Актывісты са Светлагорску: "Уражанне, што гэты міністр нічога не вырашае"

2019 2019-02-06T15:41:04+0300 2019-02-08T18:24:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svetlogorski_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Марозаў, Алена Маслюкова і Вадзім Болбас

Мікалай Марозаў, Алена Маслюкова і Вадзім Болбас

Актывісты са Светлагорску, што выступаюць супраць запуску цэлюлоза-кардоннага камбіната (СЦКК) і завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ), сустрэліся з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам.

Цікава, што першапачаткова ініцыятыўная группа хацела патрапіць да міністра ў складзе з шасці чалавек, аднак памочнік міністра разбіў группу на некалькі. У выніку з міністрам размаўлялі два чалавекі індывідуальна, а за імі прышла група з трох чалавек – Алена Маслюкова, Вадзім Болбас і Мікалай Марозаў.

“Мы паднімалі пытанні тэхналагічнага і экалагічнага характару, гаварылі пра звароты грамадзянаў – што нам даюць няпоўныя адказы на нашыя канкрэтныя пытанні, і таксама вялася размова пра апошнюю аварыю, якая адбылася 19 студзеня, і пра тую інфармацыю, якую даюць дзяржаўныя СМІ і гарадскія ўлады на гэты конт", – распавяла Алена Маслюкова.


Нагадаем, чарговы інцыдэнт на заводзе беленай цэлюлозы здарыўся ў суботу 19 студзеня. Светлагорскія грамадскія актывісты ў прамежак часу паміж 13:30 і 14:10 зафіксавалі моцны зліў бруднай вадкасці цёмна-карычневага колеру з пенай па ліўнёвай каналізацыйнай трубе з тэрыторыі завода ў Бярэзіну. Пры гэтым адчуваўся характэрны смурод.

Зліў бруднай вадкасці цёмна-карычневага колеру з заводу


Актывісты ўзялі з сабой ваду са сліва і прынеслі яе міністру. Чыноўнік выслухаў іх, спрабаваў апраўдвацца. 

"Міністр нас выслухаў, мы з ім дыскутавалі. Але тут такая сітуацыя: калі Міністэрства рабіла экалагічную экспертызу гэтага завода (і першую, і другую частку) і службовыя асобы дапусцілі такі ляп – гэта паказвае на іх непрафесіяналізм. І цяпер мы маем не толькі тое, што да сённяшняга дня пуска-наладкавыя работы вядуцца ўжо больш за год і завод дагэтуль не запушчаны, дык яшчэ і выкіды мецілмеркаптана*, які выкідаецца рэгулярна і не ўлічваецца ніякім чынам, бо няма прыбораў, няма методыкаў", – падкрэсліла праваабаронца.

Цікава, што ў першай экспертызе чыноўнікі не меркавалі ніякіх выкідаў мецілмеркаптану ўвогуле. Калі яны зрабілі другую частку экспертызы – то ўжо ўключылі выкіды ў яе, г. зн. як бы легалізавалі іх, але вымярэнняў так і не праводзілі.

Міністр паабяцаў актывістам, што напрыканцы лютага з’явіцца нарэшце прыбор для вымярэнняў, яго перададуць белгідрамедцэнтру, які будзе рабіць заборы пробаў.

"Але паўстае пытанне: хто будзе несці адказнасць за год і чатыры месяцы, што з зайздроснай рэгулярнасцю атручвалі прыроду і людзей, якія жывуць у Якімавай Слабадзе і ў Светлагорску?

Міністр абяцаў разабрацца, але ўражанне, што гэты міністр нічога не вырашае", – адзначыла Алена Маслюкова.

У актывістаў няма спадзяванняў, што да канца лютага ўсё, што было паабяцана, будзе зроблена. Таму, акрамя вуснай размовы, яны пакінулі ў Міністэрстве і пісьмовыя заявы з надзеяй, што нарэшце чыноўнікі дадуць поўныя грунтоўныя адказы на ўсе пытанні, якія былі пастаўленыя.


*Мецілмеркаптан – бескаляровы атрутны газ з моцным агідным пахам, які пры малых канцэнтрацыях нагадвае пах гнілой капусты, максімальная разавая гранічна дапушчальная канцэнтрацыя для атмасфернага паветра населеных месцаў складае 0,009 мг/кв.м.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства