Amnesty International асуджае новыя расстрэлы ў Беларусі

2018 2018-12-06T11:35:33+0300 2018-12-06T12:26:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/amnesty_international-banner.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Amnesty International рашуча асуджае нядаўняе прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да двух вязняў у Беларусі.

На мінулым тыдні сем’і Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова пацвердзілі Праваабарончаму цэнтру “Вясна” інфармацыю аб тым, што яны атрымалі афіцыйнае паведамленне аб расстрэлах. Акрамя таго, паводле інфармацыі, атрыманай ПЦ “Вясна”, абодва асуджаныя, верагодна, былі расстраляныя ў ноч з 19 на 20 лістапада.

Беражной і Гершанкоў былі прысуджаныя да смяротнага пакарання 21 ліпеня 2017 па абвінавачванні ў забойстве шасці чалавек. У снежні 2017 года Вярхоўны суд пакінуў прысуды ў сіле.

Камітэт па правах чалавека ААН накіраваў інфармацыю ўраду Беларусі з патрабаваннем адкласці выкананне прысудаў пакуль абедзьве справы знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце. Як і ў шматлікіх папярэдніх выпадках, беларускія ўлады расстралялі абодвух асуджаных у парушэнне сваіх абавязальніцтваў паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека.

Сёлета, як мяркуецца, ужо былі расстраляныя два іншыя зняволеныя. Падчас слуханняў у Вярхоўным судзе ў траўні прысуджаны да смяротнага пакарання Вячаслаў Сухарка заявіў, што ў ноч з 15 на 16 траўня Аляксей Міхаленя і Віктар Лётаў былі выведзеныя з камеры і назад не вярнуліся. У чэрвені, калі Amnesty International папрасіла беларускіх чыноўнікаў пацвердзіць лёс двух мужчын, ёй паведамілі, што “мы ведаем тое, што і вы”. Беларускія ўлады пакуль публічна не пацвердзілі гэтыя расстрэлы, што ў чарговы раз дэманструе адсутнасць празрыстасці вакол дадзенага пытання.

“Гэта падобна на паралельны сусвет”, — кажа Мары Стратэрс, дырэктарка рэгіянальнага бюро Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — “З аднаго боку, беларускія ўлады супрацоўнічаюць з міжнароднай супольнасцю па пытанні адмены, адначасова працягваючы таемна расстрэльваць вязняў. Целы не вяртаюцца сем’ям для пахавання, а месцы пахавання не раскрываюцца, што прыносіць надзвычайныя пакуты для сем’яў”.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на прасторы былога Савецкага Саюза, якая працягвае прымяняць смяротнае пакаранне. Апошнія выпадкі былі шырока асуджаныя міжнароднай супольнасцю, у тым ліку Еўрапейскім саюзам і Саветам Еўропы.

Прынамсі два чалавекі — Вячаслаў Сухарка і Аляксандр Жыльнікаў — па-ранейшаму знаходзяцца ў камеры смяротнікаў. Ім пагражае немінучы расстрэл.

“Беларускія ўлады павінны ўзяць палітычнае кіраўніцтва ў свае рукі шляхам увядзення неадкладнага мараторыя на прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў як важнага кроку на шляху да яго адмены”, — працягвае Мары Стратэрс. — “Яны павінны неадкладна замяніць смяротныя прысуды Вячаславу Сухарку і Аляксандру Жыльнікаву. Надышоў час, каб Беларусь далучылася да ўсіх сваіх суседзяў, што б стварыла рэгіён, вольны ад смяротнага пакарання”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства