Эканаміста Чалага таксама асудзілі за “Чарнобыльскі шлях”
У судзе Савецкага раёна Мінска 17 траўня прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да эканаміста-аналітыка Сяргея Чалага. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - «Чарнобыльскім Шляху», які прайшоў у Мінску ў пятніцу 26 красавіка. Пачатак судовага паседжання ў 10-30.
Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складзены на падставе ч.1 арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Позву ў суд Сяргей Чалы змясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Суддзя Сяргей Шаціла вынес пастанову аб прыцягненні Сяргея Чалага да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь. Цікава, што сведка-міліцыянт падчас допыту на судзе пераблытаў Чалага з іншым удзельнікам акцыі. Аднак гэта ніяк не паўплывала на рашэнне суддзі.
“Чарнобыльскі шлях – 2019” – самы нешматлюдны за ўсю гісторыю іх правядзення: удзел бралі, апрача журналістаў і супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, прыкладна каля 40-ка грамадзян. Аднак па ўзроўню адміністрацыйнага пераследу ягоных удзельнікаў імкнецца да сумнага лідэрства.
Праваабаронцам вядома, што шасцёра ягоных удзельнікаў пакараны адміністрацыйнымі штрафамі і папярэджаннямі, а ў дачыненні яшчэ да некалькіх удзельнікаў маршу складзеныя пратаколы, якія чакаюць свайго разгляду ў судах.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96