viasna on patreon

Працэдуры выбарчай кампаніі, інструкцыі для выканкамаў і выбаркамаў застаюцца ранейшымі

2017 2017-11-15T17:25:45+0300 2017-11-15T17:46:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cvk-pasedzannie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паседжанне ЦВК 15 лістапада 2017. Фота: belta.by

Паседжанне ЦВК 15 лістапада 2017. Фота: belta.by

Першае паседжанне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, якое прайшло 15 лістапада, пацвердзіла, што асноўныя працэдуры кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 28-га склікання будуць праходзіць па ранейшых схемах.

На паседжанні ЦВК быў зацверджаны каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па правядзенні выбараў, прынятыя метадычныя рэкамендацыі па працы выбарчых камісій, зацверджаны формы дакументаў, а таксама шэраг пастаноў, якія тычацца, у прыватнасці, такіх працэдур, як утварэнне выбарчых камісій, накіраванне ў камісіі назіральнікаў, збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.

Назіральнік Дзмітрый Чарных, які прысутнічаў на паседжанні, пералічыў асноўныя пытанні па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, якія абмяркоўвалі яго ўдзельнікі.

Як і на парламенцкіх выбарах 2016 года, падчас гэтай выбарчай кампаніі будзе працягвацца практыка абмеркавання кандыдатур у выбарчыя камісіі на паседжаннях выканкамаў, якія фарміруюць гэтыя камісіі. Пры наяўнасцi конкурсу на месца ў складзе камісіі павінны будуць праводзіцца абмеркаванні дзелавых i асабiстых якасцяў кандыдатаў, а таксама рэйтынгавае галасаванне.

Пры абмеркаванні пытанняў назірання ў камісіях акцэнтавалася ўвага на тым, што падчас падліку галасоў назіральнікам павінен быць забяспечаны агляд дадзенай працэдуры, таму сябры камісіі павінны размяшчацца з трох бакоў стала з выбарчымі бюлетэнямі.

Як і падчас парламенцкіх выбараў, на мясцовыя выканкамы ўскладаецца абавязак па інфармаванні грамадскасці аб ходзе правядзення выбарчай кампаніі. У прыватнасці, сайты выканкамаў павінны своечасова прадстаўляць інфармацыю пра час паседжанняў выбарчых камісій, выніках паседжанняў, разгледжаных камісіямі скаргах і т. д. Пералік абавязковых для публікацыі звестак будзе змешчаны ў адпаведнай пастанове ЦВК.

Захоўваецца практыка допуску прадстаўнікоў рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый на паседжанні выканкамаў па фармаванні выбарчых камісій. Такое права будзе ў тых суб'ектаў, чые назіральнікі на момант правядзення паседжанняў выканкамаў будуць акрэдытаваныя ў ЦВК.

Нагадаем, 15 лістапада ў Беларусі афіцыйна стартавала кампанія па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 18 лютага 2018 года.  

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства