Чаму суддзі часцей спасылаюцца на міжнародныя стандарты аб правах чалавека? Дакумент

2019 2019-06-28T11:28:54+0300 2019-06-28T11:28:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-smiarotnae.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Гомельскай Вясны" працягваюць весці кейс Марыі Тарасенка, якая спрабуе адстаяць сваё канстытуцыйнае права на свабоду мірных сходаў у гомельскім рэгіёне. 27 чэрвеня Марыя атрымала матывавальную частку судовага рашэння, у якой суддзя і старшыня суда Брагінскага раёна Аляксей Яшчанка ўспомніў не толькі аб канстытуцыйных правах беларусаў, але і міжнародных гарантыях ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў. Сітуацыю з імплементацыяй міжнароднага права ў нацыянальнай судовай практыцы для сайта «Гомельская Вясна» каментуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

Я апладырую спробам суддзяў агульнай юрысдыкцыі разабрацца ў міжнародным праве ў галіне выканання правоў чалавека. І няхай пакуль суддзі на месцах робяць гэта з нашай падказкі, спрабуючы ацаніць, напрыклад, абмежаванне права на мірны сход з пункту гледжання міжнародных стандартаў правоў чалавека, тым не менш вялікі шлях заўсёды пачынаецца з малога.

У цяперашні час мы разам з калегай Марыяй Тарасенка вядзем у кожным судзе гомельскага рэгіёну судовыя цяжбы, звязаныя з забаронамі на правядзенне мірных акцый пратэстаў супраць так званага тунеядцкага дэкрэта. Кожная наша скарга матываваная нормамі міжнародных стандартаў і суддзі, няхай нават калі і супраць сваёй волі, вымушаныя рэагаваць на нашу прававую аргументацыю.

Упэўнены, распачатая праца не пройдзе дарэмна, бо 24 кейса па забаронам мірных сходаў пройдуць праверку ўсіх судовых інстанцый, пасля чаго мы іх пакладзем на стол старшыні Вярхоўнага суда і спытаем: Валянцін Алегавіч (рэд. Сукала), чаму добраахвотна ўзятыя на сябе краінай на міжнародным узроўні абавязкі ў галіне правоў чалавека і нацыянальная судовая сістэма вось ужо 25 гадоў як самі па сабе?

Чаму суддзі матывуюць рашэння, напрыклад, самымі абсурднымі абмежаваннямі правоў грамадзян, выдуманых чыноўнікамі і пры гэтым адмаўляюцца ад выканання абавязацельстваў краіны, па якіх яны абавязаны аддаваць прыярытэт, напрыклад, міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама нагадваю, што Венская Канвенцыя аб праве міжнародных дагавораў пазбавіла суддзяў магчымасці спасылацца на ўнутранае права ў якасці апраўдання для адмовы ад гарантый, якія прадстаўляюцца міжнароднай дамовай.

Сёння самай вялікай праблемай з'яўляецца адсутнасць неабходных ведаў і практыкі ў суддзяў агульнай юрысдыкцыі па імплементацыі дэ-факта міжнародных абавязацельстваў краіны пры разглядзе спраў, звязаных з грамадзянскімі і палітычнымі правамі. Думаю, сёння добрай ініцыятывай была б ініцыятыва самога Вярхоўнага суда даць тлумачэнне судам у выглядзе пастановы свайго Пленума аб практыцы прымянення норм міжнародных дамоваў.

У любым выпадку працу па навучанні суддзяў міжнародным стандартам аб правах чалавека рана ці позна давядзецца пачынаць. Усе нашы суседзі ёю карыстаюцца і як бачым, іх нацыянальныя судовыя сістэмы не пацярпелі, а хутчэй наадварот, узбагачаюцца еўрапейскай судовай практыкай па правах чалавека. Навошта нам заставацца адзінай краінай у Еўропе, грамадзяне якой пазбаўленыя права на апеляцыю ў Еўрапейскі Суд па правах чалавека?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства