У Віцебску затрымлівалі Барысу Хамайду – “загрувашчваў вуліцу”

2019 2019-03-14T16:00:14+0300 2019-03-14T16:29:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/chamajda2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Хамайда

Барыс Хамайда

У чацвер 14 сакавіка каля 12-й гадзіны ля “сіняга дому” ў Віцебску быў затрыманы Барыс Хамайда. У Чыгуначным РАУС на яго склалі адміністрацыйны пратакол за “загрувашчванне вуліцы” (арт. 21.14 КаАП). У міліцыі віцебскі апазыцыянер прабыў больш за гадзіну, паведамляе "Віцебская вясна".

Пазней Барыс Хамайда расказаў, што ў гэты дзень, як заўсёды, стаяў каля дому па вуліцы Леніна, 28 у Віцебску, дзе распаўсюджваў незалежныя выданні. Міліцыянты падышлі прыкладна праз 15 хвілін пасля таго, як ён паразмаўляў з віцебскім журналістам – гаворка была пра 25-годдзе Канстытуцыі РБ.

“Яны падышлі і запатрабавалі, каб я сышоў з гэтага месца. А калі адмовіўся, паведамілі, што парушаю заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і што яны мяне затрымліваюць”, – распавёў Барыс Хамайда.

Але ў аддзяленні міліцыі Хамайда даведаўся, што яго абвінавачваюць у парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў – паводле арт. 21.14 КаАП. Нібыта затрыманы “загрувашчваў сваёй маёмасцю вуліцу”. Артыкул прадугледжвае пакаранне штрафам да 5 базавых велічынь. Барыс Хамайда пратаколу не падпісаў.

Расказаў, што на пытанне, чаму ж яго ўсё-такі затрымалі, супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, адказаў з усмешкай: “Ну дык заўтра ж Дзень Канстыцыі…”

Хамайда зазначыў, што да гэтага амаль цягам году міліцыянты не мелі да яго аніякіх прэтэнзій.

Апошні раз Барыса Хамайду затрымлівалі ў чэрвені 2018 году, перад адкрыццём “Славянскага Базару ў Віцебску”.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства