Любоў Кавалёва: Адмена смяротнай кары ратуе жыццё памылкова асуджаным

2019 2019-03-21T09:52:27+0300 2019-03-21T11:02:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kavaliova-2019-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Любоў Кавалёва на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання ў Осла. 2016 год. Фота: naviny.by

Любоў Кавалёва на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання ў Осла. 2016 год. Фота: naviny.by

Напрыканцы лютага ў Брусэлі прайшоў 7-мы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання. Удзел у панэльнай дыскусіі форуму “Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?” ўзяла і віцяблянка Любоў Кавалёва – маці расстралянага ў 2012 годзе Ўладзіслава Кавалёва. Па вяртанні ў Віцебск яна падзялілася з "Віцебскай Вясной" сваімі развагамі і назіраннямі.

Беларусь – крывавая пляма на мапе Эўропы

- Гэта ўжо другі кангрэс, на якім мне давялося ўдзельнічаць. Першы раз была ў 2016 годзе ў Осла. І вось за два з паловай гады, якія прайшлі з таго часу, яшчэ большая колькасць краінаў адмовілася ад смяротнага пакарання. Агулам 146 краінаў сьвету выракліся гэтай ганебнай практыкі. На жаль, Беларусь застаецца адзінай цёмнай плямай на мапе Эўропы. У працы сёлетняга кангрэсу бралі ўдзел прадстаўнікі Еўрапарлямэнту ды Савету Еўропы. Ад Беларусі ўдзельнічалі дзве дэлегацыі. Афіцыйную прадстаўлялі кіраўнік рабочай групы НС РБ па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакараньня Андрэй Навумовіч і намесьнік міністра замежных справаў Алег Краўчанка. Недзяржаўная дэлегацыя была прадстаўленая праваабаронцамі “Вясны” Валянцінам Стэфановічам і Андрэем Палудам. Беларускія праваабаронцы падалі альтэрнатыўны погляд на праблему. Яны цесна кантактуюць са сваякамі асуджаных, вывучаюць усе бакі праблемы смяротнага пакарання. Менавіта праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што мараторый на смяротнае пакаранне альбо яе адмена залежыць выключна ад палітычнай волі кіраўніцтва краіны.

Любоў Кавалёва. Фота: ПЦ

“Навошта тады дыялог?..”

- Калі шчыра, я не зразумела, які ўвогуле быў сэнс удзелу ў форуме афіцыйнай дэлегацыі. Яго хіба што можна выказаць адной фразай: “мы гатовыя да канструктыўнага дыялогу”. Усё. Гэта, па сутнасці, і было адзіным адказам на канкрэтнае пытанне: “Што перашкаджае краіне адмяніць смяротнае пакаранне?” Адмяняць яго яны не збіраюцца. Дык навошта тады дыялог? Не разумею…”

“Уражанне, што ўлады гандлююцца…”

- Якая сапраўдная прычына такой упартасці афіцыйнага Менску? Я ня ведаю, што ім перашкаджае. У нас 13 артыкулаў Крымінальнага кодэксу прадугледжваюць смяротнае пакаранне, але сярод іх –толькі адзін за забойства. Астатнія 12 маюць у сваёй сутнасці палітычную афарбоўку.

Разам з тым маем крымінальныя артыкулы, якія прадугледжваюць пажыццёвае зьняволенне. Дык чаму б у такім разе такое ж самае пакаранне не прадугледзець па ўсіх “смяротных” артыкулах? Дзе логіка? Складваецца ўражанне, што ўлады папросту гандлююцца і ні на якія саступкі ў пытаньні сьмяротнага пакараньня бязь зьдзелкі ня пойдуць…

“Што робяць улады, каб змяніць сітуацыю?..”

- У сваіх выказваннях Навумовіч спасылаецца на рэфэрэндум 1996 году, які падтрымаў прынцып “вока за вока, зуб за зуб”. Але што робяць улады, каб змяніць сытуацыю?

Калі я не памыляюся, згодна з вынікамі нядаўніх апытанняў, 50% беларусаў усё яшчэ падтрымліваюць пакаранне смерцю, нейкі адсотак – супраць. Але самае цікавае, што 23% нашых суайчыннікаў увогуле ня ведаюць, што ў Беларусі дагэтуль караюць сьмерцю. Спадар Навумовіч кажа, што яны “вядуць працу з насельніцтвам”, але ж адзіная сустрэча ў Віцебску на гэтую тэму была арганізаваная з ініцыятывы амбасады Вялікабрытаніі, Андрэй Навумовіч толькі далучыўся да яе. А я, дарэчы, нічога і ня ведала пра тую сустрэчу. Але ж хто, калі ня я, мусіла там прысутнічаць? Калі б не паведаміў адзін віцебскі праваабаронца, дык і не патрапіла б…

 Любоў Кавалёва. Фота: ПЦ

“Усё як у 1937-м годзе…”

- У іншых краінах можна гадамі падаваць справы на перагляд. У невінаватых людзей застаецца шанец. Там ня так хутка расстрэльваюць, як у Беларусі.

На форуме выступаў чалавек, які быў асуджаны на смерць і адседзеў у турме 27 гадоў. Ён распавёў, што дзякуючы сучасным экспертным метадам пры пераглядзе ягонай справы была даведзеная ягоная невінаватасьць. І яго выпусьцілі! Ён атрымаў вялікую грашовую кампэнсацыю… У нас жа судовыя ўлады не прызнаюць сваіх памылак.

Нашых хлопцаў (мае на ўвазе асуджаных у 2012 годзе за тэракт у менскім мэтро – ВВ)  зьнішчылі праз  два месяцы. Сляды замяталі. І спадзявацца на перагляд справы не даводзілася. Такія падыходы даўно адрынутыя сусветнай супольнасцю. І таму імкненне зразумець пазіцыю афіцыйнага Менску на форуме было сапраўды шчырым. Задавалася шмат пытанняў, у тым ліку і новаму спецдакладчыку ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

Прадстаўніца Генеральнага ўпраўлення па правах чалавека і вяршэнства права Савету Еўропы Тацяна Тэрмачыч узгадала, што прысутнічала на тым судзе, які выносіў смяротны прысуд. Суд цягнуўся 10 хвілінаў. Гэта неверагодна, абуралася яна. У беларускіх судах няма ні спаборніцтва бакоў, ні адкрытасці. Усё як у 1937-м годзе. Канваіры прывялі асуджанага, суддзя зачытаў прысуд... І ўсё…

 

“Нават у Расеі не караюць смерцю…”

- Калі слова далі мне, я сказала, што прысуд па той справе грунтаваўся на здагадках і меркаваннях. Ніякіх доказаў не было. Сказала, што хлопцаў вельмі хутка расстралялі…

Выступіла таксама дачка Генадзя Якавіцкага, якая распавяла сітуацыю са сваім бацькам.

Калі дзяржава кажа пра сваю адкрытасць і шчырасць – дык чаму тады яе суды закрытыя? Чаму ў дасудовы перыяд на сведкаў чыняць ціск? Чаму іх змушаюць гаварыць тое, што патрэбна пракуратуры? Нават у Расеі не караюць смерцю…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства