Генпракуратура давяла справу па факце смерці ў СІЗА №1 Ігара Пцічкіна да суда
Генеральная пракуратура завяршыла расследаванне факта смерці ў СІЗА №1 жыхара Мінска Ігара Пцічкіна. Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, крымінальная справа па прыцягненні ў якасці абвінавачанага фельчара медыцынскай часткі СІЗА №1, афіцэра міліцыі Аляксандра Крылова за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента, неўзабаве будзе накіраваная ў суд.
У траўні 2016 года маці загінулага Жана Пцічкіна, не пагадзіўшыся з пастановай Следчага камітэта аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, узбуджанай па факце смерці сына, звярнулася ў Генеральную пракуратуру, які адмяніў рашэнне СК і прыняў справу да разгляду.
Маці ня верыць у выпадковасць смерці сына ў СІЗА ад спынення сэрца, і хоча, каб трагічны выпадак быў расследаваны, а вінаватыя - пакараныя. Яна дамагалася гэтага тры гады.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка каментуючы рашэнне Генеральнай пракуратуры, адзначае важнасць расследавання фактаў жорсткага абыходжання са зняволенымі.
"Гэта вельмі важнае рашэнне Генеральнай пракуратуры, якое сведчыць аб тым, што жорсткаму абыходжанню са зняволенымі можа быць дадзена належная ацэнка. На жаль, беларускае заканадаўства не прадугледжвае наўпрост адказнасці за жорсткае абыходжанне, тым не менш, паводзіны супрацоўніка СІЗА не застануцца беспакаранымі. На падставе часткі 2 артыкула 162 КК неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.
Да таго часу, пакуль суд не вынесе прысуд, я, вядома, устрымаюся ад ацэнак якасці расследавання, якое праведзена да гэтага Следчым камітэтам, які не ўстанавіў у дзеяннях супрацоўнікаў складу злачынства.
Толькі агалоска, якую атрымаў гэты выпадак, і суправаджэнне справы праваабаронцамі, дазволілі дамагчыся адпаведнага расследавання".
Нагадаем, маці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна працяглы час, з дапамогаю праваабаронцаў “Вясны”, дамагаецца аднаўлення справядлівасці, імкнецца высветліць акалічнасці смерці сына і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, вінаватых у гэтай трагедыі. Яе доўга не дапускалі да азнаямлення з матэрыяламі праверкі па крымінальнай справе. Хоць папярэдняе расследаванне па факце смерці І. Пцічкіна было завершана яшчэ ў студзені 2015 года.
Мінчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на "Валадарцы", дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятару заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, аднак сваякі знайшлі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў і дамагліся ўзбуджэння крымінальнай справы, якая некалькі разоў прыпынялася.