viasna on patreon

Чаму ўсе “свіслацкія” штрафы незаконныя? Адказваюць праваабаронцы

2019 2019-01-18T16:05:19+0300 2019-01-18T16:05:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svislach-2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзень памяці паўстанцаў 1863-64 гг. у Свіслачы.

Дзень памяці паўстанцаў 1863-64 гг. у Свіслачы.

Апошні дзень Памяці паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы, які прайшоў 27 кастрычніка 2018 году, прынёс для грамадскіх актывістаў Гарадзеншчыны вялікія штрафы. “Гарадзенская Вясна” падводзіць сумныя вынікі гэтых ганебных для сілавых структур і судоў адміністрацыйных працэсаў.

Напомнім, што ўсяго Свіслацкі раённы суд аштрафаваў восем чалавек:

Старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін засудзіў свіслацкіх грамадскіх актывістаў Юрыя Глебіка (25 базавых велічынь) і Віктара Пяцельчыца (10 базавых), гарадзенцаўВіктара Сазонава (15 базавых), Ігара Банцара (15 базавых) і Ежы Грыгенчу (20 базавых). А суддзя Жана Салагубік аформіла штрафы гарадзенцам Уладзіміру Хільмановічу (15 базавых), Мікалаю Саляніку (25 базавых) і Сяргею Верамеенку (15 базавых).

У Гарадзенскім абласным судзе ўжо “разгледжаны” пяць касацыйных скаргаў. Вынікі былі прадказальнымі і не ўсталявалі законнасць і справядлівасць.

  • 18 снежня суддзя Аляксандр Козел не задаволіў скаргу Юры Глебіка.
  • 26 снежня суддзя Валерый Раманоўскі не задаволіў скаргу Віктара Сазонава.
  • 27 снежня суддзя Анатоль Заяц не задаволіў скаргу Ежы Грыгенчы.
  • 3 студзеня, суддзя Андрэй Ліхач не задаволіў скаргу Ігара Банцара.
  • 15 студзеня, суддзя Андрэй Ліхач не задаволіў скаргу Уладзіміра Хільмановіча.

Яшчэ дзве касацыйныя скаргі пакуль не разгледжаны.

Гарадзенскія праваабаронцы па пунктах тлумачаць, чаму гэтыя карныя пастановы незаконныя:

1. Доказаў віны грамадскіх актывістаў у матэрыялах адміністрацыйных спраў зусім няма. Усё абвінавачванне базуецца толькі на пратаколах пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, складзеных старэйшым інспектарам прафілактыкі ААПП Свіслацкага РАУСа міліцыі, маладой і недасведчанай Кацярынай Радзівонік. Характэрна, што яе сведчанні ў судзе наўпрост супярэчылі зместу пратаколаў. Такім чынам факт фізічнай прысутнасці людзей у Свіслачы 27 кастрычніка 2018 году неабгрунтавана і незаконна быў кваліфікаваны як парушэнне артыкулу 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь. Не было прадстаўлена аніводнага факту парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Рапарты супрацоўнікаў міліцыі таксама пераважна паказваюць на тое, што грамадскія актывісты нічога не парушалі і фактычна сведчаць на карысць абвінавачаных. Гэта ж даказвае і відэаматэрыял, які ёсць у матэрыялах справы.

2. Невінаватасць грамадскіх актывістаў даказвае і той факт, што ў час іх знаходжання ў Свіслачы 27 кастрычніка 2018 г. ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не папярэджваў нікога пра тое, што яны нешта парушаюць. Такія дзеянні пераапранутых у цывільнае міліцыянтаў, якія нават не прадстаўляліся і ніяк сябе не абазначалі, былі па-сутнасці правакацыйнымі. Па гэтых фактах павінна была быць праведзена службовая праверка. Аднак кіраўніцтва Свіслацкай міліцыі ў асобе начальніка аддзела Свіслацкага РАУС Валерыя Раманчука ў адказ на адпаведную скаргу па-сутнасці ўхілілася ад такой праверкі.

3. У матывіровачных частках пастановаў Свіслацкі раённы суд спасылаецца на тое, што Свіслацкі райвыканкам не даваў дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў у Свіслачы і на тэрыторыі раёна 27-28 кастрычніка 2018 г. Але ніякага масавага мерапрыемства ў выглядзе мітынгу, шэсця і іншых дзеянняў, якія падлягаюць пад юрыдычную дэфініцыю “масавае мерапрыемства”, 27 кастрычніка ў Свіслачы не было. Наведванне могілак, ускладанне да магілаў кветак, устаноўка лампадаў, падыход да помнікаў культуры і архітэктуры юрыдычна не з’яўляюцца масавым мерапрыемствам. Выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі таксама не забараняецца ў Рэспубліцы Беларусь аніводным заканадаўчым актам. Таму сцверджэнні прадстаўнікоў міліцыі і суда пра масавае мерапрыемства з’яўляюцца юрыдычна абсурднымі. Складзеныя рапарты прадстаўнікоў міліцыі і пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні маюць заказны палітычны характар, сфабрыкаваныя з відавочным парушэннем грамадзянскіх канстытуцыйных правоў.

4. Права ж знаходзіцца на вуліцы гарантавана грамадзянам краіны артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кажа: “Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх вольнае выяўленне. Ніхто не можа быць прымушаны да выяўлення сваіх перакананняў ці адмовы ад іх”.

Такім чынам увесь адміністрацыйны пераслед і карныя пастановы Свіслацкага раённага суда з’яўляюцца прамым парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь і таму ёсць незаконнымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства