Андрэй Бандарэнка паклёпнічае на турэмную сістэму?

2017 2017-02-01T14:17:27+0300 2017-02-01T14:20:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэя Бандарэнку ў другі раз паставілі на прафілактычны ўлік, як асобу, якая ў лістах паклёпнічае на турэмную сістэму і ставіць пад сумнеў прававыя асновы дзяржаўнасці, паведамляе "Новы Час".

Яшчэ адзін ліст прабіўся праз цэнзурнае сіта ад зняволенага — на адрас яго бацькі. У лісце Андрэй паведамляе, што яму абвясцілі новае спагнанне. 4 студзеня яго выводзілі ў лазню. Па дарозе канваіраў выклікалі па рацыі, і яны, у парушэнне інструкцыі, пакінулі Бандарэнку ў калідоры, а самі сышлі. Побач знаходзіўся іншы асуджаны, які стаў чапляцца да Андрэя з пытаннямі. Разумеючы, што гэта — правакацыя, Бандарэнка не адказваў.

Калі канваіры вярнуліся, то «знайшлі» парушэнне рэжыму: Андрэй не стаяў тварам да сцяны і не трымаў рукі за спінай. Бандарэнка спрабаваў растлумачыць, што ў руках у яго быў пакет з баннымі прыналежнасцямі. Аднак яго тлумачэнні былі адхіленыя, і ў выніку яго пазбавілі чарговага спаткання, якое павінна было адбыцца ў лютым.

З нагоды маючага адбыцца над ім суду (Андрэя Бандарэнку павінны судзіць за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») зняволены паведамляе, што той будзе ў канцы лютага. І вельмі верагодна, што суд адбудзецца на тэрыторыі Магілёўскай турмы. Мэта зразумелая: менш сведкаў — менш уцечкі інфармацыі.

Андрэй Бандарэнка піша, што лісты да яго не даходзяць, і ён сам не ведае, ці прапускаюць яго лісты на волю. Ён прыносіць прабачэнні сваім адрасатам, якія не атрымліваюць ад яго вестак, і ўсім перадае прывітанне.

У той жа час вязень 26 студзеня выкарыстаў права на адзін званок у месяц свайму бацьку. Асноўная навіна: яго паставілі на прафілактычны ўлік — ужо ў другі раз, як асобу, якая ў лістах паклёпнічае на турэмную сістэму і ставіць пад сумнеў прававыя асновы дзяржаўнасці. На думку адміністрацыі турмы, інфармацыйную дзейнасць Бандарэнкі можна расцаніць як дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. У 2005 годзе адпаведны артыкул (369-1) быў уключаны ў Крымінальны кодэкс.

Зразумела, што арганізатары судовага працэсу робяць усё магчымае для таго, каб паказаць злосны характар паводзін Андрэя Бандарэнкі ў перыяд адбывання пакарання ў адзіночнай камеры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства