Алег Гулак: Нейкія змены ў Выбарчым кодэксе зробяць, але і падставы для крытыкі, відавочна, застануцца

2017 2017-02-01T16:43:32+0300 2017-02-01T17:16:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vyniki_vybarau_12.09.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак на прэс-канфэрэнцыі па падвядзенні вынікаў маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання.

Каардынатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак на прэс-канфэрэнцыі па падвядзенні вынікаў маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання.

Міжведамасная экспертная рабочая група разглядала 31 студзеня рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь. На паседжанні былі агучаныя Прыярытэтныя рэкамендацыі аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі, прадстаўленыя экспертамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

У якасці запрошаных у працы групы прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак. 

– Мы сканцэнтраваліся на асноўных, на наш погляд, праблемах, а менавіта на фарміраванні выбарчых камісій, на працэдуры падліку галасоў і яе празрыстасці, судовага абскарджвання выбарчых спрэчак, на пытаннях надання большых правоў назіральнікам, а таксама звярталі ўвагу на пытанне, якоя выклікае шмат крытыкі – працэдуру датэрміновага галасавання, – адзначыў Алег Гулак.

Кіраўнік БХК, каментуючы  працу Міжведамаснай экспертнай рабочай групы, зазначае, што абмеркаваныя групай прапановы, перш за ўсё, адштурхоўваюцца ад тых праблем, пра якія гаварылася ў Дакладзе БДІПЧ АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў, і спадзяецца, што нейкія высновы будуць зробленыя таксама і з прапаноў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”,  тым больш, што яны шмат у чым пераклікаюцца з прапановамі БДІПЧ АБСЕ.

– Па выніках агульнага абмеркавання і дыскусіі ў мяне склалася ўражанне, што нейкія практычныя крокі будуць зробленыя, але і падставы для крытыкі відавочна застануцца, паколькі на некаторыя выбарчыя моманты мы глядзім крыху па-рознаму. Калі мы гаворым пра тое ж фармаванне камісій, то аб’ектыўна неабходна каб, з аднаго боку, камісіі былі плюралістычныя, а з другога боку трэба захаваць іх дзеяздольнасць. Мы прапаноўвалі больш глыбокае абмеркаванне гэтых пытанняў, што дало б магчымасць улічыць бачанне ўсіх зацікаўленых асоб і выпрацаваць найбольш узважанае рашэнне, – падкрэсліў Алег Гулак.

Праваабаронца не можа пакуль сказаць, якія з абмеркаваных рабочай групай прапаноў будуць перададзеныя прэзідэнту, што з іх застанецца пасля разгляду кіраўніком краіны, і якое даручэнне ў выніку дасць прэзідэнт па распрацоўцы ўжо канкрэтных прапаноў па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс. Гэта, пакуль што, звычайная падрыхтоўчая праца.

Нагадаем, што прапановы па змяненні беларускага выбарчага заканадаўства, выпрацаваныя рабочай групай прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці, партый і экспертаў на аснове рэкамендацый АБСЕ і праваабаронцаў былі накіраваныя дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства