Любоў Лунёву пакаралі штрафам за “Белсат” паводле паказанняў чыноўніка, які журналістку нават не пазнаў
Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Ганна Буйноўская пакарала 12 студзеня незалежную журналістку Любоў Лунёву штрафам у 980 рублёў па абвінавачанні ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ: падрыхтоўцы матэрыяла для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі.
Па інфармацыі прэс-службы БАЖ, сведкам у справе выступіў намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна Павел Тумас.
— Чыноўнік звярнуўся ў міліцыю з заявай пра тое, што 20 лістапада мінулага года я была на грамадскіх слуханнях. Але самае цікавае, што ў судзе ён не пазнаў мяне і заявіў, што ніколі мяне не бачыў, — распавяла Лунёва прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Аднак гэта не паўплывала на вынік суда. Такім чынам гэта ўжо трэці штраф па арт. 22.9 КаАП, якія атрымала вядомая беларуская журналістка за апошнія некалькі месяцаў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па-ранейшаму настойвае на неправамернасці прыцягнення журналістаў да адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ. Летась такія штрафы журналісты ў Беларусі атрымлівалі 69 раз.