Пракуратура не зацікаўленая праводзіць праверку па факту прымусовай прыборкі лёну

2017 2017-12-14T16:19:23+0300 2017-12-14T17:09:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gomel_uborka_lna_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: Іван Ярывановіч, TUT.BY

Фота: Іван Ярывановіч, TUT.BY

Пракуратура Гомельскай вобласці разглядзела зварот праваабаронцы Валянціна Стэфановіча па пытанні парушэння законнасці і правоў грамадзян пры ўборцы лёну на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Кармянскага, Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў. І нічога не ўгледзела.

“У звароце вы не прыводзіце канкрэтных фактаў парушэнняў Вашых правоў і законных інтарэсаў. Акрамя таго, скаргі ад іншых грамадзян на адзначаных у Вашым звароце пытаннях у пракуратуру вобласці не паступалі. Такім чынам, падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання не маецца”, - пазначана ў адказе за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры вобласці А. Змушка.

Гэта не першы раз, калі пракуратура замест таго, каб разбірацца ў парушэннях працоўнага заканадаўства і прыцягваць да адказнасці службовых асобаў, якія выдаюць незаконныя распараджэнні аб прыцягненні працаўнікоў розных прадпрыемстваў да сельгаспрац, спасылаецца на беспадстаўнасць звароту ад праваабаронцы. Такія ж адказы атрымаў Валянцін Стэфановіч ад пракуратуры Віленскага раёна і Мінскай вобласці, куды звяртаўся па факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы год таму.  

Праваабаронца чарговы раз звяртае ўвагу дзяржаўных органаў, што пры ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства пракурор надзелены правам правядзення праверкі выканання заканадаўства на падставе паведамленняў і іншых дадзеных аб парушэннях законнасці, якія патрабуюць непасрэднага пракурорскага рэагавання (п.3 арт. 27 Закона “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь"). І менавіта са спасылкай на інфармацыю ў СМІ аб фактах грубага парушэння законнасці пісаў сваю заяву Валянцін Стэфановіч, дзе прасіў пракуратуру Гомельскай вобласці правесці праверку па ўказаных у заяве фактах аб магчымых парушэннях законнасці і правоў грамадзян, прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў службовых асобаў Гомельскага аблвыканкама і кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія накіравалі сваіх супрацоўнікаў на працу па прыборцы льну, а таксама прыцягнуць вінаватых да адказнасці і прыняць неабходныя меры, скіраваныя на недапушчэнне падобных парушэнняў у будучым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства