Наталлю Спірыдонаву аштрафавалі за пікет і пачалі судзіць за расклейванне налепак

2020 2020-01-28T17:08:15+0300 2020-01-28T17:08:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/spiridonava_natalla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Спірыдонава ў судзе. Фота "Віцебскай Вясны"

Наталля Спірыдонава ў судзе. Фота "Віцебскай Вясны"

28 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Наталлю Спірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у снежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Алесем Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы, піша "Віцебская Вясна".

У Чыгуначным судзе Віцебску адміністрацыйную справу Наталлі Спірыдонавай, удзельніцы несанкцыянаванага пікету на плошчы Перамогі 29 снежня, разгледзела суддзя Ала Бардзюкова. Актывістку абвінавацілі ў правапарушэнні паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП РБ.

Спірыдонава на судовае пасяджэнне не прыйшла, разгляд справы адбыўся без яе ўдзелу. Як сцвярджаецца ў пратаколе, сваімі дзеяннямі актывістка парушыла парадак арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Падчас пікету трымала ў руках плякат з надпісам: «Лукашэнку – ворага краіны – у адстаўку! Не – інтэграцыі!»

За актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні суддзя Бардзюкова аштрафавала Наталлю Спірыдонаву на 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Нагадаем, 23 студзеня суд Першамайскага раёну пакараў Спірыдонаву штрафам за публічны заклік узяць удзел у снежаньскім пікеце (таксама - 25 б.в.).

Суд за налепкі «Калгаснай дыктатуры – баста!»

У той жа дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску адміністрацыйнае правапарушэнне актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Спірыдонавай і Круткіна пачаў разглядаць суддзя Ільля Белавус.

Алесь Круткін і Наталля Спірыдонава ў судзе 28 студзеня. Фота
Алесь Круткін і Наталля Спірыдонава ў судзе 28 студзеня. Фота "Віцебскай Вясны"

Актывістаў затрымалі днём 27 студзеня за расклейванне налепак «Калгаснай дыктатуры – баста!» Адна з налепак з'явілася і на будынку Віцебскай абласной пракуратуры. Міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства).

У Віцебску затрыманыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі». Алеся Круткіна вязуць на суд у Полацк

У панядзелак 27 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Алеся Круткіна і Наталлю Спірыдонаву даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, дзе абвінавацілі ў расклейцы ўлётак, якія з'явіліся раней у цэнтры горада.

Полацкі актывіст Алесь Круткін правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

На судзе Наталля Спірыдонава хадайнічала аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэння з арт. 17.1 КаАП на ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрыманьня населеных пунктаў). Алесь Круткін, у сваю чаргу, прасіў суддзю прыпыніць працэс, каб мець магчымасьць заключыць дамову з адвакатам.

Пасля невялікага перапынку суддзя Ільля Белавус задаволіў абодва хадайніцтвы. Разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленне недахопаў.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства