Назіральнік Алесь Бяляцкі: “Я – сведчу!”

2019 2019-11-22T09:31:51+0300 2019-11-22T09:31:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Назіраў за парламенцкімі выбарамі ў Мінскім каледжы электронікі па вуліцы Кнорына. Там два ўчасткі. Як змяніўся настрой у старшыняў участковых камісій, калі я прыйшоў туды рэгістравацца! Сапраўды, толькі незалежнага назіральніка ім і не хапала!

Для пачатку я звярнуў увагу на склад выбарчых камісій. Як казаў некалі Сталін, зусім не важна, хто і як будзе галасаваць, але надзвычай важна, хто і як будзе лічыць галасы. Старшыня адной з камісій абрана ад Беларускага Чырвонага Крыжа. Падумалася: вось здзівіліся б заснавальнікі гэтай сусветна вядомай арганізацыі, якая традыцыйна аказвае дапамогу пацярпелым ва ўзброеных канфліктах па ўсім свеце, што ў Беларусі Чырвоны Крыж – актыўны арганізатар выбараў. Таксама як і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, і Беларускі саюз жанчын, і Беларускі фонд міру, і рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», і БРСМ. Ад усіх гэтых грамадскіх арганізацый, якія цалкам кантралююцца і падтрымліваюцца ўладамі, у камісіі было па адным чалавеку. Як і ад наступных лаяльных да ўлад партый: Беларускай сацыяльна-спартыўнай, Камуністычнай партыі Беларусі, Беларускай аграрнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. І так па ўсёй краіне.
Вылучэнцаў ад дэмакратычных партый і арганізацый у выбарчыя камісіі не пусцілі.

Два чалавекі ў камісіі былі «ад грамадзян», мабыць, выканкамаўскія работнікі замаскіраваліся. Яшчэ жанчына ад Мінскага гадзіннікавага завода. Яе месца працы і падказала мне, з працаўніц якога прадпрыемства рэальна была створана амаль уся камісія!

Я праглядзеў склад другой камісіі, якая знаходзілася ў суседнім кабінеце каледжа, і не здзівіўся. Яе члены, адзін у адзін, былі вылучаны ад тых самых арганізацый. Аднастайнасць – адпрацаваная да дасканаласці прыкмета бюракратыі.

На папярэдняе галасаванне, якое ў нас чамусьці ідзе пяць дзён, я заходзіў на ўчасткі чатыры дні запар і сядзеў там кожны раз па гадзіне. Спальны раён, студэнтаў, якіх на студэнцкіх участках у многіх месцах гвалтам гналі галасаваць, няма. Колькасць выбаршчыкаў на ўчастках прыкладна аднолькавая. І гэткія ж падобныя лічбы тых, хто прагаласаваў, з’яўляліся ў пратаколах двух участкаў кожны дзень. Першы дзень – 90 і 94. Другі – 85 і 85. Трэці дзень – 88 і 87… Паверыць ім было цяжка. Хоць я і не праседжваў на ўчастку днямі напралёт, але за гадзіну майго знаходжання прыходзіла па два-чатыры чалавекі. За сем гадзін галасавання, можна падлічыць, магло прыйсці трыццаць, максімум сорак чалавек, ну няхай пяцьдзясят. Але ж не восемдзесят ці дзевяноста. Як тут не мільгне думка: прыпіскі падчас папярэдняга галасавання для ўчастковых камісій, відаць, справа звыклая, дзякуючы ім можна накручваць галасы за праўладнага кандыдата.

У пятніцу перад абедам на ўчастак забег невысокі дзядзька з сівым вожыкам валасоў на галаве, які з ходу кінуўся да членаў камісіі з радасным воклічам:

– Добры дзень, дзяўчаты!

– Прадстаўцеся, калі ласка! – папрасіў я яго.

– Працую на гадзіннікавым заводзе, – бадзёра адказаў ён, – вось зайшоў павітацца, падтрымаць нашых работніц.

Мая прысутнасць збянтэжыла клапатлівага візіцёра, і ён хутка збег.

– «Сматрашчы» ваш? – насмешліва спытаўся я ў старшыні камісіі.

– Сматрашчыя ў турме, – пакрыўдзілася яна, – а гэта наш ідэолаг!

Ідэолагі на прадпрыемствах, у выканкамах і арганізоўваюць, вобразна кажучы, гэтае шоу. Інакш выбары цяжка назваць. Шараговыя члены камісій выступаюць статыстамі. Урэшце, як і назіральнікі. На маіх участках яны амаль усе – таксама работнікі ці ветэраны працы таго ж гадзіннікавага завода.

uchastak-o.jpg
Фота з выбарчага ўчастка Алеся Бяляцкага.

Дзень галасавання

Я прыйшоў за гадзіну да падліку галасоў. У восем гадзін у аўдыторыю, дзе знаходзіўся ўчастак, зайшоў міліцыянт, і дзверы зачынілі.

– Што ён тут робіць? – звярнуўся я да старшыні камісіі.

– Для парадку, – адказала яна. Міліцыянт стаў каля мяне, і камісія пачала лічыць галасы.

Мы сядзім метраў за пяць ад састаўленых сталоў, куды са скрыняў вывалілі бюлетэні. Члены камісіі згрудзіліся вакол стала, некаторыя спінай да нас, назіральнікаў. Разбіраюць бюлетэні кожны ў свой стос, затым раскладаюць іх «па кандыдатах». Хто за каго прагаласаваў – нам не бачна. Затым яны падыходзяць да старшыні камісіі і называюць ёй колькасць галасоў за кожнага кандыдата. Мы не чуем вынікаў падліку. Старшыня камісіі запісвае лічбы на паперку і потым сама ўголас абвяшчае іх нам. Гэта рэальныя вынікі галасавання ці не – мы, назіральнікі, не ведаем, паколькі лічбы можна назваць любыя, бюлетэняў нам не паказвалі, як і ўголас нічога не казалі тыя члены камісіі, якія падлічвалі галасы. Кожны з іх падыходзіў да старшыні камісіі і напаўголасу называў сваю лічбу, а яна занатоўвала іх на паперцы. Якія былі яе далейшыя дзеянні – ніхто не ведае.

Адзінае, што я дакладна пачуў, – гэта калі адзін з членаў камісіі прашаптаў старшыні, што несапраўдных бюлетэняў 23. І я здзівіўся, калі яна ўжо гучна паведаміла іншую лічбу: 5.

Нават калі б я запатрабаваў пералічыць несапраўдныя бюлетэні, мне ў гэтым, вядома ж, было б адмоўлена. Такі ў нас закон аб выбарах, такія «правы» ў назіральнікаў. Сядзім на ўчастку, як слепаглуханямыя. Не дай Божа, хто-небудзь з назіральнікаў выкажа прэтэнзіі – абвінавацяць у перашкодах працы камісіі, пазбавяць акрэдытацыі і выдаляць з участка. Дарэчы, бедных назіральніц з таго ж гадзіннікавага завода наогул не было чуваць. Ды ці для таго яны прыйшлі, каб рабіць заўвагі сваім калегам? Іх прысутнасць – для масоўкі.

Што і казаць, падчас выбараў літаральна на ўсіх этапах арганізацыя правядзення кампаніі пастаўлена дагары нагамі.

…Ішоў я з выбарчага ўчастка з пачуццём крыўды і расчаравання. Здаецца ж, не першы раз ужо назіраю і даўно ведаю ўсе гэтыя нескладаныя механізмы маніпуляцый. Але ж кожны раз маю такое адчуванне, як быццам бы выкачаўся ў брудзе. Ніхто ж мяне не піхаў на гэты выбарчы ўчастак. Не, сам пайшоў і атрымаў тыя ўражанні, пад якімі знаходзіўся і раней. Дзеля чаго, думаю я, псую настрой? Усё роўна лёс краіны не дэпутаты вызначаюць, а зусім іншая галіна ўлады, яе чыноўнікі на месцах.

Але я пайшоў у назіральнікі чарговы раз, каб быць сведкам! І што б зараз ні казалі з экранаў тэлевізараў, па радыё, што б ні пісалі праўладныя газеты, іншыя дзяржаўныя СМІ, як бы ні пераконвала беларусаў і ўвесь свет у «чэсных» выбарах нязменная старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі спадарыня Ярмошына, я, як і сотні іншых незалежных назіральнікаў, – жывы сведка правядзення гэтых выбараў далёка ад дэмакратычных нормаў! Чым болей будзе нас, незалежных назіральнікаў, на наступных выбарах, тым цяжэй будзе хлуслівым дэмагогам называць гэты дрэнны спектакль выбарамі. Усе наступныя чатыры гады я буду настойліва сведчыць пра тое, што я бачыў на ўласныя вочы. Бо ў чым жа яшчэ, як не ў праўдзе, наша сіла?!

Алесь БЯЛЯЦКІ, праваабаронца.

Газета «Народная Воля» № 92 (4447) за 22 лістапада 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства