viasna on patreon

Гродна: вылучэнцаў ад ПБНФ і "Справядлівага свету" не ўключылі ні ў абласную, ні ў гарадскую выбарчыя камісіі

2017 2017-11-24T15:57:32+0300 2017-11-24T16:35:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodna1212.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак Гродненскага аблвыканкаму, дзе адбываюцца паседжанні аблсавета

Будынак Гродненскага аблвыканкаму, дзе адбываюцца паседжанні аблсавета

24 лістапада ў Гродна адбыліся адразу два паседжанні па фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій. Прадстаўнікамі Гарадзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў была сфармавана Гарадзенская абласная выбарчая камісія, а на сумесным паседжанні Прэзідыума Гарадзенскага гарсавета і гарвыканкама была ўтворана Гарадзенская гарадская выбарчая камісія.

На паседжанні па ўтварэнні Гарадзенскай абласной камісіі прысутнічаў наш назіральнік Раман Юргель. Паводле яго слоў, на паседжанні, якое цягнулася каля 40 хвілін, ён быў адзіным назіральнікам. Вёў паседжанне Уладзімір Краўцоў, старшыня аблвыканкама.

Усяго на сяброўства ў абласной камісіі прэтэндавалі 16 чалавек. Большасць з гэтых людзей вылучалася двума спосабамі: ад грамадскіх аб’яднанняў і шляхам збору подпісаў. Раман Юргель адзначыў, што кожнага кандыдата абмяркоўвалі персанальна, называлі яго месца працы, пасаду, якую займае, і за кожнага галасавалі асобна.

Галоўным крытэрам адбору прадказальна стаў досвед працы у абласных выбарчых ТВК у мінулыя гады. У выніку з 16 прэтэндэнтаў у склад Гарадзенскай абласной ТВК увайшлі 13 асобаў, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі шматлікіх грамадскіх аб’яднанняў (Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі фонд міру, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, дзяржаўныя прафсаюзы, Гарадзенская арганізацыя ветэранаў). 8 чалавек з гэтых 13 былі ў складзе абласной ТВК падчас леташніх парламенцкіх выбараў.

Не быў ўключаны ў камісію прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Павел Станеўскі. Прычына, па якой яго вырашылі не ўключаць, агучана не была, аднак супраць яго прагаласавалі ўсе 15 прадстаўнікоў аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў. Таксама ў склад камісіі не ўвайшлі дзве жанчыны, якія вылучаліся праз збор подпісаў.

На паседжанні па фармаванні Гарадзенскай гарадской выбарчай камісіі, якое цягнулася 50 хвілін, прысутнічаў назіральнік Віктар Сазонаў.

Дакументы па вылучэнне з склад камісіі падалі 17 чалавек, з іх было абрана 13.

З чатырох чалавек, якія не ўвайшлі ў склад камісіі, два з’яўляюцца прадстаўнікамі апазіцыйных структур. Гэта вылучэнец ад партыі БНФ Чыгір Яўген Аляксандравіч і прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы Свет” Міхальчык Віктар Аляксандравіч.

Паводле слоў Віктара Сазонава, Чыгір мае даволі багаты досвед працы на выбарах, аднак гэтым разам яго не ўключылі ў камісію. Пры гэтым галоўнымі крытэрамі для адбору зноў жа называліся досвед працы на выбарчых кампаніях і дзелавыя якасці кандыдата. У Віктара Міхальчыка былі памылкі ў афармленні пратакола, аднак ён быў уключаны ў спіс і галасаванне па ім вялося. Але вынік усё адно быў адмоўны.

У выніку ў Гарадзенскую гарадскую выбарчую камісію ўвайшлі вылучэнцы ад Камуністычнай партыі Беларусі, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, Гарадзенская арганізацыі ветэранаў, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага саюза жанчын, БРСМ.

Абодва гарадзенскія назіральнікі адзначаюць вельмі нізкую актыўнасць партый і рухаў дэмакратычнага блоку падчас фармавання гарадской і абласной выбарчых камісій. Па сутнасці, адзінага прадстаўніка для ўключэння ў гэтыя камісіі вылучала толькі партыя БНФ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства