ПАПЯРЭДНІ МЭМАРАНДУМ Х.ПУРГУРЫДЭСА “ЗЬНІКЛЫЯ АСОБЫ Ў БЕЛАРУСІ” (ДРУГАЯ ЧАСТКА)

2003 2003-12-19T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода

гл. першую частку

32. Улічваючы тое, што і міністар унутраных справаў, і генэральны пракурор прыйшлі да высновы, што абвінавачаньні генэрала Лапаціка былі неабгрунтаванымі, я спытаўся, якія юрыдычныя або дысцыплінарныя дзеяньні былі прадпрынятыя супраць генэрала Лапаціка.
33. Мне сказалі – падобнымі фармулёўкамі і сп. Навумаў, і сп. Шэйман – што ніякіх жорсткіх захадаў супраць генэрала Лапаціка не было зроблена са збольшага гуманітарных прычын, бо ён сур’ёзна захварэў у пачатку 2001 году і быў змушаны пайсьці ў адстаўку за чатыры месяцы да заканчэньня ягонага звычайнага тэрміну.

34. Шчыра, я ня веру, што “гуманітарныя прычыны” маглі спыніць улады любой краіны, пра якую я магу падумаць, ад накладаньня дысцыплінарных санкцыяў альбо перасьледу за паклёп высокапастаўленага дзяржаўнага чыноўніка, які абвінавачвае найвышэйшых прадстаўнікоў дзяржавы ў тым, што яны замовілі забойства спэцслужбамі трох важных апазыцыйных фігураў ды які не адмаўляецца ад сваіх сьцьвярджэньняў нават пасьля таго, як яны абнародаваныя, увесь час адмаўляючыся раскрыць свае крыніцы – нават свайму міністру – і адмаўляючыся даваць паказаньні, нават паводле позвы. Улады ясна аддалі перавагу пазьбяганьню публічнага суду, дзе былі б узятыя сьведчаньні й заслуханыя сьведкі.

35. Таму я ўважаю само існаваньне рапарту генэрала Лапаціка, ягоны зьмест і асабліва той спосаб, якім ён быў “расьсьледаваны”, за магутную падтрымку маіх вышэй пададзеных папярэдніх высноваў. З улікам таго, што прэзыдэнцкая сыстэма прэвалюе, й спосабу, якім звычайна кіруюць краінай, я таксама знаходжу цяжкім паверыць, што вышэй згаданае магло мець месца бязь ведама прэзыдэнта. Я адчуваю сябе падтрыманым у маіх поглядах заявамі прэзыдэнта, працытаванымі ў звароце спн. Ганчар і спн. Красоўскай да сп. Латыпава, кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, сп. Нявыгласа, сакратара Савету Бясьпекі, і сп. Ерына, старшыні Камітэту дзяржаўнае бясьпекі.

4. Арышт і хуткае вызваленьне палкоўніка Паўлічэнкі ў лістападзе 2000 году

36. Сп. Паўлічэнка быў арыштаваны 22 лістапада 2000 году, г.зн. празь дзень пасьля таго, як абвінавачаньні генэрала Лапаціка былі прадстаўленыя ўвазе міністра ўнутраных справаў Навумава. Ордэр на арышт, падпісаны тагачасным старшынём беларускага КГБ Мацкевічам і санкцыянаваны тагачасным генэральным пракурорам Бажэлкам, гаворыць наступнае:

37. “Матэрыялы апэратыўнага расьсьледаваньня утрымліваюць вартыя даверу дадзеныя, якія пацьвярджаюць, што Дзьмітры Васільевіч Паўлічэнка ёсьць арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, датычнай да выкраданьня й фізычнага зьнішчэньня людзей. У прыватнасьці, крымінальная група на чале з Д.В.Паўлічэнкам была ўцягнутая ў забойства Г.В.Самойлава, лідэра РНЕ, незарэгістраванай беларускай рэгіянальнай арганізацыі, гэтаксама як у забойствах іншых людзей. Прымаючы ў разьлік факт, што Д.В.Паўлічэнка ды ягоная крымінальная група могуць зьдзейсьніць далейшыя злачынствы пэўнага гвалту, […], вырашана [прымяніць прэвентыўнае затрыманьне на 30 дзён].”

38. Нягледзячы на пэрыяд затрыманьня, указаны ў ордэры, сп. Паўлічэнка быў вызвалены цягам наступных дзён. У лісьце ад лістапада 2002 году сп. В.Д.Фралову, сябру палаты прадстаўнікоў Беларусі, які запытаў інфармацыю пра зьнікненьні, генэральны пракурор Шэйман удакладніў, што сп. Паўлічэнка быў арыштаваны паводле падозраньня ўва ўчыненьні актаў гвалту супраць А.В.Грачова што да крымінальнай справы, якой займалася рэспубліканская пракуратура. На наступны дзень Паўлічэнка быў вызвалены “паводле інструкцыі старшых афіцэраў КГБ на падставе таго, што затрыманьне было незаконным”, як мне сказаў сп. Шэйман і як заяўлена ў вышэй згаданым лісьце генэральнага пракурора сп. В.Д.Фралову, на які я зноў спашлюся ніжэй. Такім чынам, сп. Шэйман даў ілжывую інфармацыю сп. Фралову, таму што сп. Паўлічэнка быў арыштаваны не на падставе, указанай ім, а за мажлівае забойства сп. Самойлава ды іншыя забойствы.

39. Сем’і зьніклых ды іхныя адвакаты, а таксама сп. Алкаеў, сьцьвярджаюць, што кіраўнік КГБ Мацкевіч загадаў правесьці арышт у рамках расьсьледаваньня чатырох “зьнікненьняў”, а ордэр на арышт базаваўся на іншых абвінавачаньнях, каб ажыцьцявіць арышт.

40. Былы міністар сельскай гаспадаркі Лявонаў, зь якім я сустрэўся ў Менску, сказаў, што сам прэзыдэнт Лукашэнка груба скрытыкаваў КГБ за арышт Паўлічэнкі. Гэтае сьцьвярджэньне падаецца вартым даверу, улічваючы факт, што Паўлічэнка быў вызвалены з ізалятару неўзабаве пасьля свайго арышту, нягледзячы на той факт, што ён быў арыштаваны на падставе ордэру, падпісанага кіраўніком КГБ і санкцыянаваным генэральным пракурорам. Хто, дзіўлюся я, меў уладу вызваліць яго з-пад арышту за сэрыю забойстваў? Сп. Лявонаў таксама пацьвердзіў мне, што тагачасны генэральны пракурор Бажэлка сказаў яму асабіста, што таксама падзяляе пункт погляду Лапаціка й Мацкевіча. Сем’і зьніклых сьцьвярджаюць, што падчас ягонага затрыманьня Паўлічэнка прызнаўся ў забойствах “зьніклых” ды іх падаплёцы й што ягонае прызнаньне было запісанае на кампутар КГБ. Я папрасіў улады аб расшыфроўках допыту Паўлічэнкі падчас ягонага затрыманьня.

41. Хаця ўсё яшчэ ёсьць некаторая няпэўнасьць наконт гэтага пытаньня, паколькі я не пабачыў расшыфроўку допыту сп. Паўлічэнкі й сп. Бажэлка й сп. Мацкевіч працягваюць маўчаць, я мушу прызнаць, што быў ашаломлены тым бясспрэчным фактам, што палкоўнік Паўлічэнка, якога былы міністар унутраных справаў Сівакоў апісаў мне вельмі цёплымі фармулёўкамі як надзейнага кар’ернага афіцэра, што падае надзеі, быў арыштаваны паводле загаду кіраўніка КГБ і генэральнага пракурора як падазраваны “арганізатар і кіраўнік крымінальнай структуры, датычнай да выкраданьня і фізычнага зьнішчэньня людзей”.

42. Той факт, што генэральны пракурор напісаў парлямэнтару й даў ілжывую інфармацыю, ёсьць яшчэ адным ясным сьведчаньнем прыхоўваньня. У дадатак, улічваючы, што ордэр на арышт, падпісаны кіраўніком КГБ (і санкцыянаваны тагачасным генэральным пракурорам), быў выдадзены на адзін месяц, як маглі ўсяго толькі “старшыя афіцэры КГБ”, як Шэйман напісаў Фралову, вызваліць яго праз 24 гадзіны? Якімі маглі быць захады расьсьледаваньня, зробленыя цягам гэтых 24 гадзін, што давялі невінаватасьць Паўлічэнкі?

5. Паведамленьне пра ліст былога генэральнага пракурора А.Бажэлкі ягонаму расейскаму калегу з просьбай аб спэцыялізаваным абсталяваньні

43. Мне сказалі сем’і зьніклых і сп. Лявонаў, што былы генэральны пракурор Бажэлка прыйшоў да высноваў, падобных на высновы генэрала паліцыі Лапаціка. 21 лістапада 2000 году ён нібыта напісаў свайму расейскаму калегу генэральнаму пракурору В.Усьцінаву, каб зрабіць запыт на выкарыстаньне спэцыяльнага абсталяваньня й дасьведчаных адмыслоўцаў дзеля вызначэньня месца пахаваных целаў. Гэты запыт быў – зноў жа нібыта – скасаваны іншым лістом, датаваным 27 лістапада 2000 году – днём звальненьня А.Бажэлкі й У.Мацкевіча, кіраўніка беларускага КГБ.

44. Генэральны пракурор Шэйман, спадкаемец сп. Бажэлкі, у адказ на маё пытаньне катэгарычна абвергнуў, што такія лісты існавалі. Намесьнік генэральнага пракурора ўдакладніў, што не было афіцыйнага запісу пра такі ліст у справе. Але ён ня мог выключыць, што “прыватна” такі ліст мог быць дасланы офісам Бажэлкі.

45. Ясна, што было б цікава ведаць, ці сапраўды быў дасланы такі ліст, бо ён меў бы сэнс толькі калі прыблізнае месца знаходжаньня пахаванага цела або целаў было ўжо вядомае сьледчым.

6. Іншыя дэталі гісторыі былога генэральнага пракурора Бажэлкі, расказаныя сп. Лявонавым

46. Сп. Лявонаў далей расказаў мне ў Менску, што сп. Бажэлка, які дагэтуль жыў у Менску, але не адказваў на любыя тэлефанаваньні, паінфармаваў яго асабіста, перад сьведкамі, у ліку якіх быў вядомы расейскі журналіст Павал Шарамет, што зьнікненьні, якія знаходзяцца пад пытаньнем, былі здырыжаваныя сп. Шэйманам і выкананыя спэцыяльным аддзелам, створаным былым міністрам унутраных справаў Сіваковым і ачольваным палкоўнікам Паўлічэнкам. Бажэлка таксама зрабіў спасылку на існаваньне відэастужкі прызнаньняў Паўлічэнкі. Сп. Лявонаў расказаў мне, што падчас апошняй выбарчай кампаніі яму прапанавалі відэастужкі прызнаньня Паўлічэнкі й расстрэлаў, але ён адмовіўся прыняць іх, думаючы, што гэта была правакацыя спэцслужбаў.

47. Падчас нашай размовы ў Менску сп. Лявонаў таксама наўпрост абвінаваціў прэзыдэнта Лукашэнку ў тым, што той аддаў загад Шэйману. Ён расказаў мне, што Бажэлка паінфармаваў яго аб сустрэчы з прэзыдэнтам, у часе якой Бажэлка, які тады яшчэ быў генэральным пракурорам, пачуў, як кіраўнік паліцыі Лапацік спытаўся ў прэзыдэнта, хто даў яму права забіць генэрала (маючы на ўвазе генэрала Захаранку, першага са зьніклых), пасьля чаго прэзыдэнт, як паведамляецца, не абвергнуў гэты факт, але абвінаваціў тых, хто быў прысутны, што яны падрываюць ягоную ўладу й прымушаюць яго прымаць лекі, пастаянна яго трывожачы.

48. Паводле адвакатаў сем’яў, Мацкевіч і Бажэлка ніколі не былі апытаныя сьледчымі, якія займаліся справамі зьніклых. На мой погляд, гэта яшчэ адно вельмі важкае ўпушчэньне. Сп. Лявонаў ёсьць цікавым “ускосным сьведкам”, але калі б гэтыя дзьве ключавыя асобы загаварылі самі, гэта, вядома ж, найбольш дапамагло б.

7. Кадравыя зьмены на найвышэйшым узроўні сілавых структураў у лістападзе 2000 году

49. Мы былі паінфармаваныя адвакатамі сем’яў і сп. Лявонавым, што 27 лістапада 2000 году генэральны пракурор Бажэлка быў звольнены й заменены сп. Шэйманам, былым кіраўніком нацыянальнага савету бясьпекі. Паводле адвакатаў сем’яў, сп. Шэйман ня меў юрыдычнай адукацыі, калі ён быў прызначаны, хаця закон патрабуе, каб генэральны пракурор быў юрыстам. Сам прэзыдэнт, якога крытыкавалі за гэтае прызначэньне, публічна ўзяў на сябе адказнасьць за гэта.

50. У той жа дзень старшыня КГБ генэрал Мацкевіч быў звольнены. Паводле сп. Лявонава, ён быў аблаяны на тэлебачаньні прэзыдэнтам Лукашэнкам за тое, што арыштаваў палкоўніка Паўлічэнку. Неўзабаве пасьля гэтага кіраўнік паліцыі генэрал Лапацік сур’ёзна захварэў, і гэта скончылася датэрміновым сыходам у адстаўку з прычын стану здароўя.

51. Сем’і зьніклых мяркуюць, што Бажэлка, Мацкевіч і Лапацік былі або звольненыя, або накіраваныя ў адстаўку таму, што яны надта блізка падышлі да праўды ў справах “зьнікненьняў”. Насуперак гэтаму, прэзыдэнцкі прэсавы сакратар патлумачыў 27 лістапада, што кадравыя перастаноўкі часткова былі вынікам прэзыдэнцкай “незадаволенасьці тым, што шмат якія важныя [сьледчыя] справы цягнуліся занадта доўга без апраўданьня”.

52. На мой погляд, хаця незадаволенасьць прэзыдэнта цалкам зразумелая, час кадравых зьменаў, які вельмі блізка супаў з важнымі падзеямі, што мелі дачыненьне да справаў зьнікненьня (напісаныя ад рукі абвінавачваньні генэрала Лапаціка, арышт Паўлічэнкі паводле загаду Мацкевіча й Бажэлкі, паказаньні Алкаева) нарошчвае важкія падазрэньні.

8. Сакрэтны суд над “бандай Ігнатовіча”

53. Пачынаючы з 24 кастрычніка 2001 году, чатырох чалавек (В.Ігнатовіч, М.Малік, А.Гуз і С.Савушкін) судзілі ў закрытым паседжаньні за выкраданьне сп. Завадзкага. Сп. Аксёнчык, адвакат, які прадстаўляе маці Завадзкага, хадайнічаў перад судом, каб дазволіць правядзеньне працэсу ў адкрытым паседжаньні, у чым было адмоўлена. Некалькі запытаў наконт атрыманьня сьведчаньняў, накіраваныя адвакатамі сям’і Завадзкага, былі адхіленыя судом. 14 сакавіка 2002 году чатыры асобы былі асуджаныя на доўгія турэмныя тэрміны за выкраданьне Завадзкага (але не за забойства, бо цела не было знойдзенае) на падставе, сярод іншага, рыдлёўкі з крывёю Завадзкага, знойдзенай у аўтамабілі Ігнатовіча. Асуджаныя, як паведамляецца, працягваюць сьцьвярджаць аб сваёй невінаватасьці, называючы судовы працэс фарсам. Былы генэральны пракурор Бажэлка, як мне распавёў адзін з адвакатаў сем’яў, прысутнічаў на судовым працэсе як сьведка, але збольшага адмаўляўся сьведчыць на падставе палажэньня крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якое дазваляе сьледчым абараняць свае крыніцы.

54. Гэты прысуд быў прадстаўлены мне ў некаторых дэталях міністрам замежных справаў, міністрам унутраных справаў і генэральным пракурорам як частковае разьвязаньне справы Завадзкага.

55. Згодна з абвінавачаньнем, матывам, паводле якога Ігнатовіч і ягоная банда зьдзейсьнілі злачынства супраць Завадзкага, была помста, таму што Завадзкі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ў тым, што той ваяваў у Чачэніі на баку паўстанцаў.

56. Бальшыня маіх суразмоўцаў з боку сем’яў сьцьвярджаюць, што зьнікненьне Завадзкага належыць да той жа лініі зьнікненьняў, што й зьнікненьні Захаранкі, Ганчара й Красоўскага, то бок яно мела падобны палітычны матыў: адплата за “здраду” супраць прэзыдэнта, на якога сп. Завадскі калісьць працаваў як асабісты апэратар, перш чым ён пачаў працаваць супраць прэзыдэнта як журналіст “варожых” мэдыяў.

57. На мой погляд, улічваючы тое, што расстрэльны пісталет ня быў выдадзены прыблізна ў час зьнікненьня сп. Завадзкага, цалкам можа быць, што няма наўпроставай арганізацыйнай сувязі паміж гэтай справай ды іншымі трыма. Магло быць таксама так, што “банда Ігнатовіча” забіла Завадзкага, каб зьвесьці асабістыя рахункі сп. Ігнатовіча з гэтым журналістам, у той час як яе сябры альбо некаторыя зь іх маглі быць паводле супадзеньня далучаныя да нібыта сакрэтнага эскадрону расстрэлаў у іншых выпадках. У любым выпадку, сьцьвярджэньне, зробленае для таго, каб падтрымаць неабходнасьць правядзеньня закрытага судовага працэсу, – што сьведкі будуць у адваротным выпадку баяцца даваць паказаньні, – на мой погляд, не вытрымлівае крытыкі: калі б сьведкі баяліся банды, факт правядзеньня закрытага судовага працэсу не рабіў бы ніякай розьніцы, бо сябры банды былі ў любым выпадку прысутныя падчас суду.

D. Наступствы.

58. Гэта зьяўляецца толькі ўводным мэмарандумам, і я яшчэ не прапаноўваю ніякіх канкрэтных дзеяньняў для прыняцьця Асамблеяй. Я буду вельмі ўдзячны за любыя прапановы, якія могуць зрабіць калегі падчас абмеркаваньня ў камітэце, улучна з тымі, якія могуць запатрабаваць далейшага дасьледаваньня магчымасьці іх рэалізаваць.

59. Шляхам “мазгавога штурму” я пакуль прыйшоў да наступных мажлівасьцяў (без прыняцьця мною рашэньня ў любым выпадку):

Асамблея магла б

– патрабаваць, каб незалежнае расьсьледаваньне было распачатае кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі, пасьля адстаўкі цяперашняга генэральнага пракурора, якога абвінавачваюць у тым, што ён сам арганізаваў зьнікненьні на сваёй папярэдняй пасадзе,

– патрабаваць, каб беларускімі ўладамі было распачатае крымінальнае расьсьледаваньне з мэтай высьветьліць: мажлівую датычнасьць да зьнікненьняў цяперашняга генэральнага пракурора, цяперашняга міністра спорту (былога міністра ўнутраных справаў) і высокапастаўленага афіцэра спэцыяльных сілаў, мажлівае злачынства перашкоджаньня ажыцьцяўленьню правасудзьдзя, учыненае некаторымі іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, якія мелі дачыненьне да расьследаваньня, праведзенага дагэтуль, і якія фальшавалі, прыхоўвалі або прыціскалі сьведчаньні ў іхным распараджэньні дзеля таго, каб абараніць сапраўдных злачынцаў,

– заклікаць парлямэнт Беларусі зрабіць неабходныя дзеяньні што да выканаўчай улады з мэтай ажыцьцяўленьня правасудзьдзя, у тым ліку патрабаваць адстаўкі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў дзеля таго, каб зрабіць магчымым сапраўды незалежнае расьсьледаваньне, і стварыць парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня з адпаведнымі рэсурсамі для гэтага,

– заклікаць дзяржавы-сябры Рады Эўропы ды ўвогуле міжнародную супольнасьць ажыцьцявіць максымум палітычнага ціску на цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку праз санкцыі, да таго часу, пакуль ня будзе праведзенае вартае даверу незалежнае расьсьледаваньне мажлівай датычнасьці высокапастаўленых чыноўнікаў да зьнікненьняў або да іх хаваньня,

– запрасіць суды тых краін, чые законы прадугледжваюць міжнародную юрысдыкцыю іх нацыянальных судоў для справаў сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, распачаць працэдуры супраць некаторых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў за мажлівае забойства паводле палітычных прычын аднаго ці большай колькасьці людзей зь ліку 4 зьніклых асобаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international