Віцебск: праваабаронца раздаў суддзям майкі з надпісам “Правасуддзе без забойства”

2019 2019-10-10T16:36:43+0300 2019-10-10T16:36:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/4-levinau-9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: "Віцебская вясна".

Фота: "Віцебская вясна".

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў перадаў усім суддзям судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду 14 маек з надпісам “Правасуддзе без забойства”. Такім чынам ён нагадаў суддзям пра Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца сёння – 10 кастрычніка.

Па інфармацыі "Віцебскай вясны", праваабаронца перадаў майкі з надпісамі “Правасуддзе без забойства” і “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню” супрацоўніцы судовай канцылярыі. Да стосу маек далучыў пісьмовы зварот, у якім тлумачыць суддзям, чаму выносіць смяротныя прысуды ў XXI стагоддзі – ганебная справа.

Павел Левінаў паведаміў, што зладзіў гэтую акцыю ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.

 Фота:

“Я вяду пастаянную працу з суддзямі абласнога суду, якія надзеленыя правам выносіць смяротныя прысуды. На вялікі жаль, яны выносілі смяротныя выракі і ў 2018-м, і ў 2019 гадах. І мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як жыхара Віцебскай вобласці і як праваабаронцу, гэта вельмі абурае. Таму што судовая ўлада Беларусі фактычна ўзаконьвае інстытут легальных забойцаў. І гэта ў  XXI стагоддзі ў краіне, якая лічыць сябе цэнтрам Еўропы. Гэтак ня мае быць!” – запэўнівае Павал Левінаў.

Праваабаронца паведаміў, што майкі атрымае кожны суддзя судовай калегіі па крымінальных справах, а іх у Віцебскім абласным судзе 14. Прызнаўся, што стараўся падабраць кожнаму па памеры.

“Вельмі спадзяюся, што кожны суддзя, надзеўшы саколку, задумаецца, а ці гэта нармальна – забіваць людзей ад імя дзяржавы”, – падсумаваў Левінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства