Сяргей Будкін судзіцца зь ідэолягамі менскага гарвыканкаму праз забарону канцэртаў

2017 2017-09-13T17:01:29+0300 2017-09-13T17:10:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/budkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Заснавальнік медыйнага праекту “Тузін Гітоў” Cяргей Будкін

Заснавальнік медыйнага праекту “Тузін Гітоў” Cяргей Будкін

Кіраўнік музычнага парталу TuzinFM Сяргей Будкін абвясьціў старт кампаніі «Талакой супраць цэнзуры». У прыватнасьці, заклікаў падтрымаць праект «TuzinFM vs. ідэолягі» на Talaka.by. Пра гэта піша "Свабода"

«Вырашыў перанакіраваць у канструктыўнае рэчышча сваю крыўду, злосьць, абурэньне, бясьсільле ды іншыя адмоўныя эмоцыі ў сувязі з забаронай праводзіць тыя канцэрты, якія хочацца, — кажа Сяргей Будкін. — Ідэолягі памыліліся, не дазволіўшы прэзэнтацыю альбому Алеся Дзянісава ды вызначыўшы ягоны мастацкі ўзровень, ня слухаючы.

І гэта рэальна даказаць у судзе, стварыўшы тым самым прэцэдэнтную справу, пасьля якой і ідэолягі, і сябры мастацкай камісіі будуць больш чульліва разглядаць заявы на канцэрт і паважаць права асобы на творчае самавыяўленьне. А там глядзіш, і патрэба ў іх адпадзе».

Паводле Сяргея Будкіна, прадстаўляць ягоныя інтарэсы ў судзе пагадзіўся менскі адвакат Сяргей Зікрацкі. Для аплаты судовых выдаткаў Будкін вырашыў стварыць яшчэ і прэцэдэнт у беларускім краўдфандынгу — сабраць грошы на юрыдычныя паслугі талакою.

Такім чынам, робіць выснову Сяргей Будкін, падтрымаўшы праект «TuzinFM vs. ідэолягі», абаронцы справядлівасьці змогуць:

— выказаць падтрымку дзейнасьці парталу TuzinFM, які ад 2003 году маніторыць сытуацыю з забаронамі канцэртаў і дамагаецца адмены цэнзуры ў музычнай сфэры;

— выказаць уласнае стаўленьне да практыкі разгляду заяваў на правядзеньне канцэртаў у ідэалягічным упраўленьні Менгарвыканкаму;

— падтрымаць творчасьць гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki);

— падтрымаць творчасьць паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

Сабраныя грошы пойдуць на кампэнсацыю судовых выдаткаў.

Судовае паседжаньне ў справе заплянаванае ў эканамічным судзе Менску на 20 верасьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства