У Брэсце пададзена заяўка на дэманстрацыю, якую замест 1 мая плануюць правесці пазней

2016 2016-04-18T16:54:34+0300 2016-04-18T16:56:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/brest-pershamaj-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Архіўнае фота. Дэманстрацыя 1 мая 2013 года ў Брэсце.

Архіўнае фота. Дэманстрацыя 1 мая 2013 года ў Брэсце.

Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) накіравала ў мясцовы гарвыканкам заяву на правядзенне дэманстрацыі пад сацыяльнымі лозунгамі.

Як вынікае са зместа заявы, мэтамі дэманстрацыі з'яўляюцца абарона працоўных, сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі; выказванне пратэсту ў сувязі з прыняццем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”; выказванне пратэсту ў сувязі з павышэннем пенсійнага ўзросту; патрабаванне вяртання ў страхавы пенсійны стаж тэрміну службы ў войску, адпачынку па дагляду за дзіцём, вучобы ў вышэйшых навучальных установах, перыяду дагляду за інвалідам першай групы або дзіцём-інвалідам, а таксама за састарэлымі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, атрымання дапамогі па беспрацоўі і інш .; аб'яднанне намаганняў грамадзян у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы. Арганізатары мяркуюць, што дэманстрацыя пройдзе па цэнтральных вуліцах Брэста і збярэ каля 700 удзельнікаў.

Як адзначыла старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП Ганна Канюс, сёлета першамайскую дэманстрацыю было вырашана перанесці на 7 мая з-за праваслаўнага Вялікадня, якая выпадае на адзін дзень з Днём міжнароднай салідарнасці працоўных.

“Сёння мы назіраем, што дзеючая ўлада не здольная справіцца з эканамічным крызісам у Беларусі і перакладае яго наступствы на плечы простых грамадзян. Бюджэт папаўняецца не за кошт развіцця рэальнага сектара эканомікі, а за кошт скарачэння сацыяльных выплат і парушэння гарантый перад грамадзянамі краіны. Таму мы лічым актуальнымі патрабаванні, якія ўзгадалі ў сваёй заяўцы”, - паведаміла Ганна Канюс. Аналагічныя заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў пад сацыяльнымі лозунгамі сацыял-дэмакратамі пададзеныя ў Бярозаўскім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства