Лю Сяабо: Чалавек, які казаў уладам праўду

2017 2017-07-14T15:17:40+0300 2017-07-14T22:38:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liu-xiaobo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кітайскі праваабаронца Лю Сяабо (1955 - 2017)

Кітайскі праваабаронца Лю Сяабо (1955 - 2017)

“Як вы думаеце, цяпер кітайскія ўлады яго выпусцяць?” Гэтае пытанне гучала зноў і зноў у пранізлівым холадзе ночы ў снежні 2010 года ў Осла. Я толькі што вярнуўся з цырымоніі, на якой Лю Сяабо, зняволены праваабаронца, літаратуразнаўца і бяльмо ў воку кітайскіх уладаў, быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру.

Кранальная цырымонія, якую кітайскія ўлады раз’юшана асудзілі як «фарс», аддала належнае адной простай ісціне: слова не з’яўляецца злачынствам. Свабода выказвання меркавання, як Лю Сяабо сам казаў суду годам раней, з’яўляецца “асновай правоў чалавека, крыніцай гуманнасці і маці праўды”. Суд прысудзіў яго да адзінаццаці гадоў за кратамі.

“На працягу ўсяго свайго жыцця Лю Сяабо дэманстраваў непахісную рашучасць казаць уладам праўду, з поўным разуменнем асабістай цаны, якую, яму, магчыма, прыйдзецца заплаціць”, — сказаў генеральны сакратар Amnesty International Саліл Шэці.

Натхнёны сусветным ушанаваннем яго мужнасці, я аднак ведаў, што сапраўдная бітва толькі пачынаецца: ці здолее міжнародная супольнасць аказаць дастатковы ціск на кітайскія ўлады, каб схіліць іх вызваліць Лю Сяабо?

Ці, можа быць, прынамсі, перавесці яго са змрочнай турмы на паўночным усходзе Кітая, дзе ён адбываў пакаранне, на тую ці іншую форму хатняга арышту? Там ён мог бы быць з сваёй жонкай Лю Сі і лячыцца ў доктара, якога б ён сам мог выбраць.

На працягу ўсяго свайго жыцця Лю Сяабо дэманстраваў непахісную рашучасць казаць уладам праўду, з поўным разуменнем асабістай цаны, якую, яму, магчыма, прыйдзецца заплаціць. Дзеля гэтага ён будзе заставацца крыніцай натхнення для мільёнаў людзей ва ўсім свеце, якія змагаюцца за правы чалавека, з тым каб яны і іншыя маглі карыстацца фундаментальнай свабодай: правам казаць, абмяркоўваць, крытыкаваць, выкрываць несправядлівасць і прыцягваць да адказу тых, хто знаходзіцца ва ўладзе.

Год 1989 стаў паваротным у палітычнай актыўнасці Лю Сяабо. Ён вярнуўся з ЗША ў Пекін, каб адыграць важную ролю ў руху за дэмакратыю. За гэта ён на два гады трапіў у турму. Як ён пазней сказаў: “Проста за публікацыю адрозных палітычных поглядаў і ўдзел у мірным руху за дэмакратыю выкладчык страціў сваю кафедру, пісьменнік страціў права друкаваццца, а інтэлектуал — магчымасць выступаць публічна”. Ён зноў апынуўся ў зняволенні, гэтым разам у працоўна-перавыхаваўчым лагеры, з 1996 па 1999 год. Пасля гэтага ён быў змешчаны пад пастаянны кантроль паліцыі ў сваім доме ў Пекіне.

Не спалохаўшыся, ён працягваў рэгулярна пісаць з’едлівыя і правакацыйныя артыкулы і нарысы, якія востра крытыкавалі палітычную сістэму Кітая і сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, адмаўляючыся выязджаць за мяжу з-за страху, што ўлады не дазволяць яму вярнуцца.

Пры канцы 2008 года да Лю Сяабо звярнуліся яго сябры з просьбай дапамагчы ў стварэнні маніфеста, цяпер вядомага як “Хартыя 08”, які заклікаў да палітычных зменаў у Кітаі. Грунтоўны спіс падпісантаў, у тым ліку выбітныя інтэлектуалы і адстаўныя чыноўнікі, устрывожыў улады. Паспяхова правёўшы Алімпійскія гульні у пачатку года, перад якімі ўлады абавязаліся дамагчыся прагрэсу ў галіне правоў чалавека, урад вырашыў, што можа зрабіць справу Лю паказальнай, не выклікаўшы празмернай міжнароднай крытыкі.

Першапачаткова ён быў затрыманы ў снежні 2008 года, правёў год да суда пад вартай і быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў “падбухторванні да звяржэння дзяржаўнай улады”. Прысуд стаў самым суровым на той час пакараннем па гэтым артыкуле.

Нобелеўская узнагарода для Лю Сяабо. Осла 2010 год. Фота AFP
Пустое крэсла з дыпломам і медалём, якія павінны быць прысуджаны лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Лю Сяабо, стаіць у мэрыі Осла. Фота 2010 г. © AFP

Цяпер мы ведаем адказ на пытанне аб тым, ці падштурхнула б Нобелеўская прэмія міру кітайскі ўрад да выпраўлення жахлівай несправядлівасці, якую ён здзейсніў. Замест таго каб скарыстацца магчымасцю, каб прадэманстраваць сваю выразную прыхільнасць да вяршэнства закона, улады, засаромленыя і збянтэжаныя, вырашылі зрабіць усё магчымае, каб наладзіць інфармацыйную блакаду па ягонай справе.

Яны змясцілі яго жонку, паэтку і актывістку Лю Сі, пад хатні арышт, забаранілі адвакатам Лю Сяабо рабіць любыя захады па яго вызвалення, адхілілі ўсе просьбы наведаць яго ў турме ад дыпламатаў і міжнародных назіральнікаў і выдалілі ўсе спасылкі на яго з той адцэнзураванай часткі інтэрнэта, да якой могуць атрымаць доступ кітайскія грамадзяне.

Але толькі пасля таго, як ён быў пераведзены ў шпіталь з ракам печані позняй стадыі, улады сапраўды паказалі сваю жорсткасць і мсцівасць, фактычна паскараючы яго смерць, адмовіўшы яму ў жаданні лячыцца за мяжой. Яны праігнаравалі заклікі двух замежных спецыялістаў, якім на кароткі час дазволілі наведаць яго ў пачатку ліпеня, аб тым, што Лю Сяабо можна і мусіць быць дазволена выехаць за мяжу.

І, калі цяпер увесь свет не згуртуецца з патрабаваннямі, каб кітайскія ўлады спынілі пераслед яго жонкі Лю Сі, каб ёй дазволілі свабодна перамяшчацца, то яна, верагодна, правядзе рэшту свайго жыцця пад хатнім арыштам у амаль поўнай ізаляцыі.

Хоць гісторыя не будзе да Пекіна ласкавым суддзём, бо, у рэшце рэшт, адзіным лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, які памёр у турме, быў Карл фон Асецкі ў 1938 годзе ў нацысцкай Германіі, замежныя ўрады таксама нясуць сваю долю адказнасці. Іх зменлівасць у абароне правоў чалавека пры наяўнасці эканамічных інтарэсаў, несумненна, дапамагла ўпартасці Пекіна.

У рэшце рэшт, мы ўсе падзяляем некаторую адказнасць за трагічны лёс Лю Сяабо. Ён таксама з’яўляецца суровым урокам, які мы павінны памятаць, аплакваючы цяпер страту гэтага волата правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства