Калі расфармуюць выхаваўчую калонію ў Бабруйску?

2019 2019-08-02T08:14:38+0300 2019-08-02T08:15:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kalonija-2-babruisk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Выхаваўчая калонія №2 у Бабруйску. Фота: mogilev.online

Выхаваўчая калонія №2 у Бабруйску. Фота: mogilev.online

Адзіная калонія для непаўналетніх злачынцаў засталася толькі ў Бабруйску. Але чаму тады яна мае нумар два? Адказ просты: раней іх было наогул тры – яшчэ дзве знаходзіліся ў Віцебску і былі запатрабаваныя ў 90-я гады, калі ў краіне назіраўся разгул злачыннасці. Кожная з іх была разлічана прыкладна на 500 чалавек, - піша часопіс пра чалавека і ягоныя правы mspring.online. 

Напачатку 2000-х калоній засталося ўжо дзве. А ў 2013 годзе Віцебскую ВК-1 па вуліцы Гагарына было вырашана канчаткова закрыць, бо, па-першае, колькасць малалетніх злачынцаў стала зніжацца, а па-другое, дзяржава стала саджаць за краты непаўналетніх толькі ў крайнім выпадку. Пры гэтым трэба адзначыць, што гаворка ідзе аб мужчынскім кантынгенце. Асуджаныя дзяўчынкі адбываюць пакаранне ў спецыяльным аддзяленні пры Гомельскай жаночай папраўчай калоніі №4.

Чуткі аб магчымым расфарміраванні бабруйскай ВК-2 мусіруюцца ўжо трэці год. Нават сам Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) у рамках удасканалення крымінальна-папраўчай палітыкі стаў прасоўваць ідэю пераўтварэнні калоніі ў выхаваўчы цэнтр, мэтай якога была б рэсацыялізацыя дзяцей.

Па задумцы, гэта быў бы інтэрнат за межамі ахоўнай зоны з пакоямі па 4-6 чалавек замест сённяшніх атрадных казармаў ў 20-25 асуджаных. Дзеці, якія парушылі ўпершыню закон, маглі б пад кантролем выхавальнікаў самі весці побыт, насіць грамадзянскую вопратку. Для непаўналетніх ёсць і ідэя пабудаваць асобнае СІЗА, каб яны не перасякаліся з дарослымі арыштантамі.

kalonija-2-babruisk-2.jpg
Выхаваўчая калонія №2 у Бабруйску. Фота: mogilev.online

Аднак, калі гэта адбудзецца – застаецца загадкай. Аб ювенальнай юстыцыі ў Беларусі які год ставіць пытанне прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNICEF), аднак справа з мёртвай кропкі пакуль не рухаецца. Хоць на некаторыя змены пад ціскам міжнароднай грамадскасці беларускія ўлады ідуць. Напрыклад, у Крымінальна-выканаўчы кодэкс былі ўнесены папраўкі аб магчымасці прымянення больш мяккага пакарання ў дачыненні да непаўналетніх – пераводу з выхаваўчай калоніі ў выпраўленчую калонію-пасяленне. Таксама тэрмін утрымання ў дысцыплінарным ізалятары за парушэнні рэжыму быў скарочаны з 10 да 7 сутак, а колькасць спатканняў са сваякамі павялічана.

UNICEF парэкамендаваў ўладам, як трэба паводзіць сябе з дзецьмі, у якіх канфлікт з законам

Беларускія ўлады спасылаюцца на тое, што краіна пакуль не гатовая зрабіць наступны крок. Але і UNICEF не здаецца. На мінулым тыдні быў выпушчаны дапаможнік “Рэкамендацыі для дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам”. Партнёрамі UNICEF выступілі Брытанскае пасольства ў Менску і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

Мэтай дапаможніка заяўлена спроба пазнаёміць з асновамі адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці падлеткаў, іх бацькоў і ўсіх, каму трэба будзе мець зносіны з прадстаўнікамі праваахоўных і судовых органаў. Але пасля прачытання гэтай кніжкі складваецца ўражанне, што па ёй можна смела праводзіць рэформу і рэарганізоўваць ВК-2.

Адрасавана яна і тым, ад каго залежыць нагляд за выкананнем закона. Брашура ў 46 старонак абяцае цывілізаваны падыход у дачыненні да захавання правоў дзіцяці.

Але правапрымяняльная практыка такая, што ўсё часцей даводзіцца пісаць пра здзек над дзецьмі. Асноўная прычына крыецца ў выказванні прэзідэнта краіны ў адрас асуджаных за нарказлачынствы. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў для іх самых жорсткіх умоваў утрымання, а адміністрацыя калоніі баіцца не выканаць гэтае патрабаванне. Калі б не артыкул 328 «Незаконны абарот наркотыкаў», то бабруйская ВК-2 проста пуставала б. Сёння яна з трыма атрадамі па 80 чалавек запоўненая толькі напалову. А дзве траціны асуджаных – гэта менавіта “нарка”.

А першапачаткова галоўным кантынгентам ВК-2 былі маладыя людзі ва ўзросце ад 14 гадоў, асуджаныя за крадзяжы, рабаванні, разбой, згвалтаванні і забойства. Раней сюды ў большасці сваёй траплялі дзеці з няшчасных сем’яў, якія ў турме ўпершыню ўбачылі чыстыя пасцельныя прыналежнасці і ўпершыню былі забяспечаны трохразавым харчаваннем. Упершыню яны пад кантролем дарослых і давучваюцца ў размешчаным тут філіяле бабруйскай сярэдняй школы №32. Бабруйская ВК-2 рэальна выконвала сваю функцыю.

Ці зможа UNICEF пераламаць сітуацыю і пераканаць улады ў неабходнасці гуманізацыі абыходжання з малалетнімі злачынцамі – пакуль пытанне. Яшчэ адзін маленькі крок у гэтым кірунку зроблены. А каб вашы дзеці былі гатовыя да дарослага жыцця, раім усім азнаёміцца ​​(і пазнаёміць іншых) з тэкстам Рэкамендацый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства