Свабода слова ў Беларусі: выніковыя лічбы за 2017 год не даюць аптымізму

2018 2018-01-16T17:43:34+0300 2018-01-16T17:59:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bastunec_ageeu_press.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Агееў і Андрэй Бастунец на прэс-канферэнцыі "Сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі ў 2017 годзе"

Алег Агееў і Андрэй Бастунец на прэс-канферэнцыі "Сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі ў 2017 годзе"

16 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прадставіла вынікі аналізу сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі ў 2017 годзе. Падчас яе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і кіраўнік юрыдычнага накірунку арганізацыі Алег Агееў адзначылі рэзкае пагаршэнне становішча правоў журналістаў у параўнанні з некалькімі папярэднімі гадамі. 

Па словах кіраўніка БАЖ, тыя дадзены, якія датычацца сферы свабоды выказвання меркаванняў і якія па выніках года атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, на жаль, зусім не даюць аптымізму.

“Калі праглядзець статыстыку, то ў 2017 годзе мы адзначаем 101 затрыманне журналістаў. Гэта найбольшая колькасць пасля крызіснага 2011 года, калі было зафіксавана 167 затрыманняў. Прычым абсалютная большасць мінулагодніх затрыманняў адбылася ў сакавіку, у перыяд, калі ў краіне праходзілі акцыі пратэсту. І з гэтай колькасці мы адзначаем 12 арыштаў, калі журналістам прыходзілася праводзіць пад вартай да 25 сутак”, - адзначыў Бастунец.

Адначасова з затрыманнямі праваахоўныя органы распачаліся практыку пакарання штрафамі журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі медыя. Прычым пасля сканчэння пратэстнай хвалі такая практыка не спынілася.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

“Колькасць канфліктных сітуацый паміж журналістамі і ўладамі ў 2017 годзе большая, чым за ўсе тры мінулыя гады разам узятыя. Так, з 2014 па 2016 год агулам было 48 штрафаў журналістам за так званую “працу без акрэдытацыі”, а ў 2017 годзе – 69 штрафаў. Агульная колькасць канфліктаў па затрыманнях і штрафах разам – 170”.

Таксама Андрэй Бастунец узгадаў тры крыминальныя справы супраць беларускіх аўтараў, якія супрацоўнічалі з расійскімі выданнямі, у тым ліку і з інфармацыйным агенствам Regnum, і якіх абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці. Гэтыя справы цягнуцца ўжо больш за год і знаходзіцца пад пільнай увагай БАЖ, бо яны непасрэдна звязаныя з правам на свабоду выказвання.

Старшыня БАЖ адзначыў, што ў цэнтры ўвагі арганізацыі таксама знаходзяцца магчымыя змены ў заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі. Паводле Бастунца, хутчэй за ўсё гэтыя змены будуць тычыцца сацыяльных сетак і інтэрнэт-рэсурсаў, аднак ніякіх дакладных звестак пра гэтыя змены БАЖ пакуль не мае.

У сваю чаргу сябра праўлення БАЖ, кіраўнік юрыдычнага напрамку Алег Агееў падвёў вынікі працы арганізацыі за мінулы год. Паводле Агеева, усім журналістам, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, была аказана юрыдычная дапамога.  У 13 выпадках юрыстам БАЖ удалося дамагчыся таго, каб судовыя рашэнні не пагаршалі становішча журналістаў. 

Алег Агееў
Алег Агееў

У планах – далейшае аказанне прававой дапамогі журналістам, якія трапілі ў складаныя сітуацыі. Таксама арганізацыя будзе працаваць у накірунку павышэння прававых ведаў у саміх журналістаў. Асабіста я спадзяюся, што ў 2018 годзе мы не пабачым новай хвалі рэпрэсій, і ў нас будзе магчымасць займацца не толькі абаронай правоў журналістаў, але і распрацоўкай уласных прапаноў па зменах заканадаўства аб СМІ”, - адзначыў Алег Агееў.

Напрыканцы выступоўцы распавялі, што БАЖ і Беларускі Хельсінкскі камітэт падрыхтавалі сумесны зварот у Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай абавязаць заканадаўчыя суб’екты ліквідаваць прабелы ў заканадаўстве, якія зараз дазваляюць беспадстаўна прымяняць артыкул 22.9 КаАП. Зварот будзе накіраваны ў бліжэйшыя два тыдні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства