viasna on patreon

Мінск: прынцыповую назіральніцу "нейтралізавалі" перад фармаваннем выбаркама Дакумент

2017 2017-11-24T14:47:11+0300 2017-11-24T18:25:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/galasavanne-minsk-garadskala-vybarchaja-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мінская гарадская выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў сфарміраваная ў Мінску 24 лістапада. Фота агенцтва "Мінск-Навіны".

Мінская гарадская выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў сфарміраваная ў Мінску 24 лістапада. Фота агенцтва "Мінск-Навіны".

Мінская гарадская выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў сфармаваная 24 лістапада. У яе склад абраныя 13 чалавек, сярод іх – ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партый.

Назіральніца Валянціна Свяцкая, якая своечасова перадала патрэбныя дакументы для рэгістрацыі ў якасці назіральніка на сумеснае пасяджэнне Мінскіх гарсавета і гарвыканкама па фармаванні камісіі, так і не змагла на яго прабіцца праз усе перашкоды, якія ёй чыніліся ў гэты дзень.

Яшчэ 20 лістапада Валянціна Свяцкая, аддала накіраванне ад БХК на сумеснае паседжанне прэзідыумаў Мінгарсавета і Мінгарвыканкама ў якасці назіральніка. Аднак у сувязі з нейкімі пертурбацыямі ў будынку Мінгарвыканкама (новапабудаваныя бар'еры і загароджы, пост аховы, адсутнасць скрыні для зваротаў і лістоў), Свяцкая звярнулася па тэлефоне ў арганізацыйна-кадравае ўпраўленне з просьбай, каб хто-небудзь падышоў і прыняў вынятку з пратаколу. Да яе выйшла супрацоўніца ўпраўлення, якая ўзяла вынятку і параіла зарэгістраваць яе ў канцэлярыі, але дзеля гэтага патрэбен быў пропуск. Яна паабяцала, што зробіць рэгістрацыю сама.

Праз два дні сайце Мінгарвыканкама пад банэрам "Выбары-2018" з'явілася аб'ява аб тым, што 24.11.2017 г. у 9.00 будзе праходзіць сумеснае паседжанне прэзідыумаў Мінгарвыканкама і Мінгарсавета па стварэнню гарадской выбарчай камісіі. Да пачатку паседжання Свяцкай ніхто і ніякай інфармацыі не перадаў, персанальнага запрашэння яна таксама не атрымала.

Што адбылося далей – распавядае Валянціна Свяцкая.

"24 лістапада ў 8.45 я была ўжо на пасту міліцыі, дзе стаялі две супрацоўніцы вышэйзгаданага ўпраўлення. Я звярнулася да іх, паведаміўшы, што накіраваная ад БХК у якасці назіральніка на сумеснае паседжанне. Яны зазірнулі ў рэгістрацыйны ліст і адказалі мне, што там няма ні майго прозвішча, ні назвы арганізацыі, ад якой я накіравана. Я прадставіла копію выняткі і папрасіла ўдакладніць ў кіраўніцтва упраўлення, на якой падставе мне адмоўлена.

Адна з супрацоўніц паляцела ўдакладняць. Міліцыянт, які стаяў на ўваходзе, патрабаваў мой пашпарт, не гледзячы на тое, што ў спісах я не значылася. Пашпарт я паказала. Вярнуўшыся, супрацоўніца, размаўляючы з кімсці па тэлефоне, паўтарыла тое, што ёй сказалі: "Раз нет в списках, значит не пускать!"

Я папрасіла тэлефон кіраўніка ўпраўлення і тут жа патэлефанавала ў прыёмную. На гадзінніку было ўжо 9.04. На мой зварот, на якой падставе мне адмоўлена, я не атрымала адказу, але тут жа падышоў паставы міліцыянер і прапанаваў мне прайсці на паседжанне.

Было ўжо 9.06. Паседжанне пачалося. Супрацоўніцы мяне супакоілі, што нічога страшнага і што паседжанне будзе адбывацца ў ... 331 пакоі. Калі я паднялася у гэтую залю, там нікога не было... Пачакаўшы яшчэ крыху, я зноўку звярнулася да супрацоўніц, якія вялі рэгістрацыю, дзе ж адбываецца гэта паседжанне. Мне адказалі: "Ой! Это же 31 аудитория!"

Калі я падыйшла да залі паседжанняў, зразумела, што паседжанне ўжо ішло... У залю мяне не пусцілі. Параілі пачакаць ў "перадлазнёвіку", у гэты ж час праз СМС-перапіску супрацоўніца запытвалася ў свайго кіраўніка, што са мной рабіць. Гэтым кіраўніком была начальнік адзела па падрыхтоўцы паседжанняў Наталля Кебікава. Слухаць прыйшлося пад двярыма залы..."

Валянціна Свяцкая. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Назіральніца Валянціна Свяцкая. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Праз 34 хвіліны першая частка паседжання скончылася, менавіта тая, на якой стваралася камісія і на якой абмяркоўваліся прапанаваныя ў склад камісіі кандыдатуры. Валянціну Свяцкую, вядомую сваёй прынцыповасцю і дасведчанасцю ў выбарчых махінацыях, прапусцілі толькі на другую частку паседжання, дзе абмяркоўваліся колькасны склад і назвы акругаў па раёнах.

Пасля сканчэння паседжання Свяцкая звярнулася да кіраўніка упраўлення арганізацыйна-кадравай працы Мінгарвыканкама Ірыны Янушэвіч з пытаннем, на якой падставе не былі ўключаны ў спіс удзельнікаў ні яна, ні арганізацыя, якая яе накіравала. Адказ прагучаў дзіўны:  у сувязі з тым, што БХК гэта даўні "сябар" і добры знаёмы для Мінгарвыканкама, дык яго проста не ўключылі ў спіс. На здіўленне назіральніцы дадалі, што супрацоўніцы, якія рыхтавалі спіс і вялі рэгістрацыю, яшчэ не маюць вопыту і з імі будзе праведзена размова...  На развітанне ў Свяцкай папрасілі прабачэння і запрасілі на наступнае паседжанне па зацвярджэнню тэрытарыяльных раённых камісій, якое павінна адбыцца 4 снежня.

Па інфармацыі агенцтва "Мінск-Навіны", з 15 палітычных партый, зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі, сваіх прадстаўнікоў у склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі вылучылі 8 партый, па адным кожная, што складае 38% ад агульнай колькасці пададзеных дакументаў. Грамадскія аб'яднанні вылучылі 11 сваіх прадстаўнікоў (52%). Грамадзяне шляхам падачы заявы прадставілі 2 кандыдатуры.

У выніку галасавання ў склад камісіі былі абраныя Вера Пракашава (ад Мінскага гарадскога камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»), Ігар Кузьмін (ад Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі), Аляксей Кузьміч (ад Мінскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі), Аляксандр Сцяпанаў (ад мінскай гарадской арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці), Людміла Шыпай (ад Мінскай гарадской арганізацыі РГА "Белая Русь"), Сяргей Клішэвіч (ад Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ»), Ірына Янушэвіч (ад Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»), Таццяна Кот (ад Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі), Таццяна Краўчанка (ад Мінскай гарадской арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў»), Алена Хадыка (ад Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа), Майя Шыхліна (ад Мінскага гарадскога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру»), Дзмітрый Шаўцоў (ад Мінскага гарадскога аддзялення ГА «Беларуская асацыяцыя лекараў»), Людміла Бараноўская (ад грамадзян шляхам падачы заявы).

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства