Павал Левінаў апублікаваў вынікі свайго «маніторынгу» ўмоваў адбыцьця арышту

2017 2017-07-21T08:56:47+0300 2017-07-21T09:03:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau-ichu-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Левінаў пасля арышту каля ІЧУ г. Віцебска, 14 чэрвеня 2017 года.

Павел Левінаў пасля арышту каля ІЧУ г. Віцебска, 14 чэрвеня 2017 года.

Праваабаронца Павал Левінаў стрымаў сваё слова. Адпраўляючыся на 15 сутак у ізалятар часовага ўтрыманьня, ён заяўляў, што будзе сядзець ня проста так, а зоймецца вывучэньнем умоваў адбываньня там адміністрацыйнага арышту. І вось надоечы ён разьмясьціў у фэйсбуку  дакумэнт пад загалоўкам «Маніторынг умоваў майго ўтрыманьня ў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкаму».

Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", Левінаў знаходзіўся ў ІЧУ з 31 траўня па 14 чэрвеня ў адпаведнасьці з пастановай судзьдзі Кастрычніцкага раёну Віцебску Іны Грабоўскай ад 17 красавіка. Судзьдзя прысудзіла яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, што прайшлі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка, хаця, паводле праваабаронцы, ніякіх мерапрыемстваў ён не праводзіў, а толькі як прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага Камітэту займаўся маніторынгам іх правядзеньня.

Уласна, сам «маніторынг» ІЧУ складаецца з 9-ці старонак тэксту, на якіх знайшлося месца ня толькі падрабязнаму апісаньню ўмоваў адседкі, але і пралогу, дзе праваабаронца распавядае, як і за што ён сеў, ды эпілёгу ў вершах. Да свайго «маніторынгу» Павал Левінаў далучыў 5 аркушаў розных дадаткаў, празь якія чытач можа азнаёміцца, напрыклад, з распарадкам дня ў камэры ці з мэню на кожны дзень.  

Невядома як, але даведаўся праваабаронца ня толькі пра ўмовы ў камэры № 26 (ён піша, што ўвесь час сядзеў у ёй адзін), але і пра рэчы, якія на ўласныя вочы бачыць ня мог. Так, ён паведамляе, што ў камэры № 30, куды ў якасьці пакараньня зьмяшчаюць парушальнікаў рэжыму ўтрыманьня, паставілі два мэталёвыя ложкі. Таксама апісаў ён, якім нажом і на якой днушцы рэжуцца прадукты ў перадачах перад выдачай іх вязьням, на якой машыне і ў якіх умовах ажыцьцяўляецца перавозка ежы, хто мые посуд – што гэта можа быць ня толькі кухонны супрацоўнік, але і самі сядзельцы зь ліку асобаў, што чакаюць дэпартацыі. Магчыма, пра ўсё гэта распавёў Паўлу Левінаву начальнік ІЧУ, «адмоваў у асабістым прыёме» якім ён «не атрымліваў».

«Знаходжаньне цягам 15-ці сутак у памяшканьні, дзе сьцены ў «шубе», дзе ўнітаз не абгароджаны, ня мае зьліўнога бачка, сядзеньня і крышкі, дзе ня маецца вэнтыляцыі, дзе пастаянна стаіць пах фэкаліяў і мачы, дзе кругласутачна гарыць яркае асьвятленьне, дзе немагчыма адключыць радыёкропку, дзе заядаюць кузуркі, дзе ежа не адпавядае санітарным нормам, раздаецца асобамі, якія ня маюць санітарнай кніжкі, дастаўляецца з парушэньнем элемэнтарных санітарных нормаў, дзе няма магчымасьці прыняць душ раз на сем дзён, ёсьць ня што іншае, як жорсткае нялюдзкае абыходжаньне паводле сэнсу артыкулу 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох», – такую выснову пра ўмовы адбываньня пакараньня ў ІЧУ зрабіў Павал Левінаў.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства