Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Праспект нацыянальнага сцяга” у Мінску 14 траўня 2016 года

2016 2016-05-15T15:41:11+0300 2016-05-16T11:20:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ploshcha_stiagu_2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 траўня з 12:00 да 13:10 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску праходзіла акцыя “Праспект нацыянальнага сцяга”, прысвечаная рэферэндуму 14.05.1995 года.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Некалькі дзён папярэдне ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра правядзене 14 траўня акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга". Людзей заклікалі прыйсці з бела-чырвона-белымі сцягамі і ўстаць уздоўж праспекта Незалежнасці.

Вядома, што заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства ў Мінгарвыканкам арганізатары не падавалі.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 14 траўня 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 5 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

І. Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). У удзельнікаў адсутнічала зброя, не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, удзельнікі акцыя не перашкаджалі вольнаму праходу мінакоў і не парушалі правілы дарожнага руху.
  2. Адсутнасць заяўкі і дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства не можа яго абмяжоўваць. Сама існуючая працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 129.93 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2015 год) і дэвальвуе права на мірны сход.
  3. Негатыўнай практыкай з’яўляецца затрыманне журналістаў і складанне пратаколаў падчас мірнага сходу.
  4. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі.
  5. Адмоўным фактар з’яўляецца адсутнасць інфармацыйнай групы ад праваахоўных органаў і адсутнасць камунікацыі праваахоўных органаў з назіральнікамі.
  6. Падчас масавага мерапрыемства па незразумелых прычынах міліцыя перакрыла праспект на працягласці ад Цырку да перакрыжавання з вуліцай Камсамольскай. Часам прапускалі некалькі машын і маршрутныя таксі. Некалькі разоў за час правядзення акцыі па праспекце праехалі машыны камунальных службаў, мыючы асфальт .

ІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

  • Масавае мерапрыемства адбывалася 14 траўня з 12:00 да 13:10, на Кастрычніцкай плошчы, часам частка удзельнікаў рухалася і стаяла ўздоўж праспекта да крамы “Цэнтральны”.
  • Колькасць ўдзельнікаў складала ад 28 да 32 чалавек у розны час. Удзельнікі трымалі бел-чырвана-белыя сцягі на флагштоках і стаялі ланцугом уздоўж праспекта Незалежнасці.
  • Колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана 4 чалавек на самім праспекце, супрацоўнікі ў форме з надпісам “міліцыя” – 8 чалавек, больш 30 чалавек – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСа былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў.
  • Супрацоўнікі праваахоўных органаў у форменнай вопратцы і ў грамадзянскай форме адзення не ішлі на кантакт з назіральнікам, не адказвалі на пытанні, адмаўлялі прыналежнасць да праваахоўных органаў асоб без форменнай вопраткі.
  • З самага пачатку акцыі на месца яе правядзення падышлі супрацоўнікі міліцыі ў форме. Падыходзілі да кожнага ўдзельніка акцыі, прадстаўляліся, пыталі дакументы, якія сведчаць асобу і папярэджвалі аб парушэнні закона і аб тым, што будуць складаць пратакол а адміністрацыйным правапарушэнні. Частка ўдзельнікаў адмаўлялася называць асабістыя дадзеныя і паказваць дакументы. Частка ўдзельнікаў прасіла міліцыянтаў звяртацца да іх на беларускай мове, але ім было адмоўлена.
  • Частка пратаколаў не была складзена поўнасцю на месцы. Намеснік начальніка РУУСа ў цівільнай вопратцы падыходзіў да ўдзельніцы акцыі разам з міліцыянтам і патрабаваў, каб тая прадставіла свае дакументы. Частка ўдзельнікаў атрымала копіі пратаколаў на месцы. Старэйшы участковы інспектар Цэнтральнага РУУС Андалюкевіч Дзмітрый Валер’евіч адразу прызначыў удзельнікам дату і час разгляду справы ў судзе Цэнтральнага і зафіксаваў гэта ў пратаколе. Пры скаладані пратаколаў грамадзянам не былі патлумачаны іхнія правы.
  • Вядома, што пад час акцыі былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП на: Пальчэўскага, Аксаміт, Нікалайчык, Лукашевіча, Аўтоховіча, Мартысевіча, Вінярскага, Кулакова, Дашкевіча, Багінскую, Бальшова, Захарэвіча і іншых. Таксама былі складзены пратаколы па арт. 23.4 КаАП РБ “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў” за адмову некаторых удзельнікаў пакінуць месца масавага мерапрыемства.

  • Прысутнічала не менш 10 прадстаўнікоў СМІ, якія актыўна здымалі акцыю і размаўлялі з удзельнікамі.
  • Прысутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору на асабістым і грамадскім наземным транспарце. Без абмежаванняў працавала метро.
  • У цэлым адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ, але каля 13:00 быў затрыманы журналіст “Радыё Свобода” Алег Груздзіловіч. Яго абвінавацілі парушэнні правілаў дарожднага руху за выхад на праезжую частку. Журналіста хутка пасадзілі ў машыну міліцыі і ўвезлі ў невядомым накірунку.
  • Перашкоды ў працы назіральнікаў не мелі месца. Але ажыццяўлялася актыўная відэаздымка назіральнікаў перад, падчас і пасля масавага мерапрыемства.
  • Не менш 6 супрацоўнікаў ў грамадзянскай вопратцы ажыццяўлялі відэаздымку масавага мерапрыемства.

  • Арганізатары масавага мерапрыемства не былі ніяк абазначаны.
  • Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана. Ужываўся лозунг: “Жыве Беларусь”.
  • Быў заўважаны адзін плакат з надпісам “21 год таму ў нас забралі сьцяг, герб і мову, а праз два тыдні забіраюць і працу”.
  • Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, бела-чырвона-белыя сцяг с Пагоняй, бела-чырвона-белыя стужкі.
  • Удзельнікі раздавалі мінакам бела-чырвона-белыя стужкі, адказвалі на пытанні, камунікавалі са СМІ.
  • Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу.
  • Не было машыны хуткай дапамогі, за Палацам Рэспублікі знаходзіўся аўтазак, на месцы правядзення масавага мерапрыемства знаходзіліся супрацоўнікі камунальных службаў і камунальны транспарт.

Каля 12.40 адзін з удзельнікаў размясціў бела-чырвона-белыя сцягі на слупах уздоўж праспекта Незалежнасці.

У 13.10 усе ўдзельнікі пакінулі месца правядзення масавага мерапрыемства.

ІІІ. Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

  • Спыніць пераслед за ўдзел у мірных акцыях, не ажыццяўляць практыку затрымання журналістаў.
  • Ажыццяўляць камунікацыю з назіральнікамі;
  • Строга выконваць патрабаванні ПВКаАП пры складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства