Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні акцыі салідарнасці з незалежнымі СМІ і прафсаюзамі

2018 2018-09-06T15:26:24+0300 2018-09-06T15:26:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/minsk-garvykankam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мінскі гарвыканкам. Фота: minsk.gov.by

Мінскі гарвыканкам. Фота: minsk.gov.by

Мінгарвыканкам адмовіў у задавальненні заяўкі на правядзеньне 15 верасня акцыі салідарнасці з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і прафсаюзамі, паведаміў БелаПАН адзін з ініцыятараў мерапрыемства, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Акрамя Рымашэўскага заяўку на правядзенне акцыі падпісалі старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Палітыкі прасілі мінскія ўлады дазволіць дэманстрацыю ад кінатэатра "Кастрычнік" і мітынг каля опернага тэатра.

Інфармацыю аб адмове ў правядзенні акцыі Рымашэўскі атрымаў з Мінгарвыканкаму па тэлефоне, пісьмовую адмову, хутчэй за ўсё, паступіць у панядзелак, 10 верасня. Паводле словаў Рымашэўскага, чыноўнік аргументаваў адмову тым, што пляцоўка ля опернага тэатра не ўваходзіць у пералік месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў.

У пачатку наступнага тыдня аргкамітэт акцыі плануе абмеркаваць рашэнне мінскіх уладаў і выпрацаваць сваю пазіцыю.

Мэтай мерапрыемства называлася «публічная дэманстрацыя салідарнасці з незалежнымі СМІ і прафсаюзамі, у абарону свабоды і законнасці ў Беларусі».

Сем апазіцыйных палітычных партый і арганізацый 24 жніўня прынялі заяву «Аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі», у якім запатрабавалі ад уладаў спыніць палітыку рэпрэсіяў і ціску на СМІ і прафсаюзы. Заяву падпісалі кіраўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі "Зялёныя", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыі БНФ, руху «За Свабоду» і прафсаюза РЭП.

У заяве гаварылася, што беларускія ўлады «мэтанакіравана і няспынна знішчаюць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць». «Пасля знішчэння незалежнай сацыялогіі дзяржава спрабуе запалохаць, разбурыць і ўзяць пад свой кантроль незалежныя медыя, расправіцца з незалежнымі прафсаюзамі, не даць магчымасць з'явіцца новым лідарам», - адзначалі аўтары заявы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства