БАЖ заклікае сілавікоў агучыць інфармацыю аб ходзе расследавання "справы патрыётаў" для ўсіх СМІ

2017 2017-05-11T15:19:30+0300 2017-05-11T15:23:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baj-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" звярнулася ў Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру і КДБ з патрабаваннем арганізаваць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў усяго спектру сродкаў масавай інфармацыі і падаць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальных спраў, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс (так званыя “справа “Белага легіёну” і “справа патрыётаў”).

Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь
Наскевічу І. Д.

Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь
Вакульчыку В. П.

Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь
Канюку А. В.

Зварот

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртаецца да вас з заклікам арганізаваць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў усяго спектру сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь і падаць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання крымінальных спраў, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс (так званыя “справа “Белага легіёну”, “справа патрыётаў”).

Гэтым рэзанансным справам былі прысвечаныя матэрыялы некаторых дзяржаўных СМІ (тэлеканалы “Беларусь 1”, СТВ, ОНТ, газета "СБ Беларусь сегодня" і інш.), заснаваныя, як сцвярджалася ў іх, на інфармацыі следства. Пры гэтым, як правіла, не называліся ні аўтары гэтых матэрыялаў, ні службовыя асобы, якія падалі звесткі па крымінальных справах, а самі матэрыялы выглядалі часцяком суб'ектыўнымі і аднабаковымі.

Між тым, прадастаўленне звестак па рэзанансных крымінальных справах павінна быць накіравана на атрыманне грамадзянамі ад дзяржаўных органаў поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, а не яе суб'ектыўнай інтэрпрэтацыі ананімнымі аўтарамі (п. 1 Палажэння аб парадку прадастаўлення звестак па крымінальных справах, звязаных з злачынствамі, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс, і злачынствамі, якія падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады, для асвятлення ў сродках масавай інфармацыі, зацверджанага пастановай Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 01.10.2008 № 59/4/283/49/52).

Звесткі выдаюцца ў тым аб'ёме, у якім не закранаюць правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу, трэціх асоб, якія не парушаюць таямніцы следства, правоў і інтарэсаў іншых асоб, дзяржавы (п. 27 Палажэння). Недапушчальнае прадастаўленне на стадыі дасудовай вытворчасці ў СМІ матэрыялаў крымінальнай справы, якія маюць доказнае значэнне і якія падлягаюць ацэнцы ў судзе (п. 29 Палажэння).

На наш погляд, інфармацыя, якая распаўсюджваецца шэрагам дзяржаўных СМІ па ўказаных вышэй рэзанансных справах са спасылкамі на крыніцы ў органах следства не адпавядае гэтым патрабаванням Палажэння і парушае роўнасць сродкаў масавай інфармацыі, а таксама права грамадзян на атрыманне дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў.

Падобным жа чынам прадастаўляецца ў СМІ і інфармацыя па справе Ю. Паўлаўца, Д. Алімкіна і С. Шыпценкі, якія ўжо больш за чатыры месяцы ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачанні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў матэрыялах, размешчаных на сайтах расійскага інфармацыйнага агенцтва «Регнум» і шэрагу іншых расійскіх СМІ. Гэтая крымінальная справа таксама выклікае грамадскі рэзананс пры мінімальнай афіцыйнай інфармацыі аб ходзе яе расследавання.

У сувязі з выкладзеным просім:

1) У хуткім часе арганізаваць прэс-канферэнцыю (брыфінг, сустрэчу з журналістамі) з удзелам прадстаўнікоў усяго спектру сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь, на якой прадставіць афіцыйную інфармацыю аб ходзе расследавання гэтых крымінальных спраў.

2) У будучым пры расследаванні рэзанансных спраў забяспечваць роўны доступ да значнай інфармацыі сродкам масавай інфармацыі ўсіх форм уласнасці, забяспечваючы тым самым прынцып роўнасці СМІ і празрыстасць дзейнасці дзяржаўных органаў.

Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства