viasna on patreon

Хто з гарадзенскай апазіцыі збіраецца на парламенцкія выбары?

2019 2019-08-23T10:59:11+0300 2019-08-23T15:56:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/wybare-2018-4-saranch.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўнікі апазіцыйных палітычных рухаў і партый Гарадзеншчыны распавялі наконт сваіх планаў на бягучую парламенцкую кампанію.

“Беларускі Народны Фронт бярэ ўдзел у выбарах і гарадзенская структура таксама, – тлумачыць кіраўнік гарадзенскага БНФ Вадзім Саранчукоў. – Але гаварыць зараз за ўвесь выбарчы перыяд крыху зарана. Трэба ісці ад этапу да этапу, карэктуючы свае дзеянні ў залежнасці ад сітуацыі. Зараз мы канцэнтруемся на камісіях. Пасля будзем глядзець, якім шляхам нам ісці далей”.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

24 жніўня БНФ праводзіць чарговы Сойм, на якім будуць разглядацца бягучыя пытанні па выбарах.

У гэты ж дзень Цэнтральная рада пройдзе і ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе (БСДГ). І там галоўнай будзе выбарчая тэматыка.

Складаную сітуацыю перад выбарамі ў Гарадзенскай структуры АГП не хавае кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі гэтай палітычнай партыі Уладзімір Пруднікаў.

“Мы рыхтаваліся да гэтых выбараў і галоўную стаўку рабілі на нашага абласнога кіраўніка Мікалая Саляніка. І як на кандыдата, і як на лідара, які павядзе за сабой іншых. У яго быў не толькі высокі аўтарытэт у арганізацыі, але і вельмі вялікая актыўнасць, якая давала надзеі на тое, што за ім і за нашымі ідэямі пойдуць не толькі партыйцы, але і іншыя гарадзенцы, – тлумачыць Уладзімір. – На жаль, так сталася, што Мікалай Салянік выключаны з партыі за тое, што увайшоў у БНК. З яго выключэннем з АГП гарадзенская структура нязгодна. Зразумела, што такая сітуацыя не ўзмацняе партыйную актыўнасць, асабліва ў выбарчы перыяд.

Уладзімір Пруднікаў
Уладзімір Пруднікаў

Сам Мікалай Салянік працягвае удзел у выбарчай кампаніі, толькі ўжо ў іншым аб’яднанні, з-за якога і ўзніклі ў яго праблемы з мінскім кіраўніцтвам АГП.

«Мы стараемся аб’яднаць пэўныя сілы вакол сябе. Зразумела, што ёсць такая пляцоўка як сацыял-дэмакраты. Мы плануем супрацоўнічаць і з хрысціянскімі дэмакратамі, і з іншымі, хто захоча ісці разам з намі і падзяляе нашы погляды. Да канца раскрываць нашыя планы яшчэ рана, але зараз у выбарчай кампаніі мы бярэм удзел”.

Мікалай Салянік. Фота:
Мікалай Салянік. Фота: "Гарадзенская Вясна".

Лідар хрысціянскіх дэмакратаў Гародні Яўген Дудкін таксама нешматслоўны.

“Магу сказаць, што ад БХД на выбары пойдуць адзін ці два чалавекі. Астатняе агучым неўзабаве”.

Яўген Дудкін, фота
Яўген Дудкін, фота "Радыё Свабода"

Прадстаўнікі структур, якія не могуць зарэгістравацца, таксама не хваляцца вялікай колькасцю кандытатаў. Ім застаецца вылучацца толькі зборам подпісаў як незалежным кандыдатам. Зрэшты, некаторыя партыйцы, якія маюць права вылучацца ад сваіх партый, паралельна плануюць збіраць подпісы, каб мець непасрэдны кантакт з выбаршчыкамі.

Можна ўжо сказаць з упэўненасцю, што дэмакратычная апазіцыя Гарадзеншчыны на гэтых выбарах будзе прадстаўлена не ў самым вялікім складзе, у параўнанні з мінулымі выбарамі, але яна будзе.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства