Магілёўцы правялі пікет у цэнтры горада: «Хочам спыніць хімічны Чарнобыль»

2019 2019-10-28T08:44:57+0300 2019-10-28T15:17:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/magileu-piket-vybary-2019-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пікет у Магілёве: “Хочам спыніць хімічны Чарнобыль». Фота: mspring.online

Пікет у Магілёве: “Хочам спыніць хімічны Чарнобыль». Фота: mspring.online

Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі выступілі супраць прадпрыемстваў у свабоднай эканамічнай зоне ў рамках парламенцкай кампаніі свайго магілёўскага кандыдата Таццяны Сівачэнкі.

Па інфармацыі mspring.online, старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, палітык Максім Жарноўскі, актывіст Аляксандр Шаўцоў і кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяна Сівачэнка 25 кастрычніка зладзілі экалагічны пікет у цэнтры Магілёва.

На пешаходнай вуліцы Ленінскай палітыкі выступілі з патрабаваннямі «спыніць хімічны Чарнобыль» і перанесці прадпрыемства з СЭЗ у Дразды – менавіта там знаходзіцца адна з рэзідэнцый прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Пікет быў арганізаваны ў падтрымку кандыдата па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 Таццяны Сівачэнкі:

– Экалогія – гэта адно з асноўных пытанняў і частка маёй праграмы, паколькі я выступаю за развіццё тэхналагічнага ўзроўню, а развіццё немагчыма без экалагічнай бяспекі. У свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” у нас мноства прадпрыемстваў. Яшчэ збіраюцца адкрываць “Омск Карбон”. Гэта стала апошняй кропляй. Мы ўжо нават не называем яе эканамічнай свабоднай зонай, гэтая зона – хімічная, – заявіла Сівачэнка падчас стрыму блогера Аляксандра Сабалеўскага.

Па словах Уладзіміра Шанцава, у СЭЗ “Магілёў” размешчаны толькі шкодныя прадпрыемствы:

– Жыхарам Магілёва кажуць, што ўсё добра. Але што на самой справе? Двум знаёмым маім рабілі аперацыі па анкалогіі. Яны больш за месяц чакалі сваёй чаргі. Не хапае лекараў ужо, каб зрабіць аперацыю тым людзям, у якіх час ідзе на хвіліны. І пасля гэтага гаворыцца пра тое, што ў нас нейкія выкіды скарачаюцца? – абурыўся палітык.

Удзельнікі пікету лічаць, што ўлады ў першую чаргу павінны ўсталяваць станцыі маніторынгу выкідаў і толькі потым ужо запускаць заводы.

– Першая маніторынгавая станцыя будзе запушчана ў красавіку 2020 года, а «Омск Карбон» – ужо гэтай восенню. Так што пакуль усё адбываецца шыварат-навыварат, – канстатавала Таццяна Сівачэнка.

На пікеце прысутнічалі назіральнікі ад АБСЕ. Мірны сход скончылася без здарэнняў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства