Пагоня на “Газэлі”, спагнанні, пагрозы: шлях да справядлівасці праз пераслед чыноўнікаў Дакумент

2017 2017-06-13T10:35:23+0300 2017-06-19T13:51:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/apeka-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Жыхарка Гомеля Марына К. нават пасля восьмай адмовы Следчага камітэта не губляе надзеі ўзбудзіць крымінальную справу па факце гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару ў СІЗА-3 у дачыненні да яе прыёмнага сына Віталя Г. Менавіта з-за цвёрдага жадання жанчыны аднавіць справядлівасць і пакараць вінаватых, яна адчувае на сябе моцны ціск з боку мясцовых уладаў.  Прычым, яе пераследуюць не толькі па месцы працы (Марына працуе ў якасці прыёмнай маці ў аддзеле адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля): да траўлі жанчыны падлучылася і служба сацыяльнай апекі. Яе прадстаўнікі нават пачалі пагражаць Марыне, што забяруць і яе прыёмных дачок. 

“Газэль” нападае першай

Напачатку траўня яе дзяцей на вуліцы пераследваў невядомы аўтамабіль, дзяўчаты моцна напалохаліся.  

Жанчына, распавядае, што 10-га траўня прыёмная дачка Купрэенка Л. у суправаджэнні старэйшай дачкі вярталася са школы. У гэты час невядомыя на аўтамабілі “Газэль” (як высветлілася пазней – супрацоўнікі органа апекі і апякунства) пачалі пераследваць дзяцей, спрабавалі схапіць малодшую дачку і зацягнуць у аўтамабіль. Яны спалохаліся і хуценька схаваліся ў доме. Толькі праз 50 хвілін Марына атрымала sms-паведамленне, з якога стала зразумела, што службай апекі праводзіцца праверка.

“11-га траўня – распавядае жанчына далей, – мы з дзіцём схадзілі да лекара, пра што папярэдзілі школу. Атрымалі адпаведную даведку. А ўжо на наступны дзень органы апекі звярнуліся з заявай у Савецкі РАУС аб вышуку мяне і дзяцей. Мне патэлефанавалі з інспекцыі па справах непаўнагадовых Савецкага РУУС Гомеля. Я патлумачыла, што дзіця хварэе, што мы звярталіся да лекара, што ў школе пра гэта ведаюць. У адказ пачула: “З боку міліцыі да вас прэтэнзій няма, не ведаем чаму яны паднялі такі шум на пустым месцы”.

tlumachenne-maryna-k-2.jpg
Заява прыёмнай дачкі Купрэенка Л. на дзеянні органаў апекі.

А 12-га траўня дома ў Марыны з’явіліся прадстаўнікі адразу трох устаноў з актамі абследавання жыллёва-бытавых умоў, 13-га траўня таксама быў складзены яшчэ адзін акт, 19-га траўня ізноў з’явілася камісія, якая ў чарговы раз абследвала жыллёва-бытавыя ўмовы, 22-га усё паўтарылася.

Па факце супрацьпраўных дзеянняў супраць дзіцяці Марына адразу падала заявы ў МУС, КДБ, Адміністрацыю Прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя.

Але Марыну адразу папярэдзілі, каб яна тэрмінова напісала заяву аб прыпыненні праверкі па факце супрацьпраўных дзеянняў органаў апекі, і падманным шляхам вымусілі жанчыну падпісаць яе.

maryna-k-skarga-3.jpg
Скрыншот электроннага звароту Марыны К.

“Калі вы толькі пачнеце ўзбуджаць ўсю гэтую справу, то будзе цалкам зваротная рэакцыя

15 траўня начальнік аддзела адукацыі Адміністрацыі Савецкага р-на Гомеля А. Кавалёва праінфармавала Марыну К, што ёй вынесена дысцыплінарнае спагнанне. Маўляў, яна дрэнна выконвае абавязкі прыёмнай маці, пазбягае кантактаў са службай апекі.

У той жа дзень Марына патрапіла на прыём да начальніка Упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С. Парошына. Яна запісала размову з чыноўнікам, пад час якой жанчыне ў ненавязлівай форме прапанавалі формулу паводзін, пры якой “праблем не будзе”:

Парошын: Вы павінны ўсё прыняць - гэта ўсё, што яны [аддзел адукацыі адміністрацыі Савецкага р-на] могуць зрабіць, самае мяккае...  падводзім рысу і пачынаем працаваць зусім па-іншаму, каб не было ніякіх заўваг. Калі вы толькі пачнеце ўзбуджаць ўсю гэтую справу, то будзе цалкам зваротная рэакцыя. Не трэба гэтага рабіць.

Марына К.: Чаму яны, напрыклад, не напісалі праўду, – бо ў маёй працы можна шмат да чаго прычапіцца.

Парошын: бываюць моманты, што лепш прыдзірка, чым заахвочванне. Асабліва ў вашай сітуацыі. Лепей пагадзіцца і працаваць далей.

Марына К.: Згодна з вамі, калі далей не пойдзе…

Парошын: Яно не пойдзе, але калі вы выбіраеце метад абароны, то яно пойдзе далей – калі не будзеце аспрэчваць, то не пойдзе…

Марына К.: Я абараняю сірату. Падтрымкі і прававой дапамогі не аказваецца. Замест таго, што прыдзіркі ўзнікаюць на пустым месцы. Таму што дастаткова было мне патэлефанаваць, каб я прыйшла, а не апавяшчаць мяне праз гадзіну пасля таго, як яны [органы апекі] за дзецьмі ганяліся на “Газэлі”, а проста-каб я на месцы была..

Парошын: Ну, тут вы маеце рацыю ...

Пазней Марына даведалася, што пры вынясенні спагнання менавіта такую фармуліроўку прапанавала пракуратура.

Прыёмная маці ў ролі “абавязанай асобы”?

Часам даходзіць да поўнага абсурду, падаецца, што нейкі невядомы “дырыжор” выкарыстоўвае ўсё новыя і новыя прыёмы, каб прымусіць жанчыну змірыцца і не шукаць вінаватых у гвалце над прыёмным сынам. Вось адзін з прыкладаў.

18 красавіка на мабільны тэлефон жанчыны патэлефанаваў намеснік загадчыка філіяла №12 Гомельскай цэнтральнай паліклінікі У. Раманенка і ў грубай форме загадаў з’явіцца на агляд, паколькі, маўляў, яна з’яўляецца абавязанай асобай. Пры гэтым на аргументы жанчыны, што яна прыёмная маці, і таму ўвогуле не можа быць абавязанай асобай, не звяртаў увагі.

(Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 N 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем'ях” абавязаныя асобы павінны кампенсаваць утрыманне дзяцей у дзіцячых дамах, куды яны змешчаныя па прычыне асацыяльных паводзін бацькоў. У пашпартах такіх асобаў ставіцца адпаведная пазнака).

Марына накіравала электронны зварот у Гомельскую цэнтральную гарадскую паліклініку і праз некалькі дзён ёй паведамілі, што, маўляў, адбылася прыкрая памылка з прозвішчам, што “ён памылкова прыняў Вас за абавязаную асобу, у выніку чаго ўзнікла непаразуменне..” Перад жанчынай давялося выбачацца. Аднак прыёмная маці вымушаная была патраціць свой час і свае нервы, каб даказаць беспадстаўнасць гэтай “памылкі”.

Супраць прыёмнай маці спрабавалі ўзбудзіць крыміналку

З чарговай пастановы Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалтоўных дзеянняў у СІЗА-3 вынікае, што з ініцыятывы намесніка пракурора Гомеля следчыя паралельна праводзілі праверку на наяўнасць у дзеяннях прыёмнай маці злачынства па арт. 400 Крымінальнага кодэксу (Загадзя ілжывы данос). Дзякуй Богу, што перамог розум і следчыя ў гэтым выпадку прынялі адэкватнае рашэнне:

“Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт.400 КК Рэспублікі Беларусі у адносінах да М.К. па факце паведамленняў аб здзяйсненні у адносінах да Віталя супрацьпраўных дзеянняў рознымі асобамі, адмовіць за адсутнасцю складу злачынства”.

А што тычыцца непасрэдна высноваў, да якіх прыйшлі гомельскія следчыя, каб адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, то яны практычна перапісаныя з папярэдніх пастаноў: усе хто ўтрымліваўся з Віталём на той час у камеры СІЗА, дружна і сінхронна тлумачаць, што “ніякіх супрацьпраўных дзеянняў самі не здзяйснялі і не чулі, што гэта рабілі іншыя. Цялесных пашкоджанняў не бачылі”.

Пастанова Гомельскага гарадскога аддзела СК аб адмове ва ўзбужэнні крымінальнай справы
Пастанова Гомельскага гарадскога аддзела СК аб адмове ва ўзбужэнні крымінальнай справы

Юрыст Праваабарончы цэнтр «Вясна» Павал Сапелка ў каментары тэлеканалу БелСАТ адзначыў:

«Праверка, якая праводзілася ў СІЗА, была неаб’ектыўнай. Цялесныя пашкоджанні ў падлетка зафіксаваныя падчас судова-псіхіятрычнай экспертызы, але адказнасці за збіццё ніхто не панёс. Следства не высветліла ўсіх абставінаў, таму няма падставаў не верыць Віталю. І мы цалкам дапускаем, што Віталя гвалцілі з ведама міліцыянтаў. Яны маглі свядома ўчыніць правакацыю, прапаноўваючы сукамернікам хлопца розныя прэферэнцыі. Да таго ж, змяшчаць хворага падлетка ў агульную камеру з дарослымі – гэта яшчэ адно грубае парушэнне».

Нагадаем, падчас аднаго са спатканняў у СІЗА, дзе сямнаццацігадовы падлетак, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, утрымліваўся па падазрэнні ў сэксуальным дамаганні, якое нібыта мела месца ў канцы 2015 года, ён распавёў прыёмнай маці аб тым, што ў камеры яго «ставілі ракам, здымалі штаны і запіхвалі штосьці ў анальную адтуліну». Марына ўбачыла на целе прыёмнага сына сінякі, драпіны, сляды ад цыгарэтных бычкоў на руках.

У сакавіку 2016-га году 16-гадовага Віталя Г. узялі пад варту і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3 па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч.3 артыкула 167 КК. Паўгода раней, у Цэнтры рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзе лекаваўся падлетак, ягоны сусед па палаце паскардзіўся доктару на нібыта сэксуальнае дамагальніцтва і прыставанне з боку Віталя. Бацькі абодвух падлеткаў, паразважаўшы, спісалі гэты канфлікт на фантазіі сваіх дзяцей. Аднак пазней гісторыя набыла нечаканы працяг. 

29 снежня 2016 года адбыўся суд у г. Гомелі, які вынес Віталю Г. прысуд у 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі для непаўналетніх і там жа прызначыў яму лячэнне.

“Асноўныя доказы віны майго прыёмнага сына былі атрыманы ў выніку гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да яго, і мы вельмі спадзяемся, што правядзенне дадатковых праверак і, як следства, ўзбуджэнне крымінальных спраў памяняе сітуацыю», - спадзяецца Марына К.

Зараз прыёмная маці рыхтуецца абскардзіць гэты прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі, а гэта, як бачна, вельмі не падабаецца мясцовым уладам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства