Прапагандысцкія групы ездзяць па раёнах Гарадзеншчыны і распавядаюць пра важнасць выбараў

2019 2019-10-20T16:41:37+0300 2019-10-20T16:42:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/prapag_grupy_hrodnia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З утварэннем выбарчых камісій на Гарадзеншчыне, утварылі і адмысловую абласную інфармацыйна-прапагандысцкую групу. На яе чале стала Алена Юргель, начальнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму. Актыўная дзейнасць гэтай групы неяк дзіўна супала з днём рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

З сайтаў дзяржаўных медыя, у тым ліку з афіцыйнага сайту Гарадзенскага аблвыканкаму вынікае, што 17 кастрычніка ў межах адзінага дня інфармавання сябры ІПГ наведвалі райцэнтры вобласці, праводзілі сустрэчы ў працоўных калектывах з бюджэтнікамі, работнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, ідэалагічнымі актывамі раёнаў. Прапагандысты гаварылі пра значэнне ўдзелу грамадзян у выбарах, пра абавязковую яўку выбарцаў на ўчасткі для галасавання і правільны выбар сярод мноства кандыдатаў.

Так, на сустрэчы з працоўнымі калектывамі бюджэтнікаў і ідэолагамі раёна ў Шчучыне, сябры абласной ІПГ разам з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкаму Аленай Пасютай расказалі прысутнаму актыву пра “дасягненні” беларускага парламентарызму ў лічбах, дэпутацкай пераемнасці і правільнасці выбару кандыдатаў у дэпутаты. Святлана Вараніца, намесніца старшыні абласной РГА «Белая Русь» і РГА «Знание», распавяла прысутным наступнае: «…Ужо сёння мы з вамі будзем ведаць, хто будзе балатавацца кандыдатам па Шчучынскай выбарчай акрузе і па ўсіх 13 акругах, створаных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, – А прэтэндэнтаў стаць кандыдатамі ў дэпутаты вельмі многа, і яны вельмі розныя». Распавяла яна і пра тое, што сёлета будзе зроблена для рэалізацыі прынцыпу «роўнае права для ўсіх»: у прыватнасці, каб было зручна прыняць удзел у галасаванні людзям з аслабленым зрокам, інвалідам-калясачнікам і іншым грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі». 

У горадзе Ашмяны Аляксандр Вярсоцкі, яшчэ адзін член ІПГ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі аблвыканкаму на сустрэчы з ідэалагічным актывам раёна, работнікамі ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», у раённым аддзеле МНС, Навасёлкаўсім сельскім савеце, ААТ «Гальшанскі крухмальны завод», «Белкофе», Ашмянскім раённым газазабеспячэннем, аграрна-эканамічным каледжы, таксама раскрыў сабраным актуальную тэму выбараў і важнасць галасавання.

Ігар Жук, старшыня Гарадзенскага абласнога Савету дэпутатаў, які стаў таксама ўдзельнікам ІПГ, правёў аналагічную сустрэчу ў Воранаве з актывам і працоўнымі калектывамі раёну. У сустрэчы ўзялі ўдзел таксама старшыня Воранаўскага райвыканкаму Мікалай Розум, старшыня дэпутацкага корпусу раёну Алена Ганевіч, пракурор Воранаўскага раёну Валер'ян Калеснік, больш дробныя кіраўнікі розных аддзелаў і арганізацый. «Звяртаючыся да прысутных, Ігар Жук нагадаў патрабаванне кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў выніку хуткіх выбараў павінен быць сфарміраваны высокапрафесійны, працаздольны склад Парламента, у яго павінны прыйсці адукаваныя спецыялісты з усіх сфер, якім будзе па сілах распрацоўваць і прымаць празрыстыя і зразумелыя законы».

Аналагічныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі былі праведзены па ўсіх раённых цэнтрах вобласці. Відавочна, што галоўнае заданне ўсіх уладных структур, а такіх як ІПГ найперш – гэта забяспечыць больш-менш рэальную яўку выбарцаў на ўчасткі для галасавання. Працэс стварэння такіх ІПГ у час выбараў застаўся закрытым для назіральнікаў і журналістаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства