“Вясна” далучылася да закліку аб вызваленні бахрэйнскіх калегаў

2017 2017-04-25T19:25:35+0300 2017-04-25T19:51:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/nabeel_rajab-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сумесным адкрытым лісце на адрас уладаў Бахрэйна праваабарончыя арганізацыі выказваюць сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з пагаршэннем стану здароўя бахрэйнскіх праваабаронцаў Набіла Раджаба і Абдулхадзі аль-Хаваджы, якія адвольна ўтрымліваюцца ў дрэнных умовах у месцах зняволення і пазбаўлены доступу да належнай медыцынскай дапамогі.

Абдулхадзі аль-Хаваджа і Набіл Раджаб, праваабаронцы з Бахрэйна
Абдулхадзі аль-Хаваджа і Набіл Раджаб, праваабаронцы з Бахрэйна

Набіл Раджаб з’яўляецца намеснікам Генеральнага сакратара FIDH і прэзідэнтам Бахрэйнскага Цэнтра па правах чалавека (BCHR), Абдулхадзі аль-Хаваджа — адзін з заснавальнікаў і былы прэзідэнт BCHR.

Стан здароўя 53-гадовага Набіла Раджаба пагоршыўся ў выніку яго ўтрымання пад вартай. 5 красавіка 2017 года ў ваенным шпіталі ў Манаме яму была зроблена аперацыя на адкрытых язвах страўніка. Усяго праз два дні пасля аперацыі сп. Раджаб быў адпраўлены назад у аддзяленне паліцыі горада Заходняя Рыфа, дзе ён большую частку часу знаходзіцца ў адзіночнай камеры. Акрамя таго, сям'і сп. Раджаба было адмоўлена ў праве наведаць яго ў шпіталі. Нарэшце, 8 красавіка 2017 года сп. Раджаб быў дастаўлены ў паліцэйскі шпіталь у машыне хуткай дапамогі з прычыны заражэння раны, якая ўтварылася ў выніку аперацыі. Яго сям'я паведаміла, што “на працягу двух дзён ён знаходзіўся ў брудным адзенні, запэцканым крывёю, і не меў доступу да сродкаў гігіены”, “нягледзячы на глыбокую і адкрытую рану, якая выклікае моцны боль і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе”.

У часе адвольнага зняволення, з 13 чэрвеня 2016 года, Набілу Раджабу быў выстаўлены шэраг палітычна матываваных абвінавачванняў, у выніку чаго яго могуць прысудзіць да 18 гадоў пазбаўлення волі за заахвочванне правоў чалавека ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку сацыяльных медыя. Пры разглядзе аналагічнай справы ў 2013 годзе, Працоўная група па адвольных затрыманнях ААН выявіла, што затрыманне сп. Раджаба было адвольным, дадаўшы, што «нацыянальнае заканадаўства Бахрэйна (...), як здаецца, адмаўляе асобам у асноўным праве на свабоду перакананняў і выказвання меркаванняў». Наступныя слуханні па справе запланаваны на 16 і 17 траўня 2017 года.

56-гадовы Абдулхадзі аль-Хаваджа распачаў “мокрую” галадоўку 12 красавіка 2017 года ў знак пратэсту супраць пагаршэння ўмоваў утрымання і абыходжання з зняволенымі ў турмы, а таксама супраць працягу адвольных арыштаў і зняволення праваабаронцаў краіны. Стан здароўя сп. аль-Хаваджа пагоршыўся ў выніку ранейшых працяглых галадовак, а таксама ад наступстваў катаванняў.

Сп. аль-Хаваджа быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення па палітычна матываваных абвінавачаннях у чэрвені 2011 года. 4 верасня 2012 года Вярхоўны апеляцыйны суд пакінуў у сіле прысуд у дачыненні да яго. Незалежная камісія па расследаванні прыйшла да высновы, што ў час арышту і ўтрымання пад вартай сп. аль-Хаваджа стаў ахвярай катаванняў і бесчалавечнага абыходжання. Ён быў жорстка збіты, у выніку чаго яму зламалі сківіцу, а потым ён правёў два месяцы ў адзіночнай камеры, дзе ён быў падвергнуты жорсткім актам катаванняў. Яму працягваюць адмаўляць у доступе да неабходнай медыцынскай дапамогі, у той час як ён пакутуе ад сур'ёзных ускладненняў у выніку жорсткага абыходжання са зняволеным.

Абодва праваабаронцы атрымалі шырокае прызнанне за сваю працу ў галіне правоў чалавека на міжнародным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Яны ўжо правялі значную колькасць часу ў турме ў адплату за сваю працу ў галіне правоў чалавека і павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя.

Аўтары адкрытага ліста, пад якім падпісаліся FIDH і OMCT - у межах Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў, а таксама 60 рэгіянальных і нацыянальных праваабарончых арганізацыяў з розных краінаў свету, патрабуюць ад уладаў Бахрэйна забеспячэння пры любых абставінах фізічнай і псіхалагічнай недатыкальнасці Набіла Раджаба і Абдулхадзі аль-Хаваджы; іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, паколькі зняволенне абодвух з'яўляецца адвольным і накіравана на спыненне іх мірнай і законнай дзейнасці ў галіне правоў чалавека; спынення усіх формаў іх пераследу, у тым ліку на судовым узроўні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства