Палессе заварушылася: праходзяць перадвыбарчыя пікеты па зборы подпісаў Фота

2019 2019-09-12T12:50:57+0300 2019-09-12T15:20:14+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svetlagorsk-piket-2019-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляюць назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у галоўных гарадах Палесся патэнцыйныя кандыдаты на дэпутатаў актыўна ўключыліся ў выбары. Праўда, падпісанты, ставячы подпісы, часта выказваюць сумнеў, што на выбарах будзе выбар, піша "Палеская вясна".

Светлагорск

10 верасня з’явіўся першы пікет за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты ў самым праблемным горадзе Гомельшчыны. У мікрараёне «Першамайскі» подпісы збіраў Дзмітрый Савіч, які прадстаўляе грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь».

А 11 верасня ў Светлагорску адбылося ажно тры пікеты. З апоўдня і да 15-й гадзіны каля гарадскога цэнтра культуры збіралі подпісы за ўсё таго ж Дзмітрыя Савіча. А з 18-й гадзіны каля гандлёвага цэнтра «Березки» размясціліся адразу два пікеты. Адзін з іх у падтрымку экалагічнага актывіста Андрэя Смаленчука, які ўваходзіць у групу жыхароў, якія актыўна змагаюцца супраць смярдзючага завода беленай цэлюлёзы, што два гады таму збудавалі ў Светлагорску кітайцы, і з таго часу ён безкантрольна выкідае ў паветра небяспечны метылмеркаптан. За дзве гадзіны за вылучэнне Смаленчука кандыдатам на дэпутаты падпісаліся 50 светлагорцаў.

Побач месціўся пікет праўладнага прэтэндэнта на кандыдацтва Ігара Таўтына, старшыні мясцовага аддзялення створанага ўладамі грамадскага аб’яднання «Белая Русь», галоўнага лекара мясцовай лякарні, якая ўсяляк імкнецца не звязваць крывацёкі, ваніты, страту прытомнасці ды іншыя сімптомы, з якімі светлагорцы звяртаюцца да медыкаў падчас смуроду ад згаданага завода, з выкідамі меркаптану. Колькі гэтая група сабрала подпісаў яе чальцы назіральніку не паведамілі, але паводле назірання – недзе каля дзесяці.

Як паведамляе назіральніца Алена Маслюкова, падчас пікетавання да ініцыятыўнай групы Андрэя Смаленчука выйшаў адміністратар гандлёвага цэнтру «Березки», які паспрабаваў давесці, што ходнікі ўздоўж будынка цэнтра – прыватная тэрыторыя, і на іх ставіць пікеты нельга. На ягоныя спічы пікетоўцы не асабліва зважалі, але ён паабяцаў на наступны дзень «разборкі» ў райвыканкаме. Пры гэтым размешчаны за некалькі метраў ад пікета Смалянчука пікет «Белай Русі» ўвагі пільнага адміністратара зусім не прыцягнуў.

Калінкавічы

Першым пікетаванне па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41, у якую ўваходзіць і Акцябрскі раён, распачаў жыхар Акцябрскага Юрый Юкоўскі. Прычым, як раз у горадзе, дзе месціцца акруговая камісія і жыве найбольшая колькасць выбаршчыкаў акругі – Калінкавічах. Побач з галоўнай плошчай горада і ўнівермагам яму за чатыры гадзіны ўдалося сабраць 30 подпісаў. Як паведаміў назіральнік Андрэй Мядзведзеў, многія падпісанты прызнаваліся, што падыходзілі проста на бел-чырвона-белы сцяг і падпісваліся не «за» кагосьці, а «супраць» таго, што ёсць. Пры гэтым выказвалі сумнеў, што прэтэндэнту дадуць магчымасць справядліва і адкрыта змагацца за дэпутацкае месца.

Дарэчы, напярэдадні акруговая камісія на сваім трэцім паседжанні зарэгістравала па гэтай акрузе чацвёртую ініцыятыўную групу – дзейнага дэпутата Яўгена Адаменкі, які раней быў старшынём Калінкавіцкага, а пасля і Мазырскага райвыканкамаў. Але пакуль заўважнай актыўнасці ягонай ініцыятыўнай групы не бачна.  

Рэчыца

Тут прэтэндэнты на кадыдатаў пакуль не наважыліся на пікеты. Прадстаўніца ГА «Гавары праўду» Таццяна Ласіца ад самага 8 верасня штодня збірала подпісы праз абыход кватэраў жыхароў гораду. А іншая зарэгістраваная група – кіраўніка НГЗУ «Рэчыцанафта» Сяргея Стэльмашка, мабыць, разлічвае выкарыстоўваць іншыя спосабы збірання подпісаў, акрамя пікетаў.

Мазыр

У самым вялікім горадзе палескага рэгіёну – Мазыры, з пяці зарэгістраваных ініцыятыўных групаў пакуль ахвочых збіраць подпісы праз пікеты не знайшлося. Інфармацыю пра тое, ці адбываецца збор подпісаў праз абыход жытлаў выбаршчыкаў, ініцыятыўныя групы не распаўсюджвалі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства