Вярхоўны камісар ААН раскрытыкаваў улады Беларусі за адмову ад супрацы з праваабарончымі механізмамі ААН

2017 2017-06-07T17:39:21+0300 2017-06-07T17:44:41+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/un_hrc-2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org

Вярхоўны камісар ААН Зейд Раад аль-Хусэйн, выступаючы ў Жэневе на адкрыцці 35-й сесіі Савета па правах чалавека, настойліва рэкамендаваў усім дзяржавам не адмаўляцца ад супрацоўніцтва з праваабарончымі механізмамі ААН.

Як паведамляе Цэнтр навінаў ААН, гэтае пытанне Зейд Раад аль-Хусэйн узняў у кантэксце барацьбы з тэрарызмам, заявіўшы, што «тэрарызму неабходна пакласці канец», але пры гэтым «антытэрарыстычныя меры не павінны прыводзіць да грубых парушэнняў правоў чалавека».

Нагадваючы пра неабходнасць супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі, Вярхоўны камісар раскрытыкаваў улады Беларусі, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Эрытрэі, Ізраіля і Ірана за адмову прызнаваць мандат спецыяльных дакладчыкаў ААН.

Галоўны праваабаронца ААН адзначыў, што многія краіны свету адмаўляюцца запрашаць у краіну спецыяльных дакладчыкаў і не прадстаўляюць своечасова справаздачы аб выкананні асноўных дамоваў у галіне правоў чалавека.

Разам з тым Вярхоўны камісар паведаміў, што шэраг дзяржаў у апошнія гады змянілі сваё стаўленне да праваабарончых механізмаў ААН і праяўляюць вялікую гатоўнасць да супрацы. У якасці прыкладу Зейд Раад аль-Хусэйн прывёў Узбекістан, дзе нядаўна пабываў. Разам з тым, ён падкрэсліў, што Узбекістан па-ранейшаму сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека, але кіраўніцтва, як ён мяркуе, «вядзе краіну ў правільным кірунку».

Што да Беларусі, то на бягучай сесіі спецдакладчык Міклаш Харасці, мандат якога ўлады краіны не прызнаюць, прадставіць Савету па правах чалавека даклад па сітуацыі ў краіне. Абмеркаванне гэтага дакладу запланавана на 14 чэрвеня. Пасля ў Савеце па правах чалавека павінна адбыцца галасаванне па пытанні аб падаўжэнні мандата спецдакладчыка па Беларусі, у сувязі з чым беларускія і міжнародныя праваабаронцы з 30 траўня па 1 чэрвеня правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўніцтвамі розных краінаў-сябраў Савета па правах чалавека ў Жэневе, пераконваючы іх ў неабходнасці падаўжэння мандата.

У склад Савета па правах чалавека ўваходзяць 47 дзяржаў. У групы ўсходнееўрапейскіх дзяржаў у гэтым органе шэсць месцаў. У 2017 годзе гэтая група прадстаўлена Албаніяй, Венгрыяй, Грузіяй, Латвіяй, Славеніяй і Харватыяй. У Азіі і Афрыкі - па 13 месцаў, у Лацінскай Амерыкі - восем і ў групы, якая аб'ядноўвае заходнееўрапейскія дзяржавы, ЗША, Канаду і Ізраіль, - сем месцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства