з пытаннем незалежнасці Беларусі, адзначыла важнасць у гэтай сітуацыі беларускай мовы і культуры, распавяла пра нядаўнія дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці.

Алесь Бяляцкі паведаміў пра стабільна кепскую сітуацыю з грамадска-палітычнымі правамі. Адзначыў, што парушаюцца правы на свабоду сходаў і мітынгаў, у якасці прыкладу прывёў апошнія мірныя дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці краіны, за ўдзел у якіх улады пакаралі дзясяткі ўдзельнікаў. Па ацэнцы праваабаронцы, улады не гатовыя супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю нават па такіх жыццёва важных пытаннях для Беларусі, як незалежнасць.

Алег Гулак,Майкл Пампеа, Алена Анісім, Сяргей Драздоўскі і Алесь Бяляцкі. Фота з сацыяльных сетак.
Алег Гулак, Майкл Пампеа, Алена Анісім, Сяргей Драздоўскі і Алесь Бяляцкі. Фота з сацыяльных сетак.

Алесь Бяляцкі адзначыў, што парушаюцца правы палітычных актывістаў, незалежных блогераў і актывістаў:

“На жаль, у краіне адсутнічаюць свабодныя выбары. Улада прыватызаваная, няма незалежнай судовай сістэмы, а заканадаўчая ўлада не адпавядае рэальным настроям у грамадстве. Міліёны беларусаў падтрымліваюць дэмакратычныя змены ў краіне. Але рэпрэсіямі ўлады ствараюць высокі ўзровень страху”.

Праваабаронца звярнуў увагу і на тое, што пытанне незалежнасці Беларусі моцна звязана з комплекснымі зменамі па дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў краіне, і выказаў спадзяванне, што ЗША будзе спрыяць станоўчым зменам ва ўсім усходне-еўрапейскім рэгіёне, у прыватнасці ў такіх краінах як Украіна, Малдова, Беларусь.

Алег Гулак у сваім выступе адзначыў важнасць амерыканска-беларускага дыялогу па правах чалавека і выказаўся за больш актыўнае прыцягненне грамадзянскай супольнасці ва ўсе перамоўныя працэсы паміж ЗША і Беларуссю.

Майкл Пампеа пракаментаваў выступы беларускіх праваабаронцаў, сказаў, што ёсць агульнае разуменне праблемаў, што ён падымаў найбольш важныя пытанні па правах чалавека ў Беларусі на сустрэчы з прэзідэнтам А. Лукашэнка і міністрам замежных спраў У. Макеем. Ён таксама падкрэсліў, што пазіцыя ЗША па падтрымцы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі застаецца нязменнай.

Сустрэча з'явілася выразным сігналам ураду ЗША ў падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных актывістаў у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства