viasna on patreon

Баранавіцкі выканкам адмовіўся змяніць рашэнне, датычнае масавых мерапрыемстваў

2016 2016-06-24T17:05:36+0300 2016-06-24T17:06:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svab-shod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Такі адказ атрымалі 30 жыхароў Баранавіч, якія звярталіся з прапановай па змене рашэння Баранавіцкага гарвыканкама “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Баранавічы”.

Аўтары звароту ўнеслі прапановы наконт таго, каб былі вызначаны адзіныя для ўсіх заяўнікаў месцы ў горадзе, прыдатныя для правядзення масавых мерапрыемстваў як гарвыканкамам, БРСМам, так і іншымі грамадскімі арганізацыямі, партыямі, так і грамадзянамі горада. Яны таксама запатрабавалі адмяніць патрабаванне аб абавязковым заключэнні дамоваў на ахову грамадскага парадку і замацаваць гэта асобным пунктам пісьмова, адмяніць патрабаванне аб дамовах на прыборку тэрыторыі і аказанне медыцынскай дапамогі і прадастаўленні іх адначасова з падачай заявы на правядзенне масавага мерапрыемства.

Актывісты не толькі даслалі прапанову, але і наведалі гарвыканкам, дзе сустрэліся з новым намеснікам старшыні гарвыканкама Аляксеем Гарбузавым. Аляксей Гарбузаў у прысутнасці ідэолага гарвыканкама і юрыста ўважліва выслухаў прапановы ініцыятараў і паабяцаў разабрацца. Заяўнікам здавалася, што іх аргументы былі пераканаўчымі, кажа праваабаронца Сяргей  Гоўша. А малады чыноўнік быў настолькі дабразычлівы і ўважлівы, што вералася -- вынік будзе станоўчым. Тым не менш, у адказе, атрыманым грамадзянамі, паведамляецца, што нічога зменена не будзе: “Паколькі рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 29.12.2014 г. №3778 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Баранавічы і прызнанні страціўшымі сілу некаторых рашэнняў Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта” прайшло юрыдычную экспертызу і зарэгістравана ў нацыянальным рэестры прававых актаў РБ 22.01.2015 г. Пунктам 1 дадзенага рашэння вызначаны месцы правядзення масавых мерапрыемстваў у г. Баранавічы”.У выніку нязгоды чыноўнік прапанаваў скардзіцца ў аблвыканкам.

Паводле Сяргея Гоўшы, адмову заяўнікі намераны абскардзіць у Брэсцкім аблвыканкаме. Затым суд, калі атрымаюць адмоўны адказ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства